Кантэкст: У ліпені 2026 года Еўразвяз стаў найбуйнейшым пакупніком расейскага звадкаванага газу, на яго прыпала амаль палова паставак, паведаміў Цэнтр даследаванняў у галіне энергетыкі і чыстага паветра CREA. Нягледзячы на заявы пра поўную адмову ад расейскіх энергарэсурсаў, Бельгія і Францыя застаюцца найбуйнейшымі пакупнікамі звадкаванага прыроднага газу, а Вугоршчына і Славакія працягваюць закупляць расейскую нафту.
22 жніўня 2026 года ў перадачы «Вакол планеты» на Першым інфармацыйным канале расейскі эканаміст, дырэктар Цэнтру даследаванняў сацыяльнай эканомікі Аляксей Зубец, разважаючы пра зялёны пераход Еўразвязу, звязаў анамальную спёку і засуху ў Еўропе з развіццём ветраэнергетыкі:
«Паўднёвая Еўропа добра гарэла сёлета. Не кажуць, што галоўнай прычынай такой анамальнай спёкі з’яўляецца зялёная энергетыка. То бок у краінах Паўночнай Еўропы пабудавана вельмі вялікая колькасць, некалькі дзясяткаў тысяч ветраных электрастанцыяў. Каля 60 тысяч магутных ветракоў, якія размешчаныя ў Паўночнай Еўропе і ў Паўночным моры. Так званыя афшорныя электрастанцыі, ветраныя. І кажуць, адна з гіпотэзаў навукоўцаў заключаецца ў тым, што гэтыя ветраныя электрастанцыі змянілі кірунак паветраных плыняў у Еўропе. І праз гэта халоднае вільготнае паветра з Паўночнай Еўропы проста не прабівае праз вось гэтыя загароды з ветракоў. І такім чынам парушэнне цыркуляцыі паветраных масаў прывяло да таго, што проста няма дажджоў».
Прыбярэжная зона Паўночнага мора дзякуючы мелкаводдзю і моцным вятрам сапраўды становіцца адным з найбуйнейшых цэнтраў ветраэнергетыкі. Там працуе больш за 100 ветрапаркаў. Цяпер іх магутнасць дасягае 30 ГВт, а да 2050 года павінна павялічыцца прыкладна ў дзесяць разоў.
Навукоўцы як мінімум дзесяцігоддзе вывучаюць, як ветрапаркі ў Паўночным моры ўплываюць на клімат. Два апошнія даследаванні выйшлі незадоўга да эфіру Першага інфармацыйнага каналу.
Ветракі забіраюць энергію ветру, таму за імі яго хуткасць зніжаецца. Кручэнне лопасцяў таксама перамешвае халодныя і цёплыя плыні паветра на рознай вышыні. Калі вялікая колькасць ветракоў засяроджаная ў адным месцы, гэта сапраўды можа ўплываць на надвор’е ў рэгіёне.
Даследаванні паказваюць, што ветрапаркі могуць крыху павялічыць інтэнсіўнасць ападкаў непасрэдна над электрастанцыямі. На сушы ў прыбярэжных раёнах, наадварот, дажджы могуць стаць слабейшымі. Аднак гаворка ідзе не пра ўсю Еўропу, а пра тэрыторыю ў межах прыкладна 60–100 км ад ветракоў.
Навукоўцы таксама змадэлявалі, як сітуацыя можа змяніцца да 2050 года, калі магутнасць ветрапаркаў павялічыцца прыкладна ў дзесяць разоў. Паводле іх разлікаў, колькасць ападкаў на берагавой лініі далей па кірунку ветру можа знізіцца прыкладна на 5%, а ў некаторых месцах — да 18%. Але гэта прагноз для будучыні, калі ветрапаркаў стане значна больш.
Пры гэтым усе заўважныя змены даследчыкі назіралі пры паўднёва-заходнім ветры. Гэта не той кірунак, па якім паветраныя масы рухаюцца ўглыб асноўнай часткі еўрапейскага кантыненту — да Францыі, Італіі або Іспаніі. Туды прыходзяць паўночныя і паўночна-заходнія вятры — тыя самыя вільготныя плыні з поўначы, якім, паводле версіі Зубца, перашкаджае «загарода з ветракоў». Аднак пры гэтых кірунках ветру даследаванні не паказалі заўважнага ўплыву ветрапаркаў. Навукоўцы не вылучалі гіпотэзу пра тое, што ветракі перашкаджаюць паўночным вятрам пранікаць углыб Еўропы, а атрыманыя імі вынікі гэтага не пацвярджаюць.
Акрамя таго, заўважныя змены даследчыкі фіксавалі пераважна восенню і зімой. Летам уплыў ветрапаркаў практычна не праяўляўся.
*Першы інфармацыйны тэлеканал — іншая назва News.by, належыць Белтэлерадыёкампаніі.