Кантэкст: Беларускі парламент зацвердзіў рэспубліканскі бюджэт на 2026 год. Выдаткі складуць 58,73 млрд рублёў, а прыбыткі — 54,38 млрд рублёў. Дэфіцыт дзяржскарбу дасягае 4,35 млрд рублёў.
Распавядаючы аб прыняцці рэспубліканскага бюджэту 3 снежня 2025 года, вядоўца праграмы «Нашы навіны» на тэлеканале АНТ Кацярына Цішкевіч пералічыла, якія выдаткі для дзяржавы будуць першачарговымі: «Асноўныя выдаткі на наступны год — сацыяльныя артыкулы. Дэпутаты Палаты прадстаўнікоў зацвердзілі рэспубліканскі бюджэт. Плануюцца прыбыткі ў больш чым 54 млрд рублёў — вышэй за паступленні гэтага года. Прыярытэтныя кірункі выдаткаў — ахова здароўя, адукацыя, падтрымка аграпрамысловага комплексу».
Каманда Weekly Top Fake падлічыла, што доля сацыяльных артыкулаў выдаткаў, закладзеных у бюджэт, — каля 18%. Амаль тры чвэрці выдаткаў скіраваныя на фінансаванне агульнадзяржаўнай дзейнасці, эканомікі і праваахоўнай сістэмы. Пад агульнадзяржаўнай дзейнасцю хаваецца як утрыманне дзяржорганаў, гэтак і трансферты мясцовым бюджэтам і выдаткі на абслугоўванне дзярждоўгу, якое ў 2026-м абыдзецца Беларусі на чвэрць даражэй.
На чвэрць плануюць павялічыць выдаткі на ўнутраную бяспеку — то бок на суды, міліцыю і іншыя сілавыя структуры, тады як выдаткі на абарону скароцяць на некалькі адсоткаў. У суме гэта прыкладна столькі ж, колькі адведзена на сацыялку, — больш за 11,2 млрд рублёў. Выдаткі, напрыклад, на міліцыю, супастаўныя з выдаткамі на выплату пенсіяў у краіне.
Дадатак у фінансаванні чакае прамысловасць і будаванне (туды скіруюць амаль у 1,5 разу больш грошай, чым у 2025-м, — 7,8% бюджэту), а таксама навуку і даследаванні ў розных вобласцях. Асабліва новыя методыкі і тэхналогіі ўлады цікавяць у праваахоўнай дзейнасці — іх фінансаванне вырасце ўдвая.
Сацыяльныя выдаткі ў прыярытэце для мясцовых бюджэтах, але не для рэспубліканскага. Іх доля ў ім не змянілася ў параўнанні з 2025 годам.