Кантэкст: Еўразвяз пагражае ўвесці новыя санкцыі супраць Беларусі праз памежны канфлікт з Літвой, які набірае абароты. Вільня адкрыла пункты пропуску на мяжы, якія прыпынілі працу ў адказ на запуск метэазондаў з кантрабанднымі цыгарэтамі з беларускага боку. Аднак улады Беларусі не выпускаюць літоўскія фуры і паўпрычэпы.
Крызіс ці ўмацаванне злотага?
Вядоўца тэлерадыёкампаніі «Брэст» Ала Грыгарчук заявіла, што санкцыі ЕЗ супраць Беларусі нібыта шкодзяць самому Еўразвязу. Заява прагучала 28 лістапада 2025 года ў эфіры праграмы «Прамая размова»:
«Што цікава: згодна з іх планамі, пакутаваць павінны мы, але справы ўсё горшыя ў іх саміх. Вось, пра што гавораць на гэтым тыдні на літоўскім тэлебачанні».
Далей паказалі фрагмент навінавага выпуску літоўскага тэлеканалу TV3 Plus ад 21 лістапада, у якім вядоўца распавяла: «Эпоха танных польскіх прадуктаў (мяса, малака, смятаны, а таксама масла), падобна, падыходзіць да канца. Немцы падлічваюць, што закупляцца ў Польшчы ім становіцца ўсё менш выгадна. Скардзяцца на падрослыя кошты ў суседняй краіне і жыхары Літвы».
Журналісты WTF паглядзелі арыгінальны выпуск літоўскіх навін цалкам і высветлілі, што на беларускім тэлеканале з відэа выдалілі значную частку. У ёй тлумачыцца, пра што на самой справе ішла гаворка ў сюжэце: «Скардзяцца на падрослыя кошты ў суседняй краіне і жыхары Літвы, якія ўсё яшчэ ездзяць туды па пакупкі. Эканамісты тлумачаць, што розніца ў коштах паміж дзвюма дзяржавамі выраўноўваецца: злоты даражэе, а пакупніцкая здольнасць літоўскіх спажыўцоў расце», — далей патлумачыла вядоўца TV3 Plus.
Гэта значыць, у літоўскіх навінах казалі не пра крызіс і інфляцыю, а пра тое, што польская валюта ўмацавалася і за адзін еўра цяпер даюць менш злотых. Гэта не выгадна замежнікам, якія прыязджаюць у краіну з еўра. Акрамя таго, выраўноўваецца разрыў у цэнах на тавары паміж краінамі Еўразвязу. Яшчэ пяць гадоў таму кошты ў Польшчы былі на ўзроўні 70% ад сярэднееўрапейскіх, а цяпер — 85%. Пры гэтым Польшча ўсё роўна застаецца ў тройцы краін з самымі нізкімі коштамі ў ЕЗ.
Пратэст супраць правых або незадаволенасць ростам коштаў?
Пасля тэмы коштаў вядоўца літоўскага тэлеканалу на фрагменце, паказаным у праграме «Прамая размова», перайшла да аповеду аб пратэстах: «У цэнтры Вільні прайшоў маштабны пратэст, у якім узялі ўдзел больш за 4000 чалавек, ад работнікаў культуры да фермераў. Нягледзячы на тое, што будынак парламенту ў дзень мітынгу пуставаў, пратэстоўцы далі зразумець — гэта толькі пачатак ціску, калі ўрад працягне рабіць выгляд, што крызісу няма».
Чаму пратэставалі літоўцы, на відэа не тлумачыцца. Прычыны засталіся ў арыгінальным выпуску літоўскіх навін: «Нагода [пратэстаў] — незадаволенасць удзелам “Зары Нямунаса" ў кіроўнай кааліцыі і нядаўнія прызначэнні ў Міністэрстве культуры».
Пратэсты таксама не былі звязаныя з коштамі і ўзроўнем жыцця. Людзі выйшлі, каб выказаць незадаволенасць правапапулістскай літоўскай партыяй «Зара Нямунаса» (літ. — Nemuno Aušra). На апошніх выбарах (у 2024 годзе) яна набрала 15% галасоў выбарнікаў. Сацыял-дэмакраты прапанавалі ёй увайсці ў кіроўную кааліцыю, аддаўшы пасады ў трох міністэрствах. Адным з іх было Міністэрства культуры. Яго ўзначаліў былы камерцыйны дырэктар макароннай фабрыкі, то бок чалавек не са сферы культуры. Гэта выклікала абурэнне культурнай супольнасці яшчэ да яго прызначэння.
На пасадзе новы міністр пратрымаўся ўсяго тыдзень. Пасля таго як пад час інтэрв'ю ён не змог адназначна адказаць на пытанне «чый Крым?», пратэсты ўзняліся з новай сілай і ён быў вымушаны пакінуць сваю пасаду. Цяпер мітынгоўцы патрабуюць наогул адхіліць правых ад кіраўніцтва краінай. Паводле іх, гэтая партыя ўяўляе пагрозу для дэмакратычных каштоўнасцяў.