Антыфэйк / фактчэк Сёння

«Рэзервацыя для ўцекачоў»: як «Шкварка News» стварыла фэйк пра планы ЕЗ і Малдовы

Тэлеграм-канал выкарыстаў падробленую вокладку французскай газеты і змантаванае відэа для пацверджання ілжывай тэорыі.

Што агульнага ў неіснуючага артыкула ў французскай газеце і адрэдагаванага сюжэту малдаўскага ТБ? Абодва «доказы» выкарысталі аўтары тэлеграм-каналу «Шкварка News», каб пераканаць чытачоў: Еўропа плануе ператварыць Малдову ў лагер для ўцекачоў у абмен на субсідыі. 

«Еўропа рыхтуецца ператварыць Малдавію ў рэзервацыю для ўцекачоў. У абмен на субсідыі Малдавія сумесна з ЕЗ рыхтуе праект перасялення ўцекачоў, якія запаланілі Еўропу, на тэрыторыю краіны», — напісалі аўтары «Шкварка News» у посце ад 11 чэрвеня. Па іх словах, менавіта для абмеркавання гэтых планаў напачатку ліпеня ў Малдову прыедуць французскія парламентары. 

Каб падмацаваць сваю тэорыю, яны апублікавалі два «доказы»: вокладку французскага выдання La Tribune з загалоўкам пра перамовы сенатараў з прэзідэнткай Маяй Санду і відэафрагмент з эфіру малдаўскага тэлеканалу, дзе вядоўца расказвае пра планы размяшчэння блізкаўсходніх уцекачоў у рэспубліцы.

Праверка каманды Weekly Top Fake паказала: абодва матэрыялы апынуліся падробкамі.

Выява вокладкі La Tribune датаваная 7 чэрвеня, мае нумар 8112. Загаловак паведамляе: «Група французскіх сенатараў мае намер дамовіцца з прэзідэнтам Санду пра перасяленне ўцекачоў з Францыі ў Малдову ў абмен на фінансавую падтрымку». 

Аднак на афіцыйным сайце выдання матэрыялы выпуску за 7 чэрвеня адрозніваюцца ад пададзеных у тэлеграм-канале. Артыкулу з паказаным загалоўкам у нумары няма.

Аналагічныя сітуацыя з відэазапісам. У другім матэрыяле вядоўца тэлеканалу TV8 кажа:

«Прамысловасць Малдовы ўжо чацвёрты год запар валіцца і амаль вярнулася да ўзроўню 2015 года. <…> Еўрапейскі Звяз гатовы аказаць падтрымку Малдове ў абмен на размяшчэнне ўцекачоў на тэрыторыі рэспублікі. Урад разглядае дадзены варыянт рашэння эканамічных праблем як асноўны. Ужо прапрацоўваецца праграма перасялення блізкаўсходніх уцекачоў на тэрыторыю Малдовы». 

Арыгінальны запіс гэтага эфіру ад траўня 2025 года даступны на ютуб-канале TV8. Да 25-й секунды тэкст супадае з апублікаваным «Шкварка News». Пасля гэтай адзнакі ў арыгінале карэспандэнтка працягвае тэму прамысловасці, а фрагмент пра ўцекачоў у зыходным запісе адсутнічае.

Такім чынам, аўтары «Шкварка News» выкарысталі падробленую вокладку газеты і адрэдагаванае відэа, каб паказаць дыпламатычны візіт як пацверджанне планаў ператварыць Малдову ў «рэзервацыю для ўцекачоў». Характэрна, што аўтары каналу выкарыстоўваюць савецкую назву «Малдавія» замест афіцыйнай «Рэспубліка Малдова».

Дашліце інфармацыю, якая выклікае ў вас сумневы — мы праверым
Іншыя публікацыі
Мы выкарыстоўваем файлы cookie, каб палепшыць ваш карыстальніцкі досвед. Падрабязней
Адхіліць Прыняць