Антыфэйк / фактчэк Сёння

«Канфіскаваць прыватныя зберажэнні грамадзянаў ЕЗ». Як СБ добраахвотныя інвестыцыі ператварыла ў канфіскацыю зберажэнняў

У сацсетках дзяржвыдання змянілі сэнс слоў кіраўніцы Еўракамісіі Урзулі фон дэр Ляен.

«СБ. Беларусь Сёння» паведаміла, што кіраўніца Еўракамісіі Урзуля фон дэр Ляен хоча канфіскаваць прыватныя зберажэнні грамадзянаў ЕЗ. У сацыяльных сетках выдання прывялі яе цытату — сапраўдную, але інтэрпрэтавалі няправільна.

Кантэкст: 1 верасня 2026 года Euronews паведаміў пра прапанову 11 краін ЕЗ адмовіцца ад прынцыпу аднагалосся пры прыняцці вонкавапалітычных рашэнняў. Цяпер агульнае рашэнне можна заблакаваць голасам адной краіны. Прыхільнікі рэформы лічаць, што ў апошнія гады гэты прынцып паралізаваў вонкавую палітыку Еўразвязу. Правам вета асабліва часта карысталася Вугоршчына пры Віктары Орбане. Пасля яго сыходу прыхільнікі рэформы вырашылі дзейнічаць — наступнага шанцу можа не быць: ужо ў наступным годзе на выбарах у Францыі можа перамагчы еўраскептычка Марын Ле Пэн.

29 жніўня 2026 года ў сацыяльных сетках дзяржаўнага выдання «СБ. Беларусь Сёння» паведамілі, што кіраўніца Еўракамісіі Урзуля фон дэр Ляен нібыта хоча канфіскаваць прыватныя зберажэнні грамадзянаў ЕЗ:

«Урзуля фон дэр Ляен заявіла пра жаданне канфіскаваць прыватныя зберажэнні грамадзянаў ЕЗ: “У Еўропы ёсць зберажэнні. На жаль, гэтыя зберажэнні лянівыя. Сёння 10 трлн еўра зберажэнняў хатніх гаспадарак ляжаць на банкаўскіх дэпазітах. І значная частка еўрапейскіх зберажэнняў інвестуецца за межамі нашага кантыненту. Еўропе цяпер трэба накіраваць іх на службу сваім прадпрыемствам. Мы ўжо выклалі на стол прапановы. Разам яны могуць вызваліць да 470 мільярдаў еўра дадатковых інвестыцыяў”».

Цытата фон дэр Ляен сапраўдная. Яна прамовіла гэтыя словы ў канцы жніўня на штогадовай сустрэчы французскіх прадпрымальнікаў у Парыжы. Аднак пра канфіскацыю грошай еўрапейцаў кіраўніца Еўракамісіі не казала. Гаворка ішла пра тое, каб зацікавіць грамадзянаў ЕЗ не толькі захоўваць зберажэнні на банкаўскіх дэпазітах, але і інвеставаць іх у еўрапейскія кампаніі. Еўрапейцы, якія ўжо ўкладаюць грошы ў акцыі, часта выбіраюць амерыканскія, азіяцкія і іншыя замежныя рынкі.

Для гэтага ў 2025 годзе запусцілі праграму «Саюз зберажэнняў і інвестыцыяў». У яе межах краіны могуць мяняць правілы падаткаабкладання і інвеставання. Адна з ідэяў — адмысловыя інвестыцыйныя рахункі, праз якія людзі змогуць купляць акцыі і аблігацыі, у тым ліку на еўрапейскім фондавым рынку, і атрымліваць падатковыя льготы на даходы ад такіх інвестыцыяў. Канкрэтныя ўмовы кожная краіна вызначае самастойна.

Напрыклад, Польшча ўжо прыняла закон аб інвестыцыйных рахунках, па якіх прыбытак не абкладаецца 19-працэнтным падаткам на даходы ад капіталу. Разлік будуецца на тым, што чалавек зможа больш зарабіць на інвестыцыях і затым рэінвеставаць частку атрыманых грошай.

Пра канфіскацыю зберажэнняў у праграме не гаворыцца. Наадварот, Еўракамісія падкрэслівае, што людзі змогуць укладаць свае грошы, толькі калі пажадаюць. Не азначае канфіскацыю зберажэнняў і названая фон дэр Ляен сума ў €470 млрд. Паводле разлікаў Еўракамісіі, столькі дадатковага фінансавання змогуць штогод прыцягваць еўрапейскія кампаніі.

Дашліце інфармацыю, якая выклікае ў вас сумневы — мы праверым
Іншыя публікацыі
«Розніца проста гіганцкая». На дзяржТБ, параўноўваючы колькасць валанцёраў у Беларусі і ЕЗ, у добраахвотнікі запісалі ўсіх сябраў БРСМ
Антыфэйк / фактчэк «Розніца проста гіганцкая». На дзяржТБ, параўноўваючы колькасць валанцёраў у Беларусі і ЕЗ, у добраахвотнікі запісалі ўсіх сябраў БРСМ
У самім БРСМ валанцёрамі называюць менш за 10% яго сябраў, а сярод еўрапейскай моладзі валанцёрствам займаліся 17% апытаных.
05 верасня 2026 Чытаць
Мы выкарыстоўваем файлы cookie, каб палепшыць ваш карыстальніцкі досвед. Падрабязней
Адхіліць Прыняць