Антыфэйк / фактчэк Сёння

Кандыцыянер — гэта раскоша? Праверылі аргументы Мукавозчыка, які прадказаў Еўропе гібель ад спёкі

Вядоўца СТБ супрацьпаставіў беларусаў з «пастаянна ўключаным кандыцыянерам» «агульнаеўрапейцам», якія «мруць ужо тысячамі» праз зялёны парадак дня.

Вядоўца СТБ Андрэй Мукавозчык заявіў, што ў Еўропе кандыцыянеры прыраўнялі да прадметаў раскошы праз зялёны парадак дня, а беларусы справяцца са спёкай «з пастаянна ўключаным кандыцыянерам». Але параўнанне аб’яваў пра арэнду і продаж жылля ў некалькіх сталіцах паказвае іншую карціну: Менск далёка не сярод лідараў па долі кватэраў з кандыцыянерамі.

Кантэкст: Пінск пабіў тэмпературны рэкорд і стаў самым гарачым горадам Беларусі: у чэрвені паветра там прагрэлася да 40,4 градуса. Гэта амаль як у іспанскай Барсэлоне, дзе рэкорд вышэйшы ўсяго на адну дзясятую градуса. Чэрвень стаў самым гарачым за ўсю гісторыю метэаназіранняў ва ўсёй Заходняй Еўропе. У Нямеччыне тэмпература падымалася амаль да 42 градусаў, у Францыі — вышэй за 44. Экстрэмальная спёка прывяла да росту смяротнасці: у Францыі ў чэрвені памерла на 2 тыс. чалавек больш, чым звычайна. Гэта вярнула ў еўрапейскае грамадства дыскусіі пра карысць і шкоду кандыцыянераў.

У перадачы «Пытанні ад бландзінак» на СТБ 6 ліпеня 2026 года Андрэй Мукавозчык супрацьпаставіў беларусаў еўрапейцам: першых ён назваў людзьмі, якім даступныя кандыцыянеры, а другіх — ахвярамі зялёнага парадку дня.

«Але нам гэта хоць бы што, мы звыкнемся. А вось Еўропа задыхнецца. Бо кандыцыянеры там даўно прыраўнялі да прадметаў раскошы праз дурны зялёны парадак дня. Ад чаго агульнаеўрапейцы мруць ужо тысячамі, але іх ніхто не шкадуе. Таму што прынцып расплавіцца, абы не паддацца для Еўразвязу важнейшы. А мы з вамі справімся. Як заўсёды без гвалту і шуму, памяркоўна і разважліва, з пастаянна ўключаным кандыцыянерам», — сказаў Мукавозчык.

У Еўразвязе сапраўды абмяркоўваюць уплыў кандыцыянераў на энергаспажыванне і гарадскую спёку. Кандыцыянеры спажываюць шмат электраэнергіі і выкідваюць цёплае паветра вонкі, што дадаткова павышае тэмпературу ў гарадскім асяроддзі. Сярод альтэрнатываў называюць цэнтралізаваныя сістэмы ахалоджвання паветра з дапамогай халоднай вады. Але гэта не азначае, што кандыцыянеры ў Еўропе сталі недаступнай раскошай.

Каб праверыць сцвярджэнне Мукавозчыка, мы параўналі, якая доля кватэраў на рынку арэнды і продажу жылля ў розных сталіцах абсталяваная кандыцыянерамі*. Для параўнання ўзялі гарады з падобным да Менску кліматам — Прагу, Варшаву, Берлін і Маскву, дзе кандыцыянер яшчэ нядаўна не быў прыборам першай неабходнасці. Таксама вывучылі сталіцы дзвюх краін у больш цёплай кліматычнай зоне — Рым і Парыж.

Адразу вылучаецца Берлін: там кандыцыянеры сустракаліся радзей за ўсё. У аб’явах пра арэнду кватэраў наяўнасць кандыцыянера ўказвалі менш чым у 1% выпадкаў, а ў сярэднім па аб’явах пра арэнду і продаж — у 1,6% выпадкаў.

Менск таксама апынуўся ў ніжняй частцы спісу. У сярэднім кандыцыянер быў указаны ў 9,6% аб’яваў пра арэнду і продаж кватэраў. Гэта больш, чым у Берліне і Парыжы, але менш, чым у Празе, Маскве, Варшаве і Рыме. Для параўнання: у Парыжы доля такіх аб’яваў склала 8,6%, у Празе — 14,7%, у Маскве — 15,3%, у Варшаве — 18,4%. Лідарам сярод вывучаных сталіцаў стаў Рым: там кандыцыянер быў указаны прыкладна ў 53% аб’яваў.

То бок сцвярджэнне пра тое, што беларусы забяспечаныя кандыцыянерамі лепш за еўрапейцаў, нашым даследаваннем не пацвярджаецца. Стаўленне да кандыцыянераў у розных краінах сапраўды адрозніваецца, але Менск сярод вывучаных сталіцаў не апынуўся лідарам. Наадварот, паводле долі аб’яваў з кандыцыянерамі ён саступіў большасці гарадоў у параўнанні.

*Для параўнання мы ўзялі даступныя 12 ліпеня 2026 года аб’явы пра продаж і доўгатэрміновую арэнду кватэраў у сямі сталіцах: Менску, Берліне, Парыжы, Рыме, Варшаве, Празе і Маскве. У кожнай сталіцы на профільных сайтах нерухомасці параўналі агульны лік аб’яваў з лікам прапановаў, дзе быў указаны кандыцыянер або ўжываўся адпаведны фільтр. Для Берліна выкарыстоўвалі ImmoScout24 і Immowelt: на ImmoScout24 праверылі 8 644 аб’явы пра арэнду і 11 959 пра продаж, на Immowelt — 4 351 аб’яву пра арэнду і 8 562 пра продаж. Для Парыжа на Logic-Immo праверылі 6 496 аб’яваў пра арэнду і 23 474 пра продаж; для Рыма на Immobiliare.it — 4 550 аб’яваў пра арэнду і 20 955 пра продаж; для Варшавы на Otodom — 6 548 аб’яваў пра арэнду і 18 693 пра продаж; для Менску на Realt.by — 1 462 аб’явы пра арэнду і 6 885 пра продаж; для Прагі на Sreality — 4 027 аб’яваў пра арэнду і 4 934 пра продаж; для Масквы на «Циан» — 26 514 аб’яваў пра арэнду і 89 701 пра продаж. Затым асобна палічылі долю такіх прапановаў для арэнды і продажу, пасля чаго вывелі сярэдні паказнік па кожным горадзе.

Дашліце інфармацыю, якая выклікае ў вас сумневы — мы праверым
Іншыя публікацыі
Мы выкарыстоўваем файлы cookie, каб палепшыць ваш карыстальніцкі досвед. Падрабязней
Адхіліць Прыняць