Кантэкст: У сераду, 17 чэрвеня 2026 года, у Бранскай вобласці Расеі пад абстрэл дронамі трапіў аўтобус з дзецьмі з Беларусі. Украіна адхіліла абвінавачанні ў датычнасці і заявіла, што ў гэты момант не праводзіла аперацыяў у Бранскай вобласці. Аляксандр Лукашэнка заявіў, што дрон быў украінскім, а дзяржаўны сакратар Савету бяспекі Аляксандр Вальфовіч убачыў у тым, што адбылося, спробу «справакаваць нейкую нядобрую сітуацыю» і сутыкнуць Беларусь з Украінай. Абодва заявілі, што Беларусь не атрымаецца ўцягнуць у вайну. Уладзімір Зяленскі ў адказ адзначыў, што Беларусь ужо ўцягнутая ў вайну, паколькі размясціла ў дзвюх вобласцях на сваёй тэрыторыі рэтранслятары, якія павялічваюць далёкасць палёту і дакладнасць навядзення расейскіх ударных дронаў, што атакуюць украінскія гарады. Ён заявіў, што, калі Лукашэнка не прыбярэ іх на працягу тыдня, УСУ зробяць гэта самі.
У праграме «Гэта іншае» на Першым інфармацыйным тэлеканале* 16 чэрвеня 2026 года вядоўца Ксенія Лебедзева заявіла, што ўкраінская ўлада страціла аўтарытэт у вачах насельніцтва і таму пераводзіць увагу з унутраных праблемаў на знешнія пагрозы.
«Чаму ўкраінскія медыя, чыноўнікі з Банкавай (Офіс прэзідэнта Украіны размешчаны на вуліцы Банкавай у Кіеве — рэд.), лідары грамадскай думкі накшталт вайсковага Мадзяра (Роберт Броўдзі, пазыўны Мадзяр, украінскі вайсковец, камандуючы Сіламі беспілотных сістэм Украіны і кіраўнік падраздзялення “Птушкі Мадзяра” — рэд.) упарта льюць ваду на млын страху? Адказ: у крызісе даверу. Паглядзіце на гэты графік даследавання кампаніі Edelman. Давер да дзяржаўных дзеячаў і журналістаў ва Украіне пастаянна падае. Лічбы мінус сем, мінус пяць. Гэта катастрофа», — заявіла Лебедзева.
Справа ў тым, што паказаны ў эфіры графік не мае дачынення да Украіны. Лебедзева ўзяла яго з украінскага зборніка 2022 года «Стратэгічныя камунікацыі для сілавых структур і дзяржаўных устаноў». На 19-й старонцы там пераказваюцца вынікі даследавання кансалтынгавай кампаніі Edelman «Барометр даверу — 2021», праведзенага ў 28 краінах свету падчас пандэміі COVID-19 і распаўсюджвання дэзынфармацыі.

Крыніца: зборнік «Стратэгічныя камунікацыі для сілавых структур і дзяржаўных устаноў». Графік, паказаны ў эфіры праграмы «Гэта іншае»
У гэтым даследаванні сацыёлагі сапраўды зафіксавалі падзенне даверу да палітыкаў, медыя і царквы, а таксама рост даверу да мясцовых аўтарытэтаў. Графік са справаздачы проста пераклалі на ўкраінскую мову. У арыгінальнай справаздачы Edelman той жа графік апублікаваны па-англійску. Ён паказвае сярэднія вынікі па 28 краінах свету. У метадалогіі справаздачы пералічаныя краіны, дзе праводзілі апытанні: сярод іх ёсць Кітай, ЗША і Расея, але няма Украіны. То бок графік не змяшчае адказаў украінцаў. Ён не можа даказваць, што давер да ўкраінскіх дзяржаўных дзеячаў або ўкраінскіх медыя падае.
Сапраўдныя дадзеныя пра давер украінцаў да грамадскіх інстытутаў выглядаюць інакш. Паводле дадзеных апытання, праведзенага ў лістападзе-снежні 2025 года, больш за ўсё ўкраінцы давяраюць УСУ, валанцёрам, прэзідэнту і СБУ. Давер да прэзідэнта Украіны вырас з 45% у снежні 2024 года да 57% у снежні 2025-га. Давер да Вярхоўнай Рады застаўся нізкім — 12%, а да ўраду вырас з 20% да 23%.

Крыніца: КМІС
Ксенія Лебедзева паспрабавала пераканаць гледачоў, што ўкраінская ўлада гаворыць пра знешнія пагрозы праз унутраны крызіс даверу. Але ў доказ яна выкарыстала не ўкраінскую сацыялогію, а перакладзены на ўкраінскую мову графік сусветнага даследавання, якое ва Украіне не праводзілася.
*Першы інфармацыйны тэлеканал — іншая назва News.by, належыць Белтэлерадыёкампаніі.