Расследуем карупцыю, выкрываем фэйкі, аналізуем навінавую павестку. БРЦ — чалец глабальнай сеткі журналістаў-расследавальнікаў.
Журналісты БРЦ – лаўрэаты нацыянальнай прэміі «Вольнае слова» Беларускай асацыяцыі журналістаў за расследаванні ў 2018, 2019, 2020, 2021 і 2022 гадах. На «Вольным слове» у 2021 годзе каманда БРЦ атрымала першае месца ў катэгорыі «Аналітыка».
БРЦ з'яўляецца чальцом OCCRP (Цэнтр па даследаванні карупцыі і арганізаванай злачыннасці)
Таксама мы чальцы GIJN (Глабальная сетка журналістаў расследавальнікаў)
«ЖС Premium» пазлараднічаў, што «змагары» больш не атрымаюць прытулку ў Польшчы, але не ўлічыў нюансаў
Аўтары каналу напісалі, што ўсім мігрантам, якія папросяць аседак, будуць паказваць дулю.
Беларусы больш не змогуць атрымаць прытулак у Польшчы, напісалі ў тэлеграм-канале «ЖС Premium». Каманда Weekly Top Fake высветліла, што аўтары рана цешыліся — ёсць нюансы.
Польшча на 60 дзён абмежавала замежнікаў у магчымасці падаваць прашэнне аб абароне на мяжы з Беларуссю. Пастанова набыла моц з 27 сакавіка 2025 года. Прычына — міграцыйны крызіс, які працягваецца чацвёрты год.
У апошнія месяцы сітуацыя абвастрылася: у сакавіку ў мясцовасці, якую ахоўвае Падляскі памежны атрад, зафіксавалі больш за 2800 спроб незаконнага перасячэння мяжы. Улады асцерагаюцца, што іх лік будзе расці ў звязку з чаканымі ў траўні прэзідэнцкімі выбарамі ў Польшчы.
Аўтары тэлеграм-каналу «ЖС Premium», каментуючы гэту навіну 26 сакавіка 2025 года, напісалі, што забарона закране і беларусаў, якія жадаюць атрымаць прытулак у Польшчы:
«Ну вось і ўсё. Прэзідэнт Польшчы Анджэй Дуда падпісаў закон пра рэстрыкцыю права на прытулак на мяжы з Беларуссю. Зараз кожнаму мігранту, які перасячэ мяжу і пачне казаць пра аседак, у адказ будуць паказваць дулю. Мера была разлічана на блізкаўсходніх уцекачоў, але стукне яна і па змагарах. Яны таксама не змогуць жа прэтэндаваць на прытулак у Польшчы».
Рашэнне польскіх улад закране не кожнага мігранта — ёсць выключэнні. Цяжарныя жанчын і дзеці, людзі з патрэбай у асаблівым доглядзе праз узрост ці здароўе, «асобы, якім пагражае рэальная небяспека ў краіне, з якой яны прыбылі», «грамадзяне краіны, што выкарыстоўвае мігрантаў як прыладу ціску», і некаторыя іншыя па-ранейшаму змогуць прасіць прытулак. У гэтыя катэгорыі трапляюць грамадзяне Беларусі.
Гэта пацвердзілі беларускія юрысты, знаёмыя з пастановай польскага ўраду.
Выключэнні працуюць, калі пры спробе прайсці праз мяжу да просьбіта сховішча не давялося ўжываць сілу ці зброю.