Антыфэйк / фактчэк Учора

Міралюбівы фэйк. Як на белТБ сціплая дапамога М'янме ператварылася ў амаль унікальную

Супрацоўнік Акадэміі навук распавёў аб канструктыўнай пазіцыі Беларусі.

Беларускі эксперт заявіў, што толькі Менск дапамог М'янме пасля разбуральнага землятрусу, тады як краіны Захаду нібыта засталіся ўбаку. Мы праверылі, хто насамрэч аказаў дапамогу пацярпелай краіне.

Кантэкст: Аляксандр Лукашэнка наведаў краіны Азіі і Афрыкі. Паездка доўжылася 12 дзён. Падчас візіту ў Аман ён знік з навінавых стужак дзяржаўных медыя, а яго прэсавая служба абмяжоўвалася агульнымі паведамленнямі аб працоўных сустрэчах і перамовах. У медыях з'явілася інфармацыя, што паездка туды насіла, хутчэй, асабісты і, верагодна, аздараўленчы характар.

Абмяркоўваючы паездкі Аляксандра Лукашэнкі на ТРК «Гомель», старэйшы навуковы супрацоўнік Цэнтру паліталогіі Інстытуту сацыялогіі НАН Беларусі Уладзіслаў Равенка заявіў, што наша краіна супрацоўнічае з такімі ж міралюбівымі дзяржавамі, як яна сама. У якасці прыкладу ён прывёў М'янму, дзе пасля ваеннага перавароту 2021 года працягваецца ўзброены канфлікт:

«Беларусь паказала сваю міралюбную пазіцыю і канструктыўную пазіцыю, калі адна з нямногіх краін аказала дапамогу М'янме пасля найцяжэйшага землятрусу. Нашы ратавальнікі туды вылецелі ў самыя кароткія тэрміны і дапамаглі гэтай краіне. Але ніводная краіна заходняга блоку, якая сябе прылічае да NATO і гэтак далей, гэтага не зрабіла», — сказаў Равенка ў эфіры праграмы «Меркаванні» 4 снежня 2025 года.

Землятрус у М'янме адбыўся ў канцы сакавіка 2025 года і забраў тысячы жыццяў. Беларусь тады адправіла на дапамогу 33 ратавальнікі, два пошукавыя сабакі, дзве адзінкі спецтэхнікі і гуманітарны груз, кошт якога ў МНС ацанілі на 300 тыс. рублёў (каля $100 тыс.). 

Паводле інфармацыі ААН, М'янме ў гэтай бядзе дапамаглі прынамсі 26 краін, у тым ліку і чальцы NATO. Напрыклад, Італія і ЗША выдзелілі каля $2 млн дапамогі, Фінляндыя — $1 млн, Канада крыху менш за $10 млн, а Вялікая Брытанія, Швецыя і ЕЗ у цэлым ахвяравалі больш за $10 млн кожны. 

Дашліце інфармацыю, якая выклікае ў вас сумневы — мы праверым
Іншыя публікацыі
Мы выкарыстоўваем файлы cookie, каб палепшыць ваш карыстальніцкі досвед. Падрабязней
Адхіліць Прыняць