Антыфэйк / фактчэк Сёння

Рост крыміналу і перапоўненыя турмы: як на News.by згушчалі фарбы пра злачыннасць у Нямеччыне

У «Зразумелай палітыцы» распавялі пра крымінальны калапс у «сэрцы і мозгу ЕЗ».

На Першым інфармацыйным тэлеканале распавялі, што Нямеччыну «крымінал ахутвае асабліва хутка і балюча». У доказ прывялі статыстыку пра асуджаных, палітычна матываваныя злачынствы і перапоўненыя турмы. Але частка дадзеных у эфіры не адпавядае рэальнай статыстыцы, а частка пададзеная без важнага кантэксту.

Кантэкст: У Беларусі зніжаецца колькасць злачынстваў. Паводле дадзеных Следчага камітэту, за першую палову 2026 года іх зарэгістравалі прыкладна на 5% менш, чым годам раней. Аднак у параўнанні з мінулым годам тэмпы зніжэння заўважна запаволіліся. Кожнае трэцяе злачынства ў краіне здзяйсняюць у інтэрнэце.

У перадачы «Зразумелая палітыка» на Першым інфармацыйным тэлеканале* 27 ліпеня 2026 года вядоўца Сяргей Гусачэнка, гаворачы пра Нямеччыну, заявіў, што «сэрца і мозг Еўрапейскага звязу крымінал ахутвае асабліва хутка і балюча». Пасля гэтага ў эфіры агучылі статыстыку, якую прадставілі як афіцыйныя дадзеныя.

«Згодна з дадзенымі Міністэрства юстыцыі на момант чэрвеня 2026 года асуджана 147 тыс. чалавек. 21 тыс. — гвалт і напад са зброяй, 14 тыс. — рабаванне і разбой, 43 тыс. — махлярства і маёмасныя злачынствы, 31 тыс. — продаж наркотыкаў, 18 тыс. — сексуальныя злачынствы, 29 тыс. — іншыя артыкулы», — заявілі ў эфіры.

У гэтай статыстыцы няма ні слова праўды. Па-першае, дадзеных па асуджаных за 2026 год і нават за 2025-ты яшчэ няма. Па-другое, у Нямеччыне звычайна асуджаных больш: за год — больш за 600 тыс. чалавек. Пры гэтым гэта нават зніжэнне за апошнія паўстагоддзя, а каля 80% асуджаных атрымліваюць штрафы.

Таму 147 тыс. не могуць быць колькасцю асуджаных за паўгода, як сцвярджалі на Першым інфармацыйным тэлеканале. Верагодна, гаворка магла ісці пра іншую статыстыку — пра людзей, на якіх ёсць ордар на арышт, але якіх паліцыя так і не арыштавала. Такія дадзеныя раскрыў бундэстаг у адказ на запыт партыі «Саюз 90/Зялёныя» (Bündnis 90/Die Grünen) — станам на 1 ліпеня паліцыя вышуквала 148 311 чалавек. Але тады не супадае разбіўка па артыкулах, якую паказалі ў эфіры.

Далей у праграме перайшлі да палітычна матываваных злачынстваў.

«Мы ўзялі толькі самыя маштабныя артыкулы. Але самы масавы артыкул у Нямеччыне — іншы. І аматарам дэмакратыі ён не спадабаецца», — заявіў Гусачэнка.

Пасля гэтага ў эфіры паведамілі, што ў Нямеччыне ў 2025 годзе зарэгістравалі 85,8 тыс. палітычна матываваных злачынстваў.

Гэтая лічба супадае з рэальнай: у Нямеччыне ў 2025 годзе сапраўды зарэгістравалі амаль 86 тыс. палітычна матываваных злачынстваў. Але гэта вельмі шырокая катэгорыя. У яе ўваходзяць розныя парушэнні — ад псавання перадвыбарчых плакатаў і выкарыстання забароненай сімволікі да нападаў на людзей.

У эфіры асобна згадалі пратэсты супраць партыі AfD — правапапулісцкай партыі «Альтэрнатыва для Нямеччыны» (Alternative für Deutschland, AfD).

«Дапусцім, нейкае мерапрыемства калі AfD праводзіцца, нават той жа самы з’езд, які AfD абавязаная, як і любая іншая дэмакратычная партыя, праводзіць мінімум раз на год. Гэта ў нас замацавана ў законе пра партыі. Тым не менш з’язджаюцца з усёй Нямеччыны левыя радыкалы, спрабуюць перашкодзіць законнаму правядзенню з’езду», — сказаў у эфіры запрошаны эксперт Яўген Шміт, дэпутат бундэстагу ад партыі «Альтэрнатыва для Нямеччыны».

Такія выпадкі сапраўды бываюць. Але ў «Зразумелай палітыцы» не сказалі, што кожнае другое палітычна матываванае злачынства ў Нямеччыне здзяйсняюць прыхільнікі правых поглядаў. Гэта амаль утрая больш, чым у прыхільнікаў левых.

Яшчэ адна тэза датычыла нямецкіх турмаў.

«Яшчэ адна афіцыйная прычына праблемаў — недахоп месцаў у папраўчых установах. Нямецкія турмы запоўненыя на 108%. Будаўніцтва новых проста замарожанае ў 9 федэральных землях з 16 — няма грошай. У 2015 годзе ў нямецкіх турмах было каля 70 тыс. месцаў. Да 2026-га насельніцтва вырасла на 5 млн чалавек. Колькасць месцаў у турмах — не», — заявілі ў эфіры.

Але апытанне зямельных органаў юстыцыі, якое вясной 2026 года правяло нямецкае выданне RNDшт, паказала іншую карціну. У цэлым па краіне нямецкія турмы былі запоўненыя на 86%. Толькі ў адной з 16 федэральных земляў запаўняльнасць перавышала 100%, а ў 10 была практычна поўнай. Пры гэтым спецыялісты лічаць поўнай запаўняльнасць ужо вышэй за 85%. Але пра 108% па ўсёй Нямеччыне гаворкі не ідзе.

*Першы інфармацыйны тэлеканал — іншая назва News.by, належыць Белтэлерадыёкампаніі.

Дашліце інфармацыю, якая выклікае ў вас сумневы — мы праверым
Іншыя публікацыі
Мы выкарыстоўваем файлы cookie, каб палепшыць ваш карыстальніцкі досвед. Падрабязней
Адхіліць Прыняць