Антыфэйк / фактчэк Сёння

€700 млрд на вайну? На Беларускім радыё ўсю розніцу паміж бюджэтамі ЕЗ запісалі ў вайсковыя выдаткі

З €700 млрд розніцы €320 млрд прыпадаюць на інфляцыю, яшчэ €150 млрд — на выплату даўгоў.

Дырэктар Цэнтру міжнародных даследаванняў факультэту міжнародных адносінаў БДУ Мікіта Бяленчанка заявіў, што ЕЗ закладае ў новы сямігадовы бюджэт €700 млрд на вайсковыя выдаткі. Гэтую суму ён атрымаў, адняўшы цяперашнія €1,3 трлн ад запланаваных €2 трлн. Аднак у новы бюджэт закладзеная інфляцыя, а частка грошай прызначаная на выплату даўгоў. Вайсковыя выдаткі сапраўды вырастуць, але на абарону прадугледжана значна менш за суму, якую назваў Бяленчанка.

Кантэкст: 2 верасня 2026 года кіраўніца еўрапейскай дыпламатыі Кая Калас пасля нефармальнай сустрэчы міністраў замежных справаў краін ЕЗ у Ірландыі паведаміла пра падрыхтоўку новага пакета санкцыяў супраць Расеі. У санкцыйны спіс могуць уключыць каля 1600 чалавек і кампаніяў, звязаных з расейскім ваенна-прамысловым комплексам. Калас таксама заявіла пра намер узмацніць барацьбу з пастаўкамі заходніх кампанентаў для расейскай зброі. Новы пакет можа стаць найбуйнейшым з пачатку поўнамаштабнай вайны.

У эфіры «Першага нацыянальнага каналу Беларускага радыё» 1 верасня 2026 года дырэктар Цэнтру міжнародных даследаванняў факультэту міжнародных адносінаў БДУ Мікіта Бяленчанка заявіў, што ЕЗ у бюджэце на 2028—2034 гады закладае сотні мільярдаў еўра на вайсковыя выдаткі:

«Бюджэт Еўрапейскага звязу на 2028–34 гады плануецца зацвярджэнне на ўзроўні 2 трлн. Мінулы бюджэт, 7-гадовы, быў 1,7… 1,3. То бок 700 млрд — гэта, груба кажучы, вайсковы складнік».

Памер новага сямігадовага бюджэту ЕЗ сапраўды плануюць на ўзроўні €2 трлн. Бяленчанка адняў ад гэтай сумы цяперашнія €1,3 трлн, атрымаў розніцу ў €700 млрд і цалкам аднёс яе да вайсковых выдаткаў. Але €2 трлн — гэта сума з улікам меркаванага росту цэн да 2034 года. У цэнах 2025 года Еўрапарламент ацэньвае будучы бюджэт прыкладна ў €1,8 трлн. Таму супастаўная розніца з цяперашнім бюджэтам складае ўжо каля €500 млрд, а не €700 млрд.

Большая частка гэтай сумы таксама не з’яўляецца рэальным павелічэннем выдаткаў. Каля €320 млрд кампенсуюць інфляцыю і зніжэнне пакупніцкай здольнасці за сем гадоў дзеяння цяперашняга бюджэту. Яшчэ €150 млрд прызначаныя для выплаты даўгоў. Рэальнае павелічэнне выдаткаў з улікам інфляцыі складае каля €20 млрд.

У адным Бяленчанка мае рацыю: выдаткі на абарону сапраўды вырастуць. Пры гэтым ЕЗ плануе пераразмеркаваць сродкі, у прыватнасці скараціць выдаткі на сельскую гаспадарку, рыбалоўства і развіццё рэгіёнаў. На абарону, бяспеку і космас прадугледжана €131 млрд — больш чым у пяць разоў менш за €700 млрд, якія Белянчэнка назваў вайсковым складнікам.

Дашліце інфармацыю, якая выклікае ў вас сумневы — мы праверым
Іншыя публікацыі
«Розніца проста гіганцкая». На дзяржТБ, параўноўваючы колькасць валанцёраў у Беларусі і ЕЗ, у добраахвотнікі запісалі ўсіх сябраў БРСМ
Антыфэйк / фактчэк «Розніца проста гіганцкая». На дзяржТБ, параўноўваючы колькасць валанцёраў у Беларусі і ЕЗ, у добраахвотнікі запісалі ўсіх сябраў БРСМ
У самім БРСМ валанцёрамі называюць менш за 10% яго сябраў, а сярод еўрапейскай моладзі валанцёрствам займаліся 17% апытаных.
05 верасня 2026 Чытаць
Мы выкарыстоўваем файлы cookie, каб палепшыць ваш карыстальніцкі досвед. Падрабязней
Адхіліць Прыняць