Антыфэйк / фактчэк 22 красавіка

Фэйкі ад Белрадыё: пенсіянеры ў Літве на мяжы выжывання, а чвэрць латвійцаў адмовілася ад аўтамабіляў

У эфіры Першага нацыянальнага канала Беларускага радыё слова ў слова паўтарылі фэйк СТБ.

У эфіры Першага нацыянальнага канала Беларускага радыё заявілі, што ў Латвіі шточацвёрты жыхар адмовіўся ад асабістага аўтамабіля з-за дарагога паліва, а літоўскія пенсіянеры апынуліся на мяжы выжывання. Аднак у першым выпадку гаворка ішла толькі аб скарачэнні падарожжаў, а ў другім — не аб пражыткавым мінімуме, а пра параўнанне пенсіяў з разліковым коштам жыцця па метадалогіі Numbeo.

Кантэкст: Іран адмаўляе, што бярэ плату з судоў за праход праз Хурмузскую пратоку, хоць раней у медыях зʼяўляліся паведамленні пра планы ўвесці такі збор, а прадстаўнік іранскага парламенту прызнаваў, што такія намеры існуюць і ўжо пачалі рэалізоўвацца. На фоне крызісу вакол пратокі выраслі цэны на паліва — не толькі ў Еўропе, але і ў Беларусі.

У Латвіі апытанні паказалі, што падаражэнне паліва пакуль не прывяло да масавай адмовы ад машын, хоць частка аўтаўласнікаў сапраўды скараціла падарожжы. У эфіры Першага нацыянальнага канала Беларускага радыё так прадставілі рэакцыю латвійцаў:

«У Латвіі чвэрць жыхароў рэспублікі на фоне высокага кошту паліва адмовіліся ад выкарыстання асабістых аўтамабіляў. Яны змушаны дабірацца да працы на грамадскім транспарце ці пешкі», — расказалі ў навінавым выпуску 7 красавіка 2026 года.

Апытанне пра змену ў паводзінах аўтамабілістаў банк Citadele супольна з даследчым агенцтвам Norstat Latvija правялі ў сакавіку 2026 года. Удзел у ім узялі больш за тысячу жыхароў Латвіі. Гаворка ў ім ішла не пра адмову ад аўтамабіляў, а пра тое, што кожны чацвёрты ўласнік машыны скараціў падарожжы на асабістым транспарце. Палова апытаных, наадварот, нічога не змяняла ў сваіх паводзінах, нягледзячы на ўзрост цэн на паліва.

Следам у выпуску навін прагучала такое цверджанне:

«Пенсіянеры ў Літве апынуліся на мяжы выжывання, пішуць мясцовыя медыі. Штомесячных выплат бракуе нават на самыя сціплыя патрэбы. Памер дапамогі складае толькі 85% ад пражыткавага мінімуму».

Першакрыніца гэтай інфармацыі — тэлеканал СТБ, на радыё яе паўтарылі слова ў слова. Гаворка ішла пра глабальнае даследаванне пенсіяў, якое падрыхтавала кампанія Moorepay. У ім памер дзяржаўных пенсіяў у розных краінах параўноўвалі не з пражыткавым мінімумам, а з ацэнкай кошту жыцця паводле дадзеных парталу Numbeo. Метадалогія Numbeo уключае не толькі базавыя траты, але і шырэйшы набор выдаткаў — прыкладам, таксі, паходы ў рэстаран, абанемент у фітнес-клуб і іншыя артыкулы, якія не заўсёды можна прыраўноўваць да самых сціплых патрэб.

Прыкладам, па разліках Numbeo, для жыцця ў Беларусі трэба больш за $540 на чалавека ў месяц. Афіцыйны пражыткавы мінімум для пенсіянераў у краіне пры гэтым значна ніжэй — каля $120, а сярэдняя пенсія знаходзіцца паміж гэтымі значэннямі — прыкладна на ўзроўні $370.

Сітуацыя ў Літве выглядае лепш, чым гэта апісалі на радыё. З новага года сярэдняя пенсія па старасці там складае €750. Гэтага хопіць, каб перакрыць і афіцыйны мінімум патрэб, і сярэдні кошт жыцця па разліках Numbeo.

Далей у эфіры дадалі

«Пры гэтым, паводле дадзеных Еўрастату, з 39 еўрапейскіх краін у 20 пенсія не дасягае мінімальнага ўзроўню. Самыя цяжкія ўмовы зафіксаваны ў Грузіі, Малдове і Албаніі, а сярод дзяржаў Еўразвязу ў ліку аўтсайдараў апынуліся ўсе краіны Прыбалтыкі і Кіпр».

І тут змяшалі розныя паказнікі. У даследаванні краіны дзялілі на тыя, дзе дзяржаўнай пенсіі хапае на пакрыццё сярэдняга ўзроўню выдаткаў па разліках Numbeo, і тыя, дзе яе для гэтага недастаткова. У «чырвонай зоне» сапраўды апынуліся і краіны Балтыі. Аднак гэта не азначае, што пенсіянеры там знаходзяцца на мяжы выжывання ці што пенсія не дацягвае да афіцыйнага мінімуму.
Грузія, Албанія і Малдова сапраўды апынуліся напрыканцы спіса. Беларусі ў гэтым рэйтынгу не было. Аднак калі б яе ўключылі ў параўнанне па той жа логіцы, яна апынулася б ніжэй за Літву — бліжэй да канца спіса, перад Малдовай. Па разліках даследнікаў, беларускай пенсіі хапіла б толькі прыкладна на палову сярэдніх выдаткаў для жыцця. Гэта значыць, што ў рамках таго ж даследавання Беларусь выглядала б горш, чым Літва, якую ў эфіры прадставілі як краіну, дзе пенсіянеры нібыта ледзь выжываюць.

Іншыя публікацыі
Мы выкарыстоўваем файлы cookie, каб палепшыць ваш карыстальніцкі досвед. Падрабязней
Адхіліць Прыняць