Антыфэйк / фактчэк Учора

Эканаміст Аўдонін прадказаў ЕЗ смерць, калі Расея зачыніць свой рынак. Праверылі важнасць РФ для еўрапейскага экспарту

Нагода для заявы — чарговы пакет санкцый Еўразвязу супраць РФ.

Еўразвяз памрэ, калі Расея і яе хаўруснікі зачыняць для яго свае рынкі збыту, заявіў эканаміст Аляксей Аўдонін у эфіры «Клуба рэдактараў». Каманда Weekly Top Fake праверыла, ці ёсць падставы для гэтага. 

ЕЗ 20 траўня 2025 года ўвёў 17-ты пакет санкцый супраць Расеі: за агрэсіўную вайну супраць Украіны, гібрыдную дзейнасць у дачыненні да краін Захаду, за выкарыстанне хімічнай зброі і грубыя парушэнні правоў чалавека. У афіцыйным паведамленні сярод іншага гаворыцца, што санкцыі павінны абмежаваць прыбыткі РФ ад паставак энерганосьбітаў. Гэту тэму праз тры дні, 23 траўня, абмеркавалі ў «Клубе рэдактараў» на каналах News.by і «Беларусь 1». Эканаміст Аляксей Аўдонін заявіў, што ЕЗ у выніку можа сутыкнуцца з маштабнымі наступствамі. 

«Яна (Расея — рэд.) зачыніла свае рынкі, не дала еўрапейцам дастаўляць сваю прадукцыю і сказала: “Сябры мае, у нас столькі рэсурсаў — нафты, газу, так, рэдказямельных металаў, урану і ўсяго іншага, і, галоўнае, — у нас рынак. Калі мы зачынімся ў рамках СНД, у рамках ЕАЭС, у рамках ШАС, то вы — Еўропа разам з Вялікай Брытаніяй — проста … памрэце, калі не больш жорстка сказаць, ад тых эканамічных наступстваў, якія рушаць услед праз адсутнасць магчымасці пастаўляць свае тавары”», — сказаў Аўдонін.

Экспарт ЕЗ у Расею абваліўся ўтрая: з амаль €100 млрд у 2021-м да €30 млрд з лішнім праз тры гады. Паводле дадзеных Еўрастату, у 2024-м краіны Еўразвязу прадалі за мяжу тавараў на суму больш €2,5 трлн. Атрымліваецца, што доля Расеі ў агульным аб'ёме экспарту — трохі перавышае 1%.

Асноўныя гандлёвыя партнёры ЕЗ па экспарце тавараў і паслуг за 2024 год: ЗША і Вялікая Брытанія. На іх прыпадае больш за траціну збыту. Зачыняюць першую пяцёрку імпарцёраў еўрапейскай прадукцыі Кітай, Швейцарыя і Турцыя.

Еўразвяз скараціў пастаўкі ў Расею, але пры гэтым наладзіў новыя гандлёвыя сувязі, у тым ліку з Новай Зеландыяй, Чылі і Кеніяй. У выніку агульныя продажы еўрапейскай прадукцыі за мяжу за апошнія тры гады выраслі больш чым на 18%. 

Дашліце інфармацыю, якая выклікае ў вас сумневы — мы праверым
Іншыя публікацыі
Мы выкарыстоўваем файлы cookie, каб палепшыць ваш карыстальніцкі досвед. Падрабязней
Адхіліць Прыняць