Антыфэйк / фактчэк Сёння

«Яны прапануюць знішчыць грамадства». На Беларускім радыё сказілі даследаванне пра ўстойлівае развіццё планеты

Навукоўцы пісалі пра добраахвотнае планаванне сям’і. У эфіры гэта ператварылі ў план па скарачэнні чалавецтва.

На Беларускім радыё абмеркавалі публікацыю Daily Mail пра даследаванне, аўтары якога звязваюць рост насельніцтва Зямлі з павелічэннем выкідаў, спажывання энергіі, ужывання пестыцыдаў і пластыкавых адкідаў. Вядоўца Максім Харын прадставіў высновы навукоўцаў як прапанову знішчыць грамадства дзеля рэсурсаў планеты. Але ў даследаванні гаворка ішла пра іншае.

Кантэкст: Daily Mail 29 ліпеня апублікавала артыкул пра даследаванне, аўтары якога лічаць, што рост насельніцтва Зямлі да больш чым 11 млрд чалавек да 2100 года прывядзе да цяжкіх наступстваў. Паводле іх ацэнкі, гэта можа амаль удвая павялічыць выкіды CO₂, спажыванне энергіі і ўжыванне пестыцыдаў, а аб’ём пластыкавых адкідаў — у чатыры разы ад цяперашняга ўзроўню. Навукоўцы лічаць, што паступовае скарачэнне колькасці насельніцтва на працягу наступных 200 гадоў дапамагло б забяспечыць дастатковую колькасць рэсурсаў для ўсіх.

У эфіры Першага нацыянальнага канала Беларускага радыё 6 жніўня 2026 года вядоўца Максім Харын заявіў, што заходнія навукоўцы прапануюць знішчыць грамадства.

«Вось вам Беларусь, якая думае пра тое, як накарміць людзей. І вось вам іншая частка свету — не сказаць, што частка свету, таму што святла там, па-мойму, няма, — якая думае пра тое, як скараціць насельніцтва планеты для таго, каб захаваць рэсурсы планеты. А тут яшчэ такі парадокс атрымліваецца: яны прапануюць знішчыць грамадства дзеля рэсурсаў планеты. То бок рэсурсы планеты, па сутнасці, патрэбныя грамадству для таго, каб можна было жыць, і: “Давайце захаваем рэсурсы і пры гэтым знішчым грамадства”», — сказаў Харын.

Такая выснова не вынікае з даследавання. У ім гаворка ішла не пра гвалтоўнае скарачэнне насельніцтва і не пра знішчэнне ўжо жывых людзей, а пра паступовае зніжэнне нараджальнасці без прымусу. Аўтары гаварылі пра планаванне сям’і, даступную кантрацэпцыю, адукацыю і пашырэнне магчымасцяў жанчын. Цяпер у сярэднім у свеце на адну жанчыну прыпадае 2,2 дзіцяці, і гэты паказнік апошнім часам скарачаецца. Даследчыкі прапануюць да 2050 года знізіць яго да 1,75 і потым утрымліваць на гэтым узроўні.

Іншымі словамі, навукоўцы прапануюць не знішчаць людзей, а паступова зніжаць нараджальнасць. Гэта прынцыпова розныя рэчы. У Беларусі, дарэчы, нараджальнасць ужо развіваецца ў тым жа кірунку, пра які гавораць аўтары даследавання.

Іншыя публікацыі
Мы выкарыстоўваем файлы cookie, каб палепшыць ваш карыстальніцкі досвед. Падрабязней
Адхіліць Прыняць