Антыфэйк / фактчэк Сёння

Беларусь можа зарабіць на вайне на Блізкім Усходзе? Што прапанаваў экс-дэпутат Савіных і чаму гэта не спрацуе

Госць АНТ дапусціў, што Менск можа выкарыстаць сітуацыю на рынку ўгнаенняў.

У перадачы «Абʼектыўна» на АНТ патрэбу перамоваў Беларусі з ЗША патлумачылі ў тым ліку магчымасцю зарабіць на двухразовым узросце цэн на ўгнаенні. Каманда Weekly Top Fake высветліла, што гэта перабольшанне: пасля пачатку вайны з Іранам калій амаль не падаражэў, а заўважны ўзрост закрануў перадусім азотныя ўгнаенні.

Кантэкст: У перадачы «Азаронак. Наўпрост» на тэлеканале СТБ вядоўца Рыгор Азаронак і публіцыст Юры Церах паспрабавалі абгрунтаваць зняцце амерыканскіх санкцый з беларускага калію тым, што Вашынгтону нібыта прасцей дамаўляцца з Менскам, чым з Масквой. Каманда Weekly Top Fake патлумачыла, чаму такая логіка не працуе: абмежаванні датычылі менавіта беларускіх калійных кампаній, тады як расейскі калій пад амерыканскую забарону не падпадаў і працягваў паступаць у ЗША нават у гады санкцый супраць Беларусі. Больш за тое, за гэты час Расея нарасціла экспарт сваіх калійных угнаенняў, а самі ЗША па-ранейшаму галоўным чынам залежаць ад таннейшых дастаў з Канады.

Працягваючы тэму калію і перамоваў з ЗША, на тэлеканале АНТ у перадачы «Абʼектыўна» 25 сакавіка 2026 года паспрабавалі патлумачыць, навошта Беларусь увогуле вядзе такі дыялог. Па версіі былога дыпламата і дэпутата, а цяпер намесніка старшыні ЛДПБ Андрэя Савіных, у Менску тут перадусім прагматычная эканамічная цікавасць.

«Калі мы зможам прасунуць, ужываючы глабальную сітуацыю, нейкія свае эканамічныя інтарэсы, у тым ліку продаж [калійных] угнаенняў… А як мы ведаем, з-за вось гэтага канфлікту [на Блізкім Усходзе] цэны цяпер на гэтыя ўгнаенні выраслі ў свеце ўдвая», — заявіў ён.

Пасля пачатку вайны з Іранам цана на калій амаль не вырасла. У сакавіку яна заставалася прыкладна на тым жа ўзроўні, што і ў лютым. Калі ж глядзець дынаміку за год, узрост склаў каля 6%, а не 100%.

Крыніца: IMARC Group

Пры гэтым за час дзеяння санкцый супраць беларускага калію Расея, наадварот, нарасціла экспарт сваіх калійных угнаенняў прыкладна на траціну: з 9,6 млн тон у 2020 годзе да 13,3 млн тон у 2025-м.

Пасля пачатку вайны мацней падаражэлі не калійныя, а азотныя ўгнаенні — перадусім бязводны аміяк і мачавіна. Але і там гаворка ішла не пра двухразовы скок, а пра ўзрост да 50%. Прычына такога падаражэння ў тым, што вытворчасць азотных угнаенняў залежыць ад газу. Пасля блакавання Хурмузскай пратокі, што паставіла пад пагрозу пастаўкі газу, цэны на яго выраслі, а ўслед за імі падаражэлі і азотныя ўгнаенні.

Беларусь працягвае гандляваць азотнымі ўгнаеннямі, абыходзячы санкцыі супраць «Гродна Азоту». Іх купляюць краіны Еўразвязу, у тым ліку Польшча, Чэхія і Нямеччына. Але абʼёмы гэтых паставак несупастаўныя з калійнымі, а ў ЗША значных паставак няма.

Андрэй Савіных маю рацыю ў адным: вольны продаж калію выгадны беларускай эканоміцы. Але цверджанне пра тое, што з-за канфлікту ўгнаенні нібыта падаражэлі ўдвая і Беларусь зможа на гэтым асабліва выйграць, не адпавядае сітуацыі на рынку калію.

Дашліце інфармацыю, якая выклікае ў вас сумневы — мы праверым
Іншыя публікацыі
Мы выкарыстоўваем файлы cookie, каб палепшыць ваш карыстальніцкі досвед. Падрабязней
Адхіліць Прыняць