Кантэкст: Эксперты ААН зрабілі прагноз эканамічнага росту Беларусі на 2026 і 2027 гады. У іх выйшла па 2,1%, хоць улады краіны чакаюць больш актыўнага ўзросту сёлета — да 2,8%.
Пра вынікі працы Нацбанку ў 2025 годзе ў эфіры СТБ распавялі 29 студзеня 2026 года.
«Атрымалася забяспечыць выкананне ўсіх мэтавых паказнікаў, якія вызначаны ўказам прэзідэнта: крытэр па ўзросце ВУП, экспарце тавараў і паслуг, павелічэнне грашовых прыбыткаў, інвестыцый у межах прагнозаў. Аднак ёсць і выключэнні», — паведаміла вядоўца.
Далей паказалі фрагмент справаздачы старшыні кіравання Нацыянальнага банку Рамана Галоўчанкі.
«Інфляцыя склала 6,8%, што выходзіць за рамкі 5-адсоткавага прагнозу», — адзначыў службовец.
Вядоўца пералічыла чатыры асноўныя паказнікі — ВУП, экспарт, зарплаты і інвестыцыі, але ў палове выпадкаў чаканні па іх не супалі з рэчаіснасцю. Па ВУП вынік апынуўся ніжэй за запланаваны ўтрая. Экспарт — пакуль удвая (дадзеныя ёсць толькі за 11 месяцаў, але малаімаверна, што адзін месяц кардынальна зменіць сітуацыю). Але галоўнае, што рэпліка Рамана Галоўчанкі не адносілася да пералічанага.
Кіраўнік Нацбанку, падводзячы вынікі працы сваёй установы, казаў пра іншыя паказнікі. Па інфармацыі БелТА, службовец сказаў, што ў 2025 годзе забяспечана выкананне практычна ўсіх мэтавых паказнікаў, зацверджаных указам №385. Ён тычыцца толькі працы Нацбанку, а не эканомікі ў цэлым. У ім няма нічога пра ВУП, экспарт і іншае. Затое ёсць пра планы на інфляцыю, міжнародныя рэзервовыя актывы, працу аплатнай сістэмы і г. д.
Выходзіць, што на СТБ не толькі зманілі пра выкананне паказнікаў, але і прыпісалі гэту хлусню Раману Галоўчанку.