Чатыры гады незалежныя медыі не публікавалі інтэрв’ю з Аляксандрам Шакуціным. Калі журналіст БРЦ патэлефанаваў яму ў рамках новага расследавання, замест прамых адказаў ён 20 хвілінаў сыходзіў ад пытанняў і некалькі разоў скажаў факты, адначасова аспрэчыўшы чуткі пра тое, што пасля страты «Амкадору» адышоў ад справаў. Паколькі ў асноўны тэкст увайшла толькі частка сказанага, мы публікуем гэтую размову з невялікімі скарачэннямі і фактчэкінгавымі ўстаўкамі, каб чытач мог сам ацаніць шчырасць аднаго з самых вядомых беларускіх бізнесоўцаў.
Аляксандр Шакуцін — фігурант расследавання БРЦ «Сапраўды таленавіты бізнесовец». Як канфіскацыя «Амкадору» стала «залатым парашутам» для Шакуціна. На пачатку 2025 года яго бізнес‑імперыю падзялілі на дзве часткі: холдынг «Амкадор», даведзены да разарэння, цяпер кантралюе дзяржава, другая частка засталася ў руках бізнесоўца і яго сям’і, што дазваляе ім далей зарабляць на брэндзе. Аляксандр Шакуцін, яго сын і жонка валодаюць прынамсі чатырма заводамі, якія пастаўляюць на «Амкадор» запчасткі і крытычна важныя кампаненты, а таксама як мінімум дзевяццю фірмамі, якія прадаюць і абслугоўваюць амкадораўскую тэхніку ў Расеі. У цэлым Шакуціны валодаюць або звязаныя з 24 юрыдычнымі асобамі, якія працягваюць зарабляць на холдынгу «Амкадор».
Уладальнік маленькай долі
Ігар Кулей: Добры дзень, мяне завуць Ігар Кулей, <...> я пішу вялікі аналітычны артыкул пра «Амкадор». Мы збіраем гісторыю за апошнія два гады пра тое, што адбылося з прадпрыемствам.
Аляксандр Шакуцін: Ігар, не буду я адказваць ні на адно пытанне.
Ігар Кулей: А чаму?
Аляксандр Шакуцін: Чытайце на БелТА, там усё напісана. <...> На ўсе пытанні адказы ёсць.
Ігар Кулей: Вы ведаеце, не на ўсе пытанні там ёсць адказы. Я ведаю, што [новы генеральны дырэктар кіруючай кампаніі холдынгу «Амкадор» Аляксандр] Яфімаў выдаў распараджэнне пра тое, каб весці перамовы са «Спамашам» (кампанія належыць сям’і Шакуціна: бізнесовец валодае 26%, яго сын Аляксандр 50%, жонка Марыя 24% — рэд.) [*] [*] наконт перадачы доляў у «Амкадоры» і пра выкуп вашай расейскай [дылерскай] сеткі. [*] І вось няма там адказу на гэтае пытанне: абмяняліся вы долямі, выкупляюць яны ў вас расейскую сетку?
Аляксандр Шакуцін: Трэба да першакрыніцы звяртацца. Калі гэта Яфімаў, тэлефануйце Яфімаву, Яфімаў на ўсе пытанні вам адкажа.
Ігар Кулей: Так, я яму таксама буду званіць. Але хацеў і ў вас спытаць.
Аляксандр Шакуцін: Навошта? Ён усё ведае. Я нічога не ведаю, а ён усё ведае, на ўсё адкажа. Ён кіраўнік «Амкадору». Ён разумны.
Ігар Кулей: А вы кіраўнік і пакуль што ўладальнік расейскай [дылерскай] сеткі, напалову з вашай жонкай. Дарэчы, а чаму вы ў снежні [2025 года] на яе перапісалі частку вашай тавараправодзячай расейскай сеткі? [*] [*]
Аляксандр Шакуцін: Я не поўны ўладальнік сеткі. Гэта не праўда абсалютна. Я толькі суўладальнік асобных кампаніяў.
Ігар Кулей: Яшчэ да снежня 2025 года вы былі адзіным уладальнікам [расейскай дылерскай сеткі]. А цяпер вы, па-мойму, на яе (жонку — рэд.) перапісалі «Амкодор-Бел» (Журналіст памыліўся: жонка бізнесоўца Марыя Шакуціна стала адзінай уладальніцай ТАА «Амкодор-Центр», іншай фірмы з расейскай дылерскай сеткі. «Амкодор-Центр» у сваю чаргу належаць яшчэ дзве кампаніі — ТАА «Амкодор Юг» і ТАА «Итам Рамаш». — Рэд.)
Аляксандр Шакуцін: Каб было зразумела: сетка была і застаецца ў кіраванні «Амкадору». «Амкадор» кіраваў сеткай і цяпер кіруе, таму я нічога не ведаю. <...> Я не адзін уладальнік, а [ёсць іншыя] ўладальнікі. Таму, хто кажа, што [я] уладальнік, гэта не зусім карэктна гучыць. Сёння сетка належыць прыватнікам. Не толькі мне. Мне толькі маленькая долька.
Абвяржэнне: Гэта часткова праўда, Аляксандр Шакуцін і яго жонка валодаюць долямі як мінімум у дзевяці расейскіх кампаніях, якія займаюцца выпускам, продажам і тэхнічным абслугоўваннем тэхнікі «Амкадор», але часткай фірмаў яны валодаюць на 100%.
«Я не ў тэме»
Ігар Кулей: Раскажыце наконт «Амкадор-Пінск». Я ведаю, што пасля таго, як на пачатку 2025 года акцыі кіруючай кампаніі холдынгу [«Амкадор»] былі перададзены [з прыватнай уласнасці сям’і Шакуціных] дзяржаве, [*] [*] «Амкадор-Пінск» (адзін з найбуйнейшых заводаў пад брэндам «Амкадор» — рэд.) усё роўна заставаўся на «Наванэпе» [*] (ТАА «Наванэп» на 50,2% належыць Аляксандру Шакуціну, 48,8% у роўных далях належаць жонцы і сыну бізнесоўца, яшчэ 1% належыць ТАА «ПМІ Інжынірынг» — рэд.). Нібыта толькі ў лістападзе, папраўце мяне, калі я не маю рацыі, яны (акцыі — рэд.) перайшлі Міністэрству прамысловасці (пра гэта БРЦ даведаўся з тэлефоннай размовы з намеснікам дырэктара «Амкадор-Пінск» Сяргеем Кухнаўцом — рэд.).
Аляксандр Шакуцін: «Пінск» працуе, як і працаваў — паспяхова, развіваючы мадэльны шэраг і павялічваючы аб’ём вытворчасці. Гэта класнае прадпрыемства. Адно з лепшых у краіне. <...> Класная тэхніка, добрая, найвышэйшая ў іх якасць і прадпрыемства выдатнае.
Ігар Кулей: Але вы ўсё-такі не адказалі на маё пытанне наконт таго, што ён («Амкадор-Пінск» — рэд.) крыху пазней [чым астатні холдынг] адышоў дзяржаве. У выніку чаго?
Аляксандр Шакуцін: Я, калі шчыра, я не ў тэме, я несвядучы ў гэтых пытаннях.
Ігар Кулей: То бок, вы не ведаеце, як з «Наванэпам» адбываўся абмен? Вы ж уладальнік «Наванэпу».
Аляксандр Шакуцін: Я не ведаю. Гэта праблемы «Наванэпу». Не, я не ўладальнік «Наванэпу».
Абвяржэнне: Гэта няпраўда, Аляксандр Шакуцін з’яўляецца мажарытарным уладальнікам ТАА «Наванэп», яму належыць кантрольная доля ў 50,2%. [*] [*]
Затрыманне «Шрэдынґера»
Ігар Кулей: Была інфармацыя, што ў кастрычніку мінулага года вас затрымалі на 72 гадзіны. Гэта праўда? (Пра гэта 10 кастрычніка 2025 паведаміла «Наша Ніва». Ананімная крыніца выдання сцвярджала: «Пакуль адзінае, што можна сказаць, гэта што справу вядзе Дэпартамент фінансавых расследаванняў». 11 кастрычніка 2025-га «Наша Ніва» дапоўніла навіну інфармацыяй, што Шакуціна затрымалі 7 кастрычніка, але ўжо праз 72 гадзіны бізнесовец выйшаў на волю. — Рэд.)
Аляксандр Шакуцін: Вы нават час палічылі?
Ігар Кулей: Так, была інфармацыя, што вас затрымалі на 72 гадзіны, пасля чаго адпусцілі.
Аляксандр Шакуцін: Не чуў пра гэта.
Ігар Кулей: Проста ў дні, калі вы знаходзіліся ў СІЗА, на «Амкодор-Онего» памяняўся дырэктар. (ТАА «Амкодор-Онего» — расейскае машынабудаўнічае прадпрыемства ў Карэліі, якое займаецца вытворчасцю лесанарыхтоўчай тэхнікі. Пасля пераходу холдынгу «Амкадор» пад дзяржаўнае кіраванне ўладальнікамі «Амкодор-Онего» сталі ў роўных далях Аляксандр Шакуцін і беларуская дзяржава. [*] [*] [*] Пры такой структуры ўласнасці замена дырэктара, тэарэтычна, патрабуе подпісу абодвух уладальнікаў. — Рэд.)
Аляксандр Шакуцін: Вы па непацверджанай інфармацыі гаворыце пра нешта, разумееце. Таму мне складана сказаць. Я не магу пацвердзіць інфармацыю, якую сам не ведаю. Ні аспрэчыць, ні пацвердзіць таго, чаго не ведаю. <...> Мяне некалькі разоў абвінавачвалі ў маім сыне, так, у тым, што, гэта самае... Сын нешта рабіў. Потым, калі я пачаў разбірацца, аказваецца, цёзка па прозвішчу ёсць. У мяне ў Менску ёсць цёзка па прозвішчу мой, таксама Шакуцін А.В.
Ігар Кулей: Так, усё ж вы не скажаце наконт затрымання? Не можаце гэта ніяк пракаментаваць?
Аляксандр Шакуцін: Я не чуў пра гэта, калі шчыра гаварыць.
Ігар Кулей: Але ў прэсе бачылі гэта?
Аляксандр Шакуцін: Я працую, а не чытаю прэсу.
Ігар Кулей: Проста мне нават цікава, вось уявіце, прэса піша, што вас затрымалі?
Аляксандр Шакуцін: Я нават рэсурсу не ведаю.
Ігар Кулей: А вы выходзіце і кажаце: «Ніхто мяне не затрымліваў. Я вось тут, вось ён я».
Аляксандр Шакуцін: Я не ведаю, пра што вы гаворыце, пра якое затрыманне.
Ігар Кулей: Я ўжо зразумеў. Я вам задаю пытанні, вы ад іх ухіляецеся. <...> Пра тое, што вы на жонку перапісалі частку расейскай сеткі, вы не адказваеце мне да канца. А па дакументах гэта ж відаць — яна стала ўладальніцай.
Аляксандр Шакуцін: Я не ведаю, дзе жонка акцыі знайшла. Мне складана гаварыць. Я нават паняцця не маю. Калі яна валодае чымсьці, мне не кажа. Хавае ад мяне. Сціплая абсалютна. Вось бачыце, аказваецца, чымсьці валодае. Я пра гэта не ведаў. Сёння спытаю, чым яна валодае.
Ігар Кулей: Можаце ў яе пацікавіцца на гэты конт.
Аляксандр Шакуцін: Ведаеце, як бабруйскі габрэй? Прыйшлі вобшук рабіць у габрэя. Каля сабачай будкі знаходзяць трохлітровы слоік з каштоўнасцямі. «Твае?» «Я не ведаю, — кажа, — адкуль сабака прынесла і закапала. У яе і спытайце». (Рэдакцыя БРЦ лічыць гэты жарт антысеміцкім, які падтрымлівае стэрэатыпы. Тым не менш мы пакінулі яго ў тэксце, каб захаваць кантэкст і аўтэнтычнасць размовы з Аляксандрам Шакуціным. — Рэд.)
Каментар рэдакцыі: БРЦ датэлефанаваўся да Марыі Шакуцінай, яна адмовілася ад каментароў і папрасіла накіроўваць усе пытанні мужу.
Залаты парашут
Ігар Кулей: Многія лічаць, што вам пашанцавала, <...> што вы выйшлі даволі паспяхова з усёй гэтай гісторыі з «Амкадорам», што холдынг перайшоў пад кіраванне дзяржавы, а ў вас засталася частка дылерскай сеткі і прадпрыемствы, якія ажыццяўляюць пастаўкі на «Амкадор», у тым ліку «Салео», «Проді», «Эластамер»... (У холдынг «Салео» ўваходзяць два прадпрыемствы па выпуску гідраўлічных кампанентаў, якія ставяць на большасць машынаў «Амкадор». СТАА «Проді» вырабляе для іх пластыкавыя элементы кабінаў і экстэр’ераў. ЗАТ «Амкадор-Эластамер» займаецца вытворчасцю гумовых вырабаў, у тым ліку для тэхнікі «Амкадор». — Рэд.)
Аляксандр Шакуцін: Там мяне няма. Вы мне называеце кампаніі, у якіх мяне няма.
Ігар Кулей: А з якога моманту вас там няма?
Аляксандр Шакуцін: Я там і не быў.
Абвяржэнне: Гэта няпраўда, ва ўсіх трох фірмах кантрольныя долі знаходзяцца ў руках Аляксандра Шакуціна і яго сям’і: «Амкадор-Эластамер» — праз кампанію «Спамаш», [*] СТАА «Проді» — праз «Амкадор-Эластамер» і «Амкадор-Спамаш», [*] [*] «Салео» — кіруючая кампанія холдынгу праз ТАА «Наванэп». [*] [*] [*]
Ігар Кулей: Я маю на ўвазе, што не асабіста вы. Я ведаю, што вы не асабіста, але праз вашыя…
Аляксандр Шакуцін: Безнаяўна, ці што?
Ігар Кулей: Праз вашыя іншыя фірмы. Праз вашыя іншыя кампаніі вы там былі.
Аляксандр Шакуцін: Ігар, такія пытанні, на якія я нават не ведаю, пра што вы гаворыце. Дзе вы такой інфармацыі накапалі левай? Не разумею.
Ігар Кулей: Усё ж па дакументах. Я вам тэлефаную ўдакладніць гэта.
Аляксандр Шакуцін: Хто што казаў, я не ведаю, на базары шмат чаго кажуць. <...> Ігар, хто гэта кажа, ён самы вялікі дурань. «Амкадор» — адна з самых паспяховых кампаній нашай краіны. Кампанія, якая правяла цалкам мадэрнізацыю ўсіх заводаў. Кампанія, якая сёння выпускае прадукт ліквідны, які сёння адпавядае сусветнаму стандарту. І калі крыху яшчэ галаву і сілы прыкласці, то яна будзе выпускаць і па якасці, і па сабекошце нармальныя прадукты. І гэта адно з самых паспяховых прадпрыемстваў. Таму хто што кажа, гэта, ведаеце, няхай куды-небудзь засунуць свой язык.
Ігар Кулей: Я не спрачаюся, што яно выпускае добрую і запатрабаваную прадукцыю. Калі ёсць кліенты, значыць яна запатрабаваная. Але як тады так атрымалася, што акцыі давялося аддаць дзяржаве?
Аляксандр Шакуцін: Ігар, я не ведаю нічога, што вы гаворыце, але я проста магу сказаць адно. Ведаеце, як сказаў Маякоўскі? Калі зоркі запальваюць, значыць гэта камусьці патрэбна. Ведаеце такое крылатае выказванне?
Ігар Кулей: Ну а ў дадзеным выпадку, каму трэба? Таму што вы сказалі афарызмам, а я не да канца разумею, каму гэта тады трэба.
Аляксандр Шакуцін: Усё, што ні робіцца, усё робіцца да лепшага.
Ігар Кулей: А ў выніку гэтай гісторыі вам атрымалася лепш?
Аляксандр Шакуцін: Мне заўсёды добра. Я працую на прэзідэнта і працую на краіну. Таму што б я ні рабіў, я быў і застаюся тым, хто працуе на будучыню нашай краіны. І цяпер працягваю паспяхова працаваць, ствараць новыя заводы, ствараць новыя прадукты ў інтарэсах дзяржавы.
Ігар Кулей: А якія новыя заводы? Можаце распавесці? Мне цікава. Я б напісаў пра гэта.
Аляксандр Шакуцін: О-о-о, не. Я не хачу чутак, а то зноў хтосьці нешта скажа.
Ігар Кулей: Ну, цікава ведаць.
Аляксандр Шакуцін: Да канца года тэлефануйце, распавяду. Тады ўбачыце. <...> Я не сяджу, склаўшы рукі, незалежна ад свайго ўзросту я працую на дабро прэзідэнта і беларускай эканомікі.
Ігар Кулей: А гэта цяжкая прамысловасць? Як «Амкадор» профіль прыблізна?
Аляксандр Шакуцін: Я, каб вы разумелі, камерцыю не разумею. Я не працую дзеля грошай. Я працую дзеля таго, каб у Беларусі з’явіліся новыя прадукты. <...> Гэта заводы, якія вырабляюць прадукцыю для нашай краіны. Імпартазамяшчальную, экспартаарыентаваную, навукаёмістую. Там, дзе патрэбны інтэлект. Для мяне гэта цікава. Ствараць нешта новае для Рэспублікі Беларусь.
Ігар Кулей: А ствараеце прадпрыемства на пазычаныя сродкі?
Аляксандр Шакуцін: Ну, калі б у мяне былі свае, было б прасцей. Так даводзіцца з пазычаных. Калі ў вас ёсць грошы, калі ласка, міласці прашу, давайце будзем разам ствараць.
«Увесь свет на вушах стаіць. А Беларусь нашая развіваецца…»
Ігар Кулей: І ўсё ж, тыя, хто сочаць за эканамічнымі навінамі ў нашай краіне, кажуць, што Аляксандр Шакуцін вельмі мякка прызямліўся. Вось як каты, калі падаюць, прызямляюцца мякенька на чатыры лапкі. Хаця ёсць гісторыя з крэдытамі «Амкадору» і з незадаволенасцю з боку тых, хто пазыкі даваў, можа быць, з боку дзяржавы. І кажуць: Чыж, Мураўёў — вось яны адсядзелі, у іх усё забралі, іх гісторыя не такая шчаслівая, як у Аляксандра Шакуціна. А вы лічыце, што ваша гісторыя скончылася хэпі-эндам, у адрозненні ад пералічаных мною людзей, буйных бізнесоўцаў? Ці не?
Каментар рэдакцыі: Юрый Чыж — адзін з самых уплывовых набліжаных да ўлады беларускіх бізнесоўцаў 2000-х. Яго ключавымі актывамі была група кампаній «Трайпл», якая займалася нафтай, будаўніцтвам, лагістыкай, рытэйлам, фармацэўтыкай, рэстаранным бізнесам. У 2016 годзе яго затрымалі, ён стаў фігурантам крымінальных справаў, пасля чаго ў выніку судовых разглядаў, даўгавых пазоваў і банкруцтваў страціў кантроль над бізнес-імперыяй «Трайпл» і пазбавіўся ключавых актываў.
Аляксандр Мураўёў — буйны беларускі прадпрымальнік, вядомы як «шкляны кароль» Беларусі. Яго ключавымі актывамі былі завод «Мотавела» і шкляны завод «Елізава». У 2015-м ён апынуўся пад следствам па эканамічных абвінавачаннях. У выніку Мураўёў страціў кантроль над «Мотавела» і іншымі актывамі, яго асудзілі на 11 гадоў.
Аляксандр Шакуцін: Каб вы разумелі, «Амкадор» за апошнія паўтара года пабудаваў пяць новых заводаў у нашай краіне. Калі хто-небудзь яшчэ пабудаваў пяць заводаў, пакажыце мне за апошнія гады, пакажыце пальцам. Калі хтосьці лічыць, што крэдытная нагрузка павялічылася. Калі ты будуеш новае прадпрыемства, натуральна, крэдытны аб’ём павялічваецца — яно аўтаматычна ідзе. Хто што кажа, вы ведаеце, я чутак не слухаю нават. І нават вашы пытанні, я іх не ўспрымаю як сур’ёзныя пытанні. Хто, што, дзе сказаў? <...> Гэтым людзям не сачыць трэба, а працаваць. А то ўсе сочаць, толькі ніхто не працуе. Трэба закасваць рукавы і працаваць на эканоміку і на дабро краіны. А сачыць — гэта іншыя органы ёсць. Занадта шмат назіральнікаў і спадарожнікаў. Мала хто што хоча зрабіць. Разумееце? Таму трэба памяняць філасофію людзей, каб яны думалі пра працу. Яны сёння пагружаныя ў нейкія плёткі і чуткі, замест таго, каб пагрузіцца ў нармальную стваральную працу. <...> Ну, што мне — каментаваць чуткі.
Ігар Кулей: Вы ж таксама адназначна не адказваеце. Я вас пытаюся пра затрыманне на 72 гадзіны, а вы кажаце: «Я не чуў». Вы не адказваеце адкрыта «не, не было такога, не затрымлівалі мяне», а кажаце, што вы не чулі.
Аляксандр Шакуцін: Я кажу вам, як насамрэч. Я не чуў такога. Як яшчэ можна адказаць на гэтае пытанне.
Ігар Кулей: «Не, такога не было, не затрымлівалі мяне».
Аляксандр Шакуцін: Я — дыпламат. Нават адпрацаваў 5 гадоў дыпламатам, консулам, таму ў мяне дыпламатычная праца, і я, адпаведна, яшчэ статус захоўваю дыпламатычны. Дыпламатыя перш за ўсё.
Каментар рэдакцыі: Аляксандр Шакуцін быў ганаровым консулам Бангладэш у Беларусі. У 2022 годзе БРЦ сумесна з Міжнародным кансорцыумам журналістаў-расследавальнікаў ICIJ уключыў Шакуціна ў спіс ценявых дыпламатаў (Shadow Diplomats) — гэта спіс людзей, якія выкарыстоўваюць у розных краінах свету інстытут ганаровага консула для асабістага ўзбагачэння, ухілення ад пераследу праваахоўных органаў і прасоўвання палітычных планаў. Холдынг «Амкадор», якім да 2025 года кіраваў бізнесовец, меў у Бангладэш эканамічныя інтарэсы. У 2016-м прадпрыемства выканала кантракт па пастаўках у гэтую краіну на $50 млн, а ў 2020-м дамовілася пра новыя пастаўкі — ужо на $117 млн. У 2021 годзе стала вядома пра новыя кантракты «Амкадору» з Бангладэш, але іх сума не разгалошвалася.
Ігар Кулей: Дзякуй вялікі за размову, Аляксандр Васілевіч. Будзем з вамі на сувязі пад канец года, як і дамовіліся.
Аляксандр Шакуцін: Тэлефануйце. З вялізным задавальненнем пагутарым з вамі ў снежні. <...> А паказаць будзе, паверце мне, ой, як шмат чаго. У перыяд, калі сёння сусветная эканоміка, вы ведаеце, знаходзіцца ў стане стагнацыі. Увесь свет на вушах стаіць. А Беларусь наша развіваецца і будзе развівацца. Я буду рабіць усё магчымае, каб наша эканоміка, наша краіна развівалася. Пакуль я на гэтай зямлі стаю на нагах, далей і паўзці буду, усё роўна буду развіваць эканоміку.