Навіны 04 чэрвеня

БРЦ знайшоў польскае рэкламнае агенцтва з падсанкцыйнымі беларускімі банкамі ў партфоліа

Сярод кліентаў — дзяржаўная онлайн-латарэя «Белбэт».

Мікіта Усціновіч
Крыніца: dab.by / Мікіта Усціновіч
БРЦ выявіў тры ідэнтычныя кампаніі, якія належаць адным і тым жа людзям, маюць аднолькавы дызайн сайтаў і падобныя назвы. У партфоліа яны паказваюць адных і тых жа заказчыкаў — у тым ліку тых, якія знаходзяцца пад заходнімі санкцыямі. Адзін з іх фігураваў у нашым расследаванні, як беларускія ўлады зарабляюць на гульнявой залежнасці, таксама ў дзяцей.  

БРЦ выявіў тры ідэнтычныя кампаніі, якія належаць адным і тым жа людзям, маюць аднолькавы дызайн сайтаў і падобныя назвы. У партфоліа яны паказваюць адных і тых жа заказчыкаў — у тым ліку тых, якія знаходзяцца пад заходнімі санкцыямі. Адзін з іх фігураваў у нашым расследаванні пра тое, як беларускія ўлады зарабляюць на гульнявой залежнасці, таксама ў дзяцей. 

Рэкламнае агенцтва ТАА «Даб Глобал» зарэгістравана ў Беларусі, ТАА «Даб» ці ТАА «Креативное Агентство Даб» — у Расеі, у Польшчы існуе фірма з падобнай назвай — Dab Agency Sp. z o.o. Усе яны належаць беларусам Мікіту Усціновічу і Раману Шуляку. Сярод праведзеных рэкламных кампаній, пра якія расказваюць на сайтах агенцтва, журналісты БРЦ выявілі праекты для трох банкаў, якія знаходзяцца пад санкцыямі.

«Банк Дабрабыт», супраць якога ў лютым 2022 года абмежаванні ўвялі ЗША, а ў сакавіку таго ж года — Еўразвяз і Вялікая Брытанія, паказаны сярод кліентаў і на сайце «Даб Глобал», і на сайце Dab Agency. БРЦ высветліў, што агенцтва выконвала працы для банку ў 2018–2020 гадах, а таксама ў снежні 2022–2023 — ужо пасля ўвядзення супраць яго санкцый. У амерыканскім спісе банк пазначаны як структура, якая належыць дзяржаве. 

З банкам «БелВЭБ» агенцтва таксама працавала ўжо пасля таго, як ён трапіў пад абмежаванні ЗША. На сайце «Даб Глобал» паказана, што ў ліпені 2024 года кампанія стварыла рэкламны ролік для web-версіі мабільнага дадатку банку. «БелВЭБ» належыць расейскай дзяржкарпарацыі ВЭБ.РФ. І «БелВЭБ», і ВЭБ.РФ трапілі пад амерыканскія санкцыі яшчэ да пачатку поўнамаштабнай вайны — 22 лютага 2022 года, пасля таго, як Расея прызнала незалежнасць ДНР і ЛНР. На наступны дзень санкцыі супраць расейскай дзяржкарпарацыі ўвёў і Еўразвяз. Яе беларускі банк трапіў у чорны спіс ЕЗ толькі праз тры гады — 25 лютага 2025-га. 

Трэці падсанкцыйны банк, які таксама быў кліентам «Даб Глобал», — «Банк развіцця». Еўразвяз наклаў на яго абмежаванні ў лютым 2022 года. Праз год агенцтва ўсё яшчэ супрацоўнічала з банкам. Праект для «Банку развіцця» быў і ў партфоліа польскай Dab Agency, але на момант публікацыі знік з яго.

Сярод кліентаў агенцтва журналісты БРЦ знайшлі і фігуранта аднаго з нашых расследаванняў — дзяржаўную онлайн-латарэю «Белбэт». У 2022 годзе для яе стварылі серыю відэаролікаў і рэкламы на фізічных і інтэрнэт-банерах. У 2024 годзе — візуальны стыль і сайт музычнага фэсту belbet fest. Пасля таго, як мы даслалі агенцтву запыт, старонка фестывалю знікла з партфоліа польскай кампаніі, але засталася ў прыкладах прац беларускай фірмы і на сайце агенцтва з расейскім даменам.

Валодае онлайн-латарэяй «Белбэт» РУП «Беларускія латарэі», якое належыць Упраўленню справамі прэзідэнта. БРЦ высветліў, што «Белбэт» працуе як віртуальнае казіно, але не падначальваецца ўстаноўленым для гэтай дзейнасці правілам. Напрыклад, не патрабуе ідэнтыфікацыі гульца і не правярае яго ўзрост. У выніку грошы прайграюць у тым ліку дзеці. У сакавіку 2025 года, пасля выхаду нашага матэрыялу, «Беларускія латарэі» трапілі пад санкцыі Еўразвязу. 

«Даб Глобал» супрацоўнічае не толькі з банкамі, але і дзяржструктурамі, заказы ад якіх кампанія выйгравала ў тым ліку па працэдуры дзяржаўных закупаў. Сярод іх — МНС, Белавія, Менскі завод грамадзянскай авіяцыі №407, Белпошта, Фонд сацабароны, Белтэлекам. На момант публікацыі ўсе гэтыя праекты выдалены з сайта польскай кампаніі, але згадкі аб некаторых з іх захаваліся ў прэзентацыі на гэтым жа рэсурсе, у прыватнасці, у ёй усё яшчэ можна знайсці праекты для МНС, Фонду сацабароны, Белавія і Белтэлекама. У сакавіку 2025-га на сайце польскага агенцтва было 125 прыкладаў работ, цяпер — 113.

БРЦ адправіў запыты ТАА «Даб Глобал» і Dab Agency Sp. z o.o. з пытаннямі пра супрацу кампаній з дзяржструктурамі Беларусі і падсанкцыйнымі кампаніямі, але на момант публікацыі не атрымаў адказаў.

Мікіта Усціновіч
Крыніца: dab.by / Мікіта Усціновіч
Іншыя Навіны
Мы выкарыстоўваем файлы cookie, каб палепшыць ваш карыстальніцкі досвед. Падрабязней
Адхіліць Прыняць