Праз тыдзень пасля саміту NATO, 2 ліпеня 2025 года, вядоўца АНТ Зміцер Бачкоў заявіў у эфіры, што еўрапейская прэса нібыта зневажальна адгукнулася пра ўдзел Зяленскага ў гэтым мерапрыемстве. У якасці доваду тэлеканал паказаў скрыншот англамоўнага артыкула, дзе ўкраінскага прэзідэнта прыраўнялі да папрашайкі. Вядоўца працытаваў фрагмент:
«Зяленскі на саміце NATO згубіўся. У Гаазе яму забаранілі падымаць пытанне пра дапамогу і ў еўрапейскай прэсе дазвалялі сабе вельмі грэблівыя выпады: "Зяленскага запрасілі прысутнічаць, але яму сказалі прыбраць свой кубак для міласціны"».
Каманда WTF праверыла паходжанне артыкула і высветліла: гэты не еўрапейскае медыя, а расейскі прапагандысцкі рэсурс. Матэрыял апублікавалі на сайце Strategic Culture Foundation з даменам .su — гэта абрэвіятура Soviet Union. Дамен зарэгістравалі ў 1990 годзе, да распаду СССР, а цяпер выкарыстоўваюць у Расеі. Тэхнічныя дадзеныя пацвярджаюць расейскае паходжанне:
- сайт месціцца на серверах у Маскве,
- яго абслугоўвае расейскі правайдар Delta Ltd,
- IP-адрас супадае з рускамоўным сайтам таго ж фонду.
Strategic Culture Foundation — праект расейскага «Фонду стратэгічнай культуры». Паводле дадзеных Дзярждэпартаменту ЗША, фонд цесна звязаны з МЗС Расеі, а кіруе ім расейская Служба вонкавай выведкі. На сайце Strategic Culture Foundation даюць слова заходнім маргінальным фігурам і прыхільнікам тэорый змовы, што робіць яго падобным на незалежны голас для заходняй аўдыторыі. Еўрапейская служба вонкавых сувязяў, якая змагаецца з дэзынфармацыяй, у 2019 годзе адзначала: сайт хавае сваё расейскае паходжанне і часта спасылаецца на іншыя крамлёўскія рэсурсы пад маркай міжнародных крыніц.
Еўрапейскія медыі таксама асвятлялі візіт Уладзіміра Зяленскага на саміт NATO у Гаазе. Але зусім не так, як расказаў вядоўца АНТ. Прыкладам, французскі тэлеканал France24 паведаміў, што хоць прэзідэнт Украіны і здолеў пагаварыць з Доналдам Трампам, але сёлета ён апынуўся на другім плане, што сведчыць пра зніжэнне яго статусу ў параўнанні з двума папярэднімі самітамі NATO. Буйное нямецкае выданне Die Welt напісала, што для Зяленскага саміт стаў расчараваннем. А італьянская газета Corriere della Sera падкрэсліла, што Зяленскі чакаў халоднага прыёму, але атрымаў два адчувальныя вынікі: ЗША аднавілі дастаўку выведдадзеных для Украіны і паабяцалі пакрыць $16 млрд дэфіцыту бюджэту.
То бок, сапраўдныя заходнія медыі пісалі пра праблемы Зяленскага на саміце, але без зневажальных параўнанняў з жабраваннем. А беларускі дзяржаўны тэлеканал АНТ выдаў расейскі прапагандысцкі рэсурс, які кіруецца выведкай, за еўрапейскую прэсу.