Кантэкст: Літва стала першай краінай NATO, якая накіравала на абарону больш за 5% ВУП — амаль €5 млрд. Яшчэ некалькі гадоў таму гэты паказнік складаў крыху больш за 3%. У 2025 годзе краіны альянсу дамовіліся павялічыць выдаткі на абарону да 5% ВУП да 2035 года, але Літва дасягнула гэтай планкі на дзевяць гадоў раней. Сродкі накіроўваюць на сістэмы супрацьпаветранай абароны, цяжкую тэхніку і стварэнне ўласнай армейскай дывізіі да 2030 года.
Газета «СБ. Беларусь сёння» знайшла іншую нагоду напісаць пра суседнюю краіну. У артыкуле ад 12 чэрвеня 2026 года супрацоўніца выдання Людміла Гладкая раскрытыкавала папраўкі ў Крымінальны кодэкс Літвы, якія датычацца злачынстваў супраць палавой недатыкальнасці, і заявіла, што дэпутаты нібыта хочуць знізіць пакаранне для педафілаў.
«Тыя, хто называе сябе дэпутатамі, прапануюць, па-першае, знізіць пакаранне для вычварэнцаў. Па-другое, замацаваць заканадаўчую норму, з якой вынікае: калі дзіця потым пацвердзіць, што “не сказаў дзядзьку не”, то і злачынства быццам бы не было і саджаць педафіла не будуць», — напісала Гладкая.
Насамрэч прапанаваныя змены датычацца артыкулаў пра сексуальныя злачынствы не толькі супраць дзяцей, але і супраць дарослых. Іх сутнасць — лічыць сексуальным гвалтам не толькі дзеянні, якія суправаджаліся фізічным або псіхічным гвалтам, пагрозамі ці прымусам, але і сексуальны кантакт без добраахвотнай згоды.
Дзейная логіка патрабавала кожны раз даказваць, што ахвяры пагражалі або яе актыўна прымушалі. Аднак чалавек можа не супраціўляцца праз шок, страх або псіхалагічны ціск. Таму ў Літве прапануюць замацаваць прынцып: калі не было выразнай добраахвотнай згоды, сексуальны кантакт лічыцца злачынствам. Фізічны або псіхічны гвалт, а таксама пагрозы пры гэтым становяцца абцяжарвальнымі абставінамі, за якія прадугледжана больш строгае пакаранне.
Такая ж логіка выкарыстоўваецца ў праекце артыкула пра сексуальны гвалт над дзіцем — акт без свабоднай згоды. Менавіта гэтая фармулёўка абурыла Гладкую. Яна вытлумачыла яе так, нібыта пры наяўнасці згоды дзіцяці злачынства не будзе. Але гэта няправільна. Пад дзеяннямі без свабоднай згоды ў гэтым артыкуле маюцца на ўвазе дзеянні без пагрозаў і гвалту. Далей у тым жа артыкуле асобна прадугледжана пакаранне за такія ж дзеянні, учыненыя з ужываннем пагрозаў або гвалту.
Акрамя таго, у Крымінальным кодэксе Літвы ёсць артыкул 151-1, які забараняе любы сексуальны кантакт з дзіцем, маладзейшым за 16 гадоў. Ніякіх агаворак пра згоду там няма. Гэтая норма дзейнічае цяпер і захаваецца пасля прыняцця паправак.
Гладкая таксама напісала:
«За групавое згвалтаванне хлопчыка або дзяўчынкі заканатворцы лічаць, што можна, напрыклад, яшчэ больш знізіць планку пакарання — да двух гадоў пазбаўлення волі».
Аднак у дзейным Крымінальным кодэксе Літвы няма асобнага пакарання менавіта за групавое згвалтаванне дзіцяці. Ёсць асобныя нормы пра сексуальны гвалт над непаўналетнімі і пра згвалтаванне групай асобаў. Пры прызначэнні пакарання суд улічвае абедзве. Таму сцвярджаць, што планку пакарання знізілі, некарэктна: параўнаць новую норму з асобным дзейным артыкулам немагчыма, бо такога артыкула цяпер няма.
У праекце паправак за групавыя сексуальныя дзеянні без пагрозаў і гвалту ў дачыненні да дзяцей прапануецца караць пазбаўленнем волі на тэрмін ад двух гадоў. За такія ж дзеянні з ужываннем гвалту або пагрозаў — на тэрмін ад шасці гадоў.
Людміла Гладкая ў «СБ. Беларусь сёння» прадставіла змены як спробу змякчыць адказнасць за злачынствы супраць дзяцей. Але праект уводзіць прынцып добраахвотнай згоды, падзяляе злачынствы ў залежнасці ад наяўнасці пагрозаў і гвалту ды захоўвае безумоўную забарону на сексуальныя кантакты з дзецьмі, маладзейшымі за 16 гадоў.