Расследуем карупцыю, выкрываем фэйкі, аналізуем навінавую павестку. БРЦ — чалец глабальнай сеткі журналістаў-расследавальнікаў.
Журналісты БРЦ – лаўрэаты нацыянальнай прэміі «Вольнае слова» Беларускай асацыяцыі журналістаў за расследаванні ў 2018, 2019, 2020, 2021 і 2022 гадах. На «Вольным слове» у 2021 годзе каманда БРЦ атрымала першае месца ў катэгорыі «Аналітыка».
БРЦ з'яўляецца чальцом OCCRP (Цэнтр па даследаванні карупцыі і арганізаванай злачыннасці)
Таксама мы чальцы GIJN (Глабальная сетка журналістаў расследавальнікаў)
Навучанне ў польскіх ВНУ ўдвая даражэй, чым у беларускіх? Параўналі цэны
Вядоўца праграмы «Асцярожна, правакатары» завысіла кошт навучання ў Варшаўскім універсітэце.
Навучанне ў Еўропе могуць сабе дазволіць толькі дзеці з забяспечаных сем'яў, заявіла вядоўца праграмы «Асцярожна, правакатары» Вікторыя Кірычэнка. Яна параўнала кошт навучання ў Варшаўскім універсітэт і БДУ. Каманда Weekly Top Fake праверыла яе падлікі.
Пра кошт вышэйшай адукацыі ў Беларусі і Еўропе гаворка зайшла 3 чэрвеня 2025 года ў праграме «Асцярожна, правакатары» на «Вечаровым палітычным канале».
«Папулярны сярод абітурыентаў кірунак — эканоміка. У Беларускім дзяржаўным універсітэце на платнай аснове першы курс навучання каштуе трохі больш за 6000 беларускіх рублёў. Канверсуем у еўра — атрымліваецца нешта каля €1800. Навучанне на аналагічнай спецыяльнасці ў Варшаўскім універсітэце абыдзецца замежным студэнтам, увага, ад €3000 на год. Сума вышэй амаль удвая, але паступіць туды без ведання мовы будзе цяжка», — распавяла вядоўца.
Навучанне на першым курсе эканамічнага факультэту БДУ сапраўды абыдзецца ў такую суму, як сказала Вікторыя Кірычэнка. Пры высокіх балах можна паступіць і на бюджэт. Навучанне на эканамічным факультэце Варшаўскага ўніверсітэту каштуе не €3000, а €2100. То бок на 17% даражэй, а не ўдвая. Цана аднолькавая і для палякаў, і для замежнікаў. У БДУ для замежнага студэнта навучанне на рускай абыдзецца даражэй — у €3600.
Англамоўныя курсы ў Варшаўскім універсітэце каштуюць больш — ад €3200 да €3500. Але ў БДУ цана яшчэ вышэй — амаль €4500.
Пры гэтым Варшаўскі ўніверсітэт значна апераджае БДУ ў рэйтынгу лепшых ВНУ свету — 258 пазіцыя супраць 387. Апроч таго, беларусы могуць паступіць у польскія ВНУ і на бюджэт. Напрыклад, пры наяўнасці карты паляка, з веданнем польскай мовы на ўзроўні С1 ці статусам міжнароднай абароны.