Антыфэйк / фактчэк Сёння

Танна — не значыць даступна: на News.by выдалі рэйтынг цэн за рэйтынг даступнасці жыцця

Менск апынуўся ў ліку гарадоў з невысокімі выдаткамі, але па пакупніцкай здольнасці жыхароў ён выглядае заўважна слабей.

У праграме «Галоўны эфір» на Першым інфармацыйным тэлеканале заявілі, што Менск выглядае выключна прывабна па балансе дабрабыту і выдаткаў. У пацвярджэнне прывялі рэйтынг кошту жыцця Numbeo. Але гэты рэйтынг параўноўвае толькі ўзровень цэн. Каб ацаніць, наколькі жыццё ў горадзе даступнае для мясцовых жыхароў, трэба глядзець іншы паказнік — індэкс мясцовай пакупніцкай здольнасці.

Кантэкст: У рэйтынгу гарадоў свету па кошце жыцця Numbeo за 2026 год Менск увайшоў у першую сотню з канца з больш чым 500 гарадоў, то бок апынуўся сярод месцаў з адносна невысокім узроўнем выдаткаў. Numbeo — буйная онлайн-база дадзеных, якая збірае інфармацыю пра кошт жыцця, цэны на тавары і паслугі і іншыя паказнікі на аснове дадзеных карыстальнікаў, а потым разлічвае індэксы і публікуе сусветныя рэйтынгі.

У праграме «Галоўны эфір» на Першым інфармацыйным тэлеканале* 12 ліпеня 2026 года вядоўцы распавялі, што Менску ёсць чым ганарыцца: баланс паміж даходамі і выдаткамі ў сталіцы нібыта ацэньваюць як адзін з самых прывабных на кантыненце.

«Гэта паказаў і новы сусветны рэйтынг ад буйнога аналітычнага сэрвісу, дзе Менск адзначылі як надзейнага эканамічнага партнёра і горад з вельмі даступным коштам жыцця. Эксперты ацанілі больш за 500 мегаполісаў па ўсім свеце. Галоўным крытэрам стаў індэкс штодзённых выдаткаў — ад чэкаў у крамах да камунальных паслугаў. Па гэтым балансе дабрабыту і выдаткаў наша сталіца выглядае выключна прывабна», — заявілі ў эфіры.

Але па балансе выдаткаў і даходаў Менск далёкі ад самых прывабных гарадоў на кантыненце. Першы інфармацыйны тэлеканал пераблытаў два рэйтынгі Numbeo.

Рэйтынг кошту жыцця, у якім Менск заняў 455-е месца сярод больш чым 500 гарадоў, параўноўвае толькі ўзровень цэн: прадукты, транспарт, камунальныя паслугі і іншыя штодзённыя выдаткі. Ён не паказвае, наколькі гэтыя выдаткі адпавядаюць даходам жыхароў.

Для гэтага ў Numbeo ёсць іншы паказнік — індэкс мясцовай пакупніцкай здольнасці. Ён ацэньвае, колькі тавараў і паслугаў жыхары гораду могуць купіць на сярэдні заробак. Менавіта гэты індэкс паказвае даступнасць жыцця для мясцовых, то бок баланс паміж даходамі і выдаткамі.

У гэтым рэйтынгу лідаруе нямецкі Браўншвайг. Менск жа па індэксе мясцовай пакупніцкай здольнасці саступае амаль дзвюм трацінам гарадоў, якія ўвайшлі ў рэйтынг. Яго абышлі Масква, Варшава і многія еўрапейскія гарады, у тым ліку Вільня, Рыга і Таллін. Пры гэтым менчукі могуць дазволіць сабе больш, чым жыхары, напрыклад, Санкт-Пецярбургу, Мілану або Астаны. Іншымі словамі, Менск сапраўды горад з адносна нізкімі цэнамі, але з гэтага не вынікае, што жыццё ў ім гэтак жа даступнае для мясцовых жыхароў.

Рэйтынг кошту жыцця Numbeo пабудаваны на параўнанні ўзроўню цэн у розных гарадах свету з Нью-Ёркам. Нью-Ёрк бярэцца за 100%, а калі індэкс Менску роўны 34, гэта азначае, што той самы набор штодзённых выдаткаў абыходзіцца менчукам прыкладна ў траціну сумы, якую траціць жыхар Нью-Ёрку. Пры гэтым сам Нью-Ёрк у рэйтынгу кошту жыцця займае толькі 12-е месца: у 11 гарадах свету жыць яшчэ даражэй.

Па індэксе мясцовай пакупніцкай здольнасці менчукі з сярэднім заробкам могуць дазволіць сабе каля 70% таго, што могуць дазволіць сабе жыхары Нью-Ёрку. Гэта можа гучаць нядрэнна, калі не ўлічваць, што сам Нью-Ёрк у рэйтынгу балансу даходаў і выдаткаў апынуўся толькі ў сярэдзіне трэцяй сотні гарадоў. То бок у свеце шмат месцаў, дзе цэны і даходы мясцовых жыхароў збалансаваныя лепш.

*Першы інфармацыйны тэлеканал — іншая назва News.by, належыць Белтэлерадыёкампаніі.

Дашліце інфармацыю, якая выклікае ў вас сумневы — мы праверым
Іншыя публікацыі
Мы выкарыстоўваем файлы cookie, каб палепшыць ваш карыстальніцкі досвед. Падрабязней
Адхіліць Прыняць