Антыфэйк / фактчэк Сёння

Пагрозы Лукашэнку і Пуціну? На СБТБ латвійскаму афіцэру прыпісалі словы гледача

Пра «венесуэльскі сцэнар» спытаў глядач. Яніс Слайдыньш гэтую ідэю не падтрымаў.

У перадачы «Лятучка» на СБТБ заявілі, што афіцэр латвійскай арміі Яніс Слайдыньш нібыта заклікаў ліквідаваць Аляксандра Лукашэнку і Уладзіміра Пуціна. Але ў эфіры TV24 ён казаў адваротнае: такі варыянт прапанаваў глядач, а Слайдыньш адказаў, што гэта «не было б развязаннем».

Кантэкст: 20 жніўня 2026 года Латвія апублікавала спіс кампаніяў, якія працягваюць гандляваць з Расеяй і Беларуссю падчас вайны з Украінай. У яго ўвайшла 171 латвійская фірма, якая экспартуе або імпартуе прадукцыю з гэтых краін. Само па сабе траплянне ў спіс не азначае парушэння санкцыяў, але, на думку ўладаў, спажыўцы, партнёры і іншыя кампаніі маюць права ведаць гэтую інфармацыю, каб вырашаць, ці працягваць супрацу з фігурантамі спісу.

13 жніўня 2026 года ў перадачы «Лятучка» на СБТБ вядоўцы Людміла Гладкая і Яўген Горын абвінавацілі Латвію ў жаданні ліквідаваць Аляксандра Лукашэнку і Уладзіміра Пуціна. Паводле іх слоў, пра гэта нібыта заявіў Яніс Слайдыньш — афіцэр латвійскай арміі.

— Дык вось нядаўна гэты таварыш, спецыяліст па абсалютна ўсіх пытаннях, ён казаў, што трэба, значыць, выкрасці… Варта ліквідаваць прэзідэнтаў Расеі і Беларусі па прыкладзе кіраўніка Венесуэлы і Ірану. Таксама выказаў шкадаванне, што Зяленскі дагэтуль не паставіў іх забойства сваёй мэтай <...>, — сказала Гладкая.

— Вайсковы чыноўнік адной краіны сцвярджае, што мы павінны забіць лідараў іншых дзяржаў, то бок ён гэта робіць адкрыта, — падсумаваў Горын.

Інфармацыю пра тое, што Слайдыньш нібыта прапанаваў ліквідаваць Лукашэнку і Пуціна, распаўсюджвалі «Балтньюз» і іншыя расейскія медыя. «Балтньюз» нават сцвярджаў, што Слайдыньш заявіў пра гатовасць асабіста «ўзяцца за працу». Але гэта фэйк. У эфіры TV24 31 ліпеня такі варыянт прапанаваў не Слайдыньш, а глядач. Ён спытаў, ці нельга «падобным чынам разабрацца» з Пуціным і Лукашэнкам, спасылаючыся на прыклады Венесуэлы і Ірану.

«Мы ведаем, як спрытна Амерыка пазбавілася ад лідара Венесуэлы. І яшчэ ад гэтага вось іранскага святара пазбавіліся даволі хутка. Ці нельга падумаць пра тое, каб падобным чынам разабрацца і з Пуціным, і з Лукашэнкам? Я разумею, што там будзе складаней, але ж можна было б паспрабаваць. І яшчэ вельмі шкада, што Зяленскі ніколі не казаў, што мэта Украіны — фізічна ліквідаваць і Пуціна, і Лукашэнку. З ягоных вуснаў я такога ніколі не чуў», — прагучала ў пытанні.

Слайдыньш гэтую ідэю не падтрымаў. Ён адказаў, што ліквідаванне аднаго лідара не развяжа праблему, таму што гаворка ідзе пра сістэму.

«Ну, гэта не было б развязаннем. Ну, не было б. Гэтая ўлада ў Крамлі трымаецца маналітна. Сыдзе Пуцін, скажам, прыйдзе іншы такі ж мярзотнік на яго месца, так? Там гаворка ідзе пра сістэму. Калі ты гэтую сістэму не паваліш, а гэта могуць зрабіць толькі самі жыхары Расеі, звонку гэтага ніхто не зробіць. Там могуць і лідары. Але, як відаць, лідары зноў з’яўляюцца. Скажам, нейкія, якія з’яўляюцца лідарамі сістэмы. Так што там нічога не будзе такога», — адказаў Слайдыньш.

То бок у эфіры TV24 не было закліку латвійскага афіцэра ліквідаваць кіраўнікоў Расеі і Беларусі. Было пытанне гледача пра такі сцэнар і адказ Слайдыньша, што гэта не стала б развязаннем.

Дашліце інфармацыю, якая выклікае ў вас сумневы — мы праверым
Іншыя публікацыі
Цэркваў больш, а прыхаджанаў... У чым не мае рацыі Азаронак, называючы УПЦ МП «самай вялікай рэлігіяй» ва Украіне
Антыфэйк / фактчэк Цэркваў больш, а прыхаджанаў... У чым не мае рацыі Азаронак, называючы УПЦ МП «самай вялікай рэлігіяй» ва Украіне
Вядоўца СТБ патлумачыў, чаму, на ягоную думку, украінскім уладам варта перастаць «мачыць, знішчаць, гнабіць» царкву Маскоўскага патрыярхату.
17 жніўня 2026 Чытаць
Мы выкарыстоўваем файлы cookie, каб палепшыць ваш карыстальніцкі досвед. Падрабязней
Адхіліць Прыняць