Крыніца БРЦ дапусціла пратэкцыю ў бізнесе, а дакументы паказалі на сувязь яе сына з высокапасадоўцам.

Гэта магла б быць гісторыя беларускай бізнесвумэн, якая зрабіла сябе сама. За тры гады сакратарка без вышэйшай адукацыі і з малым дзіцём на руках стала саўладальніцай стратэгічнага бізнесу ды пачала назапашваць дарагую нерухомасць. Але журналісты БРЦ знайшлі факты, якія прымушаюць задацца пытаннем: ці можна растлумачыць гэты карʼерны ўзлёт толькі яе ўласнымі намаганнямі? Мы высветлілі, што падставай поспеху маглі быць адносіны з адным з самых уплывовых людзей Беларусі.

Расследаванне падрыхтаванае дзякуючы «Рабочаму Руху», пры падтрымцы «Кіберпартызанаў» і KibOrg.

Гранітны старт

У студзені 2005-га 26-гадовая бабруйчанка Алена Саўчанка прыйшла працаваць на прыватны Міжрэгіянальны драбільна-сартавальны завод (МДСЗ). Да гэтага, паводле звестак, якія яна падала дзяржаўным органам, Саўчанка працавала толькі сакратаркай у прыватнай кампаніі па гандлі медычным абсталяваннем. Праз дзевяць месяцаў пасля працаўладкавання яна стала ўласніцай 40% заводу.

Гэта быў не шараговы бізнес. МДСЗ працаваў побач з дзяржаўным прадпрыемствам «Граніт» — адным з найбуйнейшых у Еўропе вытворцаў шчэбеню. Завод з савецкіх часоў быў асноўным пастаўшчыком каменю, які выкарыстоўвалі ў будаўніцтве дарог, жылля і прамысловых аб’ектаў па ўсёй Беларусі. У сярэдзіне 2000-х краіна перажывала будаўнічы бум і попыт на шчэбень перавышаў прапанову.

«Адчуваўся дэфіцыт шчэбеню. “Граніт” забяспечваў у асноўным дзяржаўныя прадпрыемствы, а тыя — розныя прыватныя фірмы», — узгадвае ў размове з БРЦ былы менеджар «Граніту», знаёмы з працай МДСЗ. Імя суразмоўцы мы не называем з меркаванняў бяспекі.

Паводле яго, зямлю для МДСЗ побач з дзяржаўным кар’ерам вылучыў мясцовы райвыканкам. Завод у 2004 годзе заснаваў разам з кампаньёнам бізнесовец Мікалай Крук. [*] Ён унёс у статутны капітал адзін гідрамолат для экскаватара коштам каля $30 тыс. 

Як і на якіх умовах праз год амаль палова гэтага бізнесу перайшла да Саўчанкі, у адкрытых крыніцах не тлумачыцца. Яе папярэдні досвед таксама не дае відавочнага адказу. Да прыходу ў МДСЗ Саўчанка не была вядомая як прадпрымальніца і не кіравала буйнымі кампаніямі. Яе сям’ю можна назваць уплывовай: у сярэдзіне 2000-х бацька служыў начальнікам раённага ўпраўлення КДБ у Касцюковіцкім раёне, а маці працавала ў прадстаўніцтве расейскай прыватнай кампаніі. Аднак гэта таксама не тлумачыць, як Саўчанка атрымала амаль палову прадпрыемства, якое мела доступ да аднаго з самых запатрабаваных будаўнічых рэсурсаў краіны. 

На пытанне БРЦ, ці мог нехта дапамагаць гэтаму бізнесу, былы менеджар «Граніту» адказаў станоўча, але дадаў, што не ведае, хто канкрэтна:

«Ёсць такое паняцце — лепш не ведаць нічога. <...> Мне лепш не ведаць, хто іх туды накіроўваў, хто ім дапамагаў».

Дакументаў, якія наўпрост пацвярджалі б чыёсьці ўмяшанне ў перадачу долі Саўчанцы або ў працу МДСЗ, у распараджэнні БРЦ няма. Аднак іншыя знойдзеныя намі факты паказваюць, што ў гэты перыяд яна была цесна звязаная з адным з самых уплывовых беларускіх чыноўнікаў, якога медыі называюць правай рукой Аляксандра Лукашэнкі

Прывід у пашпартнай базе 

У дзяржаўных базах мы знайшлі запіс пра сына Алены Саўчанкі — Уладзіміра, які нарадзіўся ў 2002 годзе. На той момант жанчыне было 24 гады, яна не была замужам, а звестак пра яе афіцыйную працу ў той перыяд БРЦ не знайшоў. Паводле выпіскі з пашпартнай базы, атрыманай ад «Кіберпартызанаў», бацькам яе сына пазначаны Віктар Уладзіміравіч Саўчанка. Але такога чалавека не існуе — дадзеныя бацькі не прывязаныя ні да аднаго сапраўднага пашпарта. 

Падобны спосаб афармлення дакументаў беларускія журналісты ўжо сустракалі. Такім чынам у пашпартнай базе доўгі час быў аформлены Мікалай Лукашэнка: пад прозвішчам маці, але з сапраўднымі імем па бацьку. Аналагічна аформлены і меркаваны сын Ганны Пушкаровай і найбліжэйшага паплечніка Лукашэнкі Віктара Шэймана — Міхаіл. У яго таксама пазначаны неіснуючы бацька: Віктар Уладзіміравіч Пушкароў. Імя і імя па бацьку супадаюць з дадзенымі Шэймана, а прозвішча — з дзявочым прозвішчам маці. 

Крыніца: БРЦ

У выпадку Уладзіміра Саўчанкі імя і імя па бацьку запісанага ў базе бацькі таксама супадаюць з дадзенымі Віктара Шэймана. Аднак аднаго гэтага супадзення было б недастаткова, каб меркаваць пра сваяцтва. Таму БРЦ праверыў, ці былі паміж Шэйманам, Саўчанкай і яе сынам іншыя сувязі. І знайшоў іх. 

У 2009 годзе сямігадовы Уладзімір Саўчанка і яго бабуля Зоя Саўчанка ляцелі прыватным самалётам з Менску ў Сімферопаль разам з Віктарам Шэйманам і яго даверанай асобай Аляксандрам Раманоўскім. Апроч іх на борце быў толькі экіпаж. У тым жа складзе яны прыляцелі назад у Менск, таксама бізнес-джэтам. У тым жа годзе Шэйман, Алена Саўчанка і яе сын разам паляцелі ў Аб'яднаныя Арабскія Эміраты. У 2012-м яны паўтарылі гэты маршрут. А ў 2021 годзе на імя Шэймана, Уладзіміра Саўчанкі і Міхаіла Пушкарова былі разам забраніраваныя квіткі на Кубу, у курортны горад Варадэра. Бронь на Уладзіміра пазней адмянілі, ён не змог паляцець, імаверна, праз выпускныя экзамены.

На гэтым супадзенні не скончыліся. У 2022 годзе Уладзімір Саўчанка разам з Віктарам Шэйманам, Ганнай і Міхаілам Пушкаровымі здаваў тэсты на COVID-19 у Рэспубліканскім клінічным медычным цэнтры, які называюць «прэзідэнцкай клінікай». У базе ўстановы іх аналізы зарэгістраваныя паслядоўна — пад нумарамі 732, 734, 736 і 738. [*] [*] [*] [*] Паміж запісамі Уладзіміра Саўчанкі і сям’і Шэймана ў базе знаходзіцца таксама вынік тэсту Алега Сакалова [*] — супрацоўніка кампаніі «Гардсэрвіс», якую БРЦ раней звязваў з Шэйманам. Пазней, у гэтым жа годзе, Сакалоў і Уладзімір Саўчанка паедуць у адным аўтамабілі ў Абхазію. [*]

Самі па сабе ні запіс у пашпартнай базе, ні сумесныя пералёты, ні наведванне клінікі не даводзяць, што Віктар Шэйман з'яўляецца бацькам Уладзіміра Саўчанкі. Аднак разам гэтыя факты сведчаць пра іх працяглыя і блізкія сувязі. На іх фоне імклівае ўзбагачэнне Алены Саўчанкі ўжо не выглядае выпадковым.

З Мікашэвічаў на Нямігу

Актывы Алены Саўчанкі пачалі павялічвацца з нараджэннем сына. Праз два гады пасля прыходу на Міжрэгіянальны драбільна-сартавальны завод яна выйшла з гэтага бізнесу. Але ў той жа час атрымала долю ў «Паўднёвай прамысловай энергетычнай кампаніі» ды ўладкавалася на працу ў фірму «Гіперком». У 2007-м стала яе саўладальніцай [*] і атрымала долю яшчэ ў адной кампаніі групы — «Гіперком-Праект». [*]

Крыніца: БРЦ

Да гэтага часу іншая кампанія са словам «Гіперкомм» у назве завяршыла будаўніцтва буйнога бізнес-цэнтру «Няміга Сіці» ў цэнтры Менску. У гэтым будынку ў розны час размяшчаліся офісы кампаній «Гардсэрвіс»«Брандсхандэль» і «Глобалкастам», якія БРЦ у іншых расследаваннях звязваў з атачэннем Віктара Шэймана. Тут жа два камерцыйныя памяшканні атрымала ва ўласнасць і Алена Саўчанка.

Такім чынам, менш чым за тры гады жанчына, якая да гэтага афіцыйна працавала толькі сакратаркай, стала саўладальніцай некалькіх кампаній і атрымала каштоўную камерцыйную нерухомасць у цэнтры Менску. БРЦ не знайшоў дакументаў, якія б наўпрост тлумачылі, чаму долі ў гэтых кампаніях пераходзілі менавіта да Саўчанкі, але ўжо ў 2008 годзе гэтым пытаннем зацікавіліся следчыя МУС.

Дзяржава пачала задаваць пытанні

МУС распачало адразу дзве крымінальныя справы. Першая датычылася выкарыстання, паводле следства, падробленага дыплома пры працаўладкаванні ў МДСЗ і «Гіперком». Другая — выдзялення без аўкцыёну чатырох зямельных надзелаў у вёсцы Тарасава пад Менскам Алене Саўчанцы і кіраўніку гандлёвага дому «Ждановічы». Пазней суд прызнаў старшыню Ждановіцкага сельсавету Валерыя Маскалёва вінаватым у незаконным афармленні гэтых участкаў. Згодна з прысудам, Саўчанка не мела права атрымаць зямлю па нарматыўнай цане без аўкцыёну. [*] 

Расследаваннем кіраваў начальнік аддзелу па барацьбе з карупцыяй МУС Вячаслаў Дудкін. Ужо пасля вымушанага ад'езду з Беларусі ён расказаў выданню «Беларускі партызан», што падчас праверкі следчыя спрабавалі высветліць паходжанне маёмасці і даходаў Саўчанкі. 

«Каб хоць неяк апраўдаць свае велізарныя даходы [Алена Саўчанка] надавала нам кучу распісак аб атрыманні беспрацэнтных “пазыкаў” і грашовых падарункаў на вялікія сумы ад замежнікаў, якія жывуць, у тым ліку, у Паўднёвай Амерыцы. Атрымалася, што яна штомесяц атрымлівала такія “падарункі” на суму не менш за 50 тысячаў долараў. Патлумачыць “логіку”, паводле якой гэтай шчаслівай дзяўчыне кожны месяц з неба падаюць немалыя грошы, Алена Васільеўна не змагла», — сцвярджаў Дудкін. 

Былы супрацоўнік МУС таксама казаў, што Саўчанка прызнала выкарыстанне падробленага дыплома, а праверку яе даходаў, паводле яго слоў, спынілі пасля ўмяшання Віктара Шэймана, які пераканаў Аляксандра Лукашэнку: 

«Якія аргументы прыводзіў Шэйман, мне дакладна не вядома, у гэтых людзей свае асабістыя адносіны. Атрымалі мы пасля гэтага толькі недвухсэнсоўную каманду прэзідэнта — праверку спыніць, а матэр’ялы згубіць». 

Незалежнага пацверджання гэтым словам БРЦ не знайшоў. Аднак вядома, што крымінальную справу аб падробленым дыпломе закрылі, а незаконна перададзеныя зямельныя надзелы засталіся ў распараджэнні Алены Саўчанкі, нягледзячы на тое, што старшыня сельсавету атрымаў за іх вылучэнне чатыры гады пазбаўлення волі ў калоніі ўзмоцненага рэжыму. 

Па суседстве з Шэйманам

Крымінальная справа ніяк не паўплывала на фінансавы і маёмасны стан Алены Саўчанкі. Да моманту, калі МУС зацікавілася яе актывамі, жанчына ўжо валодала некалькімі аб'ектамі.

У 2006 годзе Саўчанка ўжо мела дом і зямельны ўчастак у Раўбічах. БРЦ не знайшоў звестак, якія дазволілі б вызначыць далейшы лёс гэтай нерухомасці і ацаніць яе кошт. У тым жа годзе Саўчанка атрымала два сумежныя ўчасткі ў Тарасаве, якія пазней фігуравалі ў расследаванні МУС. На тэрыторыі агульнай плошчай каля 35 сотак з’явіліся катэдж плошчай каля 700 кв. м і асобны будынак плошчай каля 250 кв. м. БРЦ не знайшоў аб’ектаў супастаўнага памеру ў адкрытым продажы, каб ацаніць кошт комплексу. Для параўнання: дом па суседстве, прыкладна ўтрая меншы па плошчы і на ўтрая меншым участку, ацэньваўся ў 1,6 млн беларускіх рублёў ($550 тыс.).

Дом Алены Саўчанкі ў вёсцы Тарасава. На гэтай жа вуліцы валодае катэджам і старэйшы сын Віктара Шэймана ад першага шлюбу — Сяргей
Крыніца: «Яндекс Карты». Дом Алены Саўчанкі ў вёсцы Тарасава. На гэтай жа вуліцы валодае катэджам і старэйшы сын Віктара Шэймана ад першага шлюбу — Сяргей

У перыяд працы ў «Гіперкоме» Саўчанка таксама атрымала ва ўласнасць два памяшканні ў бізнес-цэнтры «Няміга Сіці» агульнай плошчай каля 370 кв. м. [*] [*] Здача такіх плошчаў у арэнду можа прыносіць каля 15–20 тыс. рублёў на месяц ($5200–6900), а іх магчымы продаж — больш за 2 млн рублёў ($700 тыс.)

Сотня ў месяц

Да сакавіка 2012 года Саўчанка выйшла са складу ўдзельнікаў усіх менскіх кампаній. У той жа год адбылася яе апошняя сумесная паездка з Віктарам Шэйманам, якую БРЦ удалося пацвердзіць, — у Аб’яднаныя Арабскія Эміраты. Пазней побач з паплечнікам Лукашэнкі ўжо фігуруе Ганна Пушкарова, імаверная жонка, з якой у іх ёсць агульны сын Міхаіл. Калі і пры якіх абставінах завяршыліся адносіны Шэймана з Аленай Саўчанкай, нам не вядома. Як не вядома і тое, ці быў выхад Саўчанкі з кампаній звязаны са зменамі ў яе асабістым жыцці.

Абвестка аб продажы аднаго з дамоў, які належыць Алене Саўчанцы
Крыніца: www.hata.by. Абвестка аб продажы аднаго з дамоў, які належыць Алене Саўчанцы

Аднак пасля 2012 года яе маёмасць працягвала расці. У 2013-м Саўчанка атрымала ў падарунак ад невядомай асобы два аднатыпныя катэджы плошчай каля 450 кв. м кожны ў Вялікай Сляпянцы, раёне каля Нацыянальнай бібліятэкі, які называюць «менскай Рублёўкай». [*] [*] Адзін з гэтых дамоў на момант публікацыі выстаўлены на продаж за $640 тыс.

У 2015—2016 гадах Саўчанка набыла яшчэ два гандлёвыя памяшканні ў розных раёнах Менску. Іх патэнцыйны арэндны даход можа складаць каля 12 тыс. рублёў на месяц ($4150).

Фота гандлёвага цэнтру, які праз фірму «Куверадзеў» належыць Алене Саўчанцы
Крыніца: «Яндекс Карты». Фота гандлёвага цэнтру, які праз фірму «Куверадзеў» належыць Алене Саўчанцы

У 2019 годзе яна стала адзінай уласніцай кампаніі «Куверадзеў», якой належыць гандлёвы цэнтр плошчай болей за паўтары тысячы квадратных метраў на вуліцы Адзінцова ў сталіцы. Патэнцыйны арэндны даход ад гэтага аб’екта — прыкладна 65 тыс. рублёў на месяц ($22500). Разам з памяшканнямі ў «Няміга Сіці» і іншай выяўленай камерцыйнай нерухомасцю гэтыя актывы могуць прыносіць штомесяц каля 100 тыс. рублёў ($33500).

Звесткі аб арганізацыях, якія фігуруюць у расследаванні

Пад Міжрэгіянальным драбільна-сартавальны заводам (МДСЗ) у гэтым матэрыяле разумеецца ТАА «Міжрэгіянальны драбільна-сартавальны завод», з 28.11.2008 па 26.05.2011 — СТАА «Міжрэгіянальны драбільна-сартавальны завод». Скарочаная назва — ТАА «МДСЗ». Краіна рэгістрацыі — Беларусь, УНП 690277735.

Пад заводам «Граніт» у гэтым матэрыяле разумеецца Рэспубліканскае ўнiтарнае вытворчае прадпрыемства «Граніт», скарочаная назва РУВП «Граніт», краіна рэгістрацыі — Беларусь, УНП 200161167.

Пад кампаніяй «ГардСэрвіс» у гэтым матэрыяле разумеецца ТАА «ГардСэрвіс», краіна рэгістрацыі — Беларусь, УНП 193344802.

Пад «Паўднёвай прамысловай энергетычнай кампанiяй» у гэтым матэрыяле разумеецца ЗАТ «Паўднёвая прамысловая энергетычная кампанiя». Краіна рэгістрацыі — Беларусь, УНП 190736127.

Пад кампаніяй «Гіперком» у гэтым матэрыяле разумеецца Сумеснае таварыства з абмежаванай адказнасцю «Кампанія Гіперкомм дэвелапмент» — з 29.07.2004 па 01.06.2005, Сумеснае таварыства з абмежаванай адказнасцю «Гіперком» — з 01.06.2005 па 21.10.2013. Краіна рэгістрацыі — Беларусь, УНП 190555812.

Пад кампаніяй «Гіперком-праект» у гэтым матэрыяле разумеецца Прыватнае прадпрыемства «Гіперком-праект». З 13.11.2008 па 20.01.2015 — Таварыства з абмежаванай адказнасцю «Гіперком-праект». Краіна рэгістрацыі — Беларусь, УНП 191084824.

Пад кампаніяй «Брандсхандэль» у гэтым матэрыяле разумеецца ТАА «Брандсхандэль», краіна рэгістрацыі — Беларусь, УНП 193674952.

Пад кампаніяй «Глобалкастам» у гэтым матэрыяле разумеецца ТАА «Глобалкастам», краіна рэгістрацыі — Беларусь, УНП 192532549.

Пад кампаніяй «Куверадзеў» у гэтым матэрыяле разумеецца ТАА «Куверадзеў». Краіна рэгістрацыі — Беларусь, УНП 193356253.

Пад кампаніяй «Прэзідэнт-Гатэль» у гэтым матэрыяле разумеецца дзяржаўнае прадпрыемства «Прэзідэнт-Гатэль». Краіна рэгістрацыі — Беларусь, УНП 192750936.

Яшчэ адзін буйны жылы комплекс, у якім Саўчанка пражывае цяпер, знаходзіцца ў вёсцы Шчомысліца пад Менскам. Дом размешчаны на ўчастку плошчай каля паўгектара са штучным вадаёмам і мастком. 

Катэдж у Шчомысліцы належыць мужчыне, з якім цяпер пражывае Алена Саўчанка
Крыніца: «Яндекс Карты». Катэдж у Шчомысліцы належыць мужчыне, з якім цяпер пражывае Алена Саўчанка

Усе гэтыя актывы паказваюць не толькі маштаб назапашанай нерухомасці, але і ўзровень выдаткаў, даступны сям’і. Сярод іх, напрыклад, адукацыя сына Алены Саўчанкі Уладзіміра. У 2017—2021 гадах ён вучыўся ў швейцарскім Institut auf dem Rosenberg [*] — самай дарагой прыватнай школе свету. У 2025-м адзін год вучобы каштаваў $215 тыс. То бок, без уліку дадатковых выдаткаў, кошт навучання за чатыры гады мог скласці каля $800 тыс.

Крыніца: www.findingschool.com. Institut auf dem Rosenberg у Санкт-Галене, Швейцарыя. Школа не раскрывае імёнаў сваіх выпускнікоў, але з публікацыяў у медыях вядома, што тут вучыліся дзеці шматлікіх еўрапейскіх арыстакратаў, мільярдэраў і будучы лаўрэат Нобэлеўскай прэміі па хіміі. Паводле паведамленняў у швейцарскіх СМІ, тут навучаліся дзеці былога расейскага алігарха Міхаіла Хадаркоўскага
Крыніца: www.findingschool.com. Institut auf dem Rosenberg у Санкт-Галене, Швейцарыя. Школа не раскрывае імёнаў сваіх выпускнікоў, але з публікацыяў у медыях вядома, што тут вучыліся дзеці шматлікіх еўрапейскіх арыстакратаў, мільярдэраў і будучы лаўрэат Нобэлеўскай прэміі па хіміі. Паводле паведамленняў у швейцарскіх СМІ, тут навучаліся дзеці былога расейскага алігарха Міхаіла Хадаркоўскага
0 / 2

Нам не вядома, хто менавіта аплачваў вучобу Уладзіміра — маці ці меркаваны бацька Віктар Шэйман. Паводле знойдзеных дакументах, ён захоўваў адносіны з Уладзімірам Саўчанкам у перыяд ягонага навучання ў Швейцарыі і пасля заканчэння вучобы.

У чэрвені 2022 года Уладзімір прыехаў у Абхазію ў тыя ж дні, калі там па афіцыйных справах знаходзіўся Віктар Шэйман. Праз некалькі дзён Саўчанка выехаў назад на аўтамабілі з дыпламатычнымі нумарамі. Разам з ім у машыне былі кіроўца Міністэрства замежных спраў Абхазіі і двое беларусаў: дырэктар менскага «Прэзідэнт-Гатэля» Аляксей Падамацька і супрацоўнік кампаніі «Гардсэрвіс» Алег Сакалоў — той самы, чый тэст на COVID-19 у пачатку 2022 года быў зарэгістраваны ў базе клінікі побач з аналізамі Уладзіміра Саўчанкі, Віктара Шэймана, Ганны і Міхаіла Пушкаровых.

Паездка адбывалася ў перыяд, калі звязаныя з атачэннем Шэймана структуры займаліся праектамі на чарнаморскім узбярэжжы Абхазіі. Праз тры месяцы пасля візіту Шэймана туды прыехаў Аляксандр Лукашэнка, а пазней кампанія, аформленая на былога супрацоўніка яго службы бяспекі, атрымала ад мясцовых уладаў 20 гектараў зямлі на ўзбярэжжы. Падрабязна пра гэта БРЦ распавёў у адным з папярэдніх расследаванняў. 

Слова Саўчанцы

БРЦ звязаўся з Аленай Саўчанкай, каб задаць пытанні пра паходжанне яе маёмасці, атрыманне доляў у кампаніях, сувязі з Віктарам Шэйманам і дакументы, якія журналісты вывучылі падчас расследавання. Спачатку жанчына пацвердзіла, што менавіта яна размаўляе з журналістам, і выслухала сутнасць расследавання. Аднак прыкладна праз 40 секунд, калі журналіст перайшоў да пытанняў, суразмоўца заявіла, што ён памыліўся нумарам, і перапыніла размову. Калі журналіст пазваніў па другім яе нумары, жанчына зноў настойвала, што гэта памылка:

— Алена Васільеўна Саўчанка?

— Вы памыліліся. Чым вам дапамагчы?

— Чым дапамагчы? А вы ведаеце яе?

— Магчыма.

— Як з ёй звязацца, скажыце?

— Без паняцця. Калі яна вам не пакінула нумар, значыцца ніяк.

Іншыя фігуранты расследавання не адказалі на тэлефонныя званкі або адмовіліся ад каментароў. Пісьмовыя запыты БРЦ таксама засталіся без адказу.

Расследаванне прысвячаецца заснавальніку «Беларускага партызана» Паўлу Шарамету, чыя праца лягла ў аснову гэтай гісторыі. 20 ліпеня 2026 года споўнілася 10 гадоў з дня яго забойства.

Іншыя Расследаванні
Мы выкарыстоўваем файлы cookie, каб палепшыць ваш карыстальніцкі досвед. Падрабязней
Адхіліць Прыняць