Расследуем карупцыю, выкрываем фэйкі, аналізуем навінавую павестку. БРЦ — чалец глабальнай сеткі журналістаў-расследавальнікаў.
Журналісты БРЦ – лаўрэаты нацыянальнай прэміі «Вольнае слова» Беларускай асацыяцыі журналістаў за расследаванні ў 2018, 2019, 2020, 2021 і 2022 гадах. На «Вольным слове» у 2021 годзе каманда БРЦ атрымала першае месца ў катэгорыі «Аналітыка».
БРЦ з'яўляецца чальцом OCCRP (Цэнтр па даследаванні карупцыі і арганізаванай злачыннасці)
Таксама мы чальцы GIJN (Глабальная сетка журналістаў расследавальнікаў)
«Працягваюць араць на рэтра». Як «ЖС Premium» няслушна ацаніў літоўскіх фермераў па фота з акцыі
…і параўнаў іх тэхніку з беларускай і расейскай.
«Тэхніка ў іх — гэта топчык!» — напісалі аўтары «ЖС Premium» пра літоўскіх фермераў. Нагодай сталі старыя трактары на пратэсце ў Вільні. Журналісты праграмы Weekly Top Fake высветлілі: арганізатары адмыслова прывезлі рэтра-машыны.
У чэрвені 2025 года Сейм Літвы ўхваліў падвышэнне падаходнага падатку для найболей забяспечаных пластоў насельніцтва. Навіна закранула і буйных фермераў. 26 чэрвеня яны выйшлі да будынку парламенту з пратэстам, з сабой узялі сельскагаспадарчую тэхніку. Тэлеграм-канал «ЖС Premium» выкарыстаў фотаздымкі з акцыі для крытыкі літоўскай сельскай гаспадаркі:
«Калі шчыра, тэхніка ў іх — гэта топчык! У Беларусі і Расеі аднагодкі гэтых трактароў і цягачоў даўно згнілі і замест іх працуюць новыя. А там працягваюць араць на рэтра, якое дасталася ім яшчэ ў часы праклятай “акупацыі”», — напісалі аўтары тэлеграм-каналу ў дзень акцыі.
На пратэст фермеры сапраўды прывезлі 20 старых трактароў. Адзін з арганізатараў акцыі патлумачыў:
«Жыхары гораду заўсёды ўказваюць нам на тое, што мы працуем з новай тэхнікай, але мы хочам паказаць і тое, з дапамогай чаго мы будавалі свае фермы».
То бок рэтра-тэхніку прывезлі наўмысна — як знак пройдзенага шляху, а не дэманстрацыю бягучага стану галіны.