Кантэкст: У апошні тыдзень ліпеня цана на нафту зноў падскочыла і дасягнула $100 за барэль. Так біржа адрэагавала на абвастрэнне супрацьстаяння ЗША і Ірану, якое паставіла пад пагрозу пастаўкі нафты. Казахстан часова спыніў прапампоўку нафты пасля атак беспілотнікаў па танкерах з ягонай нафтай у Чорным моры 19 ліпеня. Украіна адмаўляе датычнасць да ўдараў, а Казахстан афіцыйна не называе вінаватага.
У праграме «Нашы навіны» на АНТ 20 ліпеня 2026 года, распавядаючы пра супрацьстаянне ЗША і Ірану, паказалі цытату Доналда Трампа. У перакладзе тэлеканалу яна прагучала так:
«Загінулі нашы вялікія патрыёты. Мы засмучаныя і, вядома ж, адпомсцім. Пакуль у Іране яшчэ ёсць запас ракет і дронаў, але мы гэта хутка выправім. Мы плануем больш маштабную вайну, пры гэтым улічваем нашы скарочаныя запасы сродкаў супрацьпаветранай абароны і дальнабойных боепрыпасаў. Мы кантралюем пратоку. Яны нічога не кантралююць. Так што паглядзім, што будзе. Цяпер мы спыняем любыя шанцы на тое, каб у іх з’явілася ядравая зброя», — так агучылі словы амерыканскага прэзідэнта.
Але ў арыгінале Трамп казаў іншае. Інтэрв’ю, якое выкарыстаў АНТ, ён даў пасля прыбыцця на вайсковую базу Эндруз 19 ліпеня.
«Што ж, нам вельмі шкада, але, ведаеце, гэтыя вялікія людзі, гэтыя вялікія патрыёты былі там і змагаліся за тое, каб у Ірану не было ядравай зброі. Іран атрымаў вельмі, вельмі сур’ёзную шкоду. Яны страцілі амаль усё ў вайсковым плане. У іх засталося вельмі мала. У іх ёсць крыху ракет. Ёсць крыху дронаў. Ёсць некаторыя вытворчыя магчымасці, але няшмат. Мы кантралюем пратоку. Яны нічога не кантралююць. Так што паглядзім, што будзе. Але сёння ўвечары мы зноў вельмі моцна па іх ударылі. І мы зрабілі гэта ў гонар, імаверна, трох — хутчэй трох, а не двух — вялікіх патрыётаў», — сказаў Трамп.
У гэтай цытаце няма слоў пра помсту. Няма заявы пра тое, што ЗША плануюць больш маштабную вайну. І няма фразы пра тое, што ў ЗША скараціліся запасы сродкаў супрацьпаветранай абароны і дальнабойных боепрыпасаў. Пры гэтым АНТ змяніў сэнс слоў Трампа пра Іран. У арыгінале ён казаў, што Іран «страціў амаль усё ў вайсковым плане», што ў яго «засталося вельмі мала», а ракет, дронаў і вытворчых магчымасцяў — крыху. У перакладзе АНТ гэта ператварылася ў больш нейтральнае: «Пакуль у Іране яшчэ ёсць запас ракет і дронаў».
У выніку тэлеканал змякчыў апісанне вайсковага становішча Ірану і адначасова пагоршыў становішча ЗША, дадаўшы ў пераклад словы пра нібыта скарочаныя амерыканскія запасы.