Расследуем карупцыю, выкрываем фэйкі, аналізуем навінавую павестку. БРЦ — чалец глабальнай сеткі журналістаў-расследавальнікаў.
Журналісты БРЦ – лаўрэаты нацыянальнай прэміі «Вольнае слова» Беларускай асацыяцыі журналістаў за расследаванні ў 2018, 2019, 2020, 2021 і 2022 гадах. На «Вольным слове» у 2021 годзе каманда БРЦ атрымала першае месца ў катэгорыі «Аналітыка».
БРЦ з'яўляецца чальцом OCCRP (Цэнтр па даследаванні карупцыі і арганізаванай злачыннасці)
Таксама мы чальцы GIJN (Глабальная сетка журналістаў расследавальнікаў)
За першае паўгоддзе 2025-га аб'ём гандлю з краінамі-чальцамі ШАС склаў каля $60 млрд, расказалі ў навінах на СТБ. Каманда Weekly Top Fake высветліла, што падлікі журналістаў няправільныя.
Пра поспехі Беларусі ў гандлі з краінамі ШАС распавялі ў навінавым сюжэце на канале СТБ 31 жніўня 2025 года:
«За першае паўгоддзе 2025-га сумарны аб'ём гандлю з краінамі-чальцамі ШАС склаў амаль 76% усяго таваразвароту Беларусі. У грашовым выразе — гэта больш за $60 млрд. Значная лічба — вынік рэалізацыі стратэгіі па развіцці нашых адносін з краінамі далёкай дугі і пераарыентацыі таварных плыняў з Захаду на Усход».
Гэта інфармацыя са спасылкай на тэлеканал СТБ з'явілася і ў іншых медыя. А 4 верасня гэтыя ж дадзеныя агучыла ў эфіры СТБ аналітык Беларускага інстытуту стратэгічных даследаванняў Анастасія Савіных.
Афіцыйнай статыстыкі гандлю з краінамі ШАС не публікавалі. Але Аляксандр Лукашэнка ў інтэрв'ю Медыякарпарацыі Кітая заявіў, што каля 75% беларускага таваразвароту прыпадае на краіны ШАС. Аднак сцвярджэнне пра таваразварот у $60 млрд з краінамі-чальцамі арганізацыі — ілжывае.
Па афіцыйных дадзеных, увесь вонкавы таваразварот — і тавараў, і паслуг — Беларусі ў студзені-чэрвені набліжаўся да $50 млрд. Такім чынам, калі таваразварот з краінамі ШАС, як сцвярджаў Лукашэнка, складае 75%, то ў грашовым выразе гэта прыкладна $36,5 млрд. То бок, амаль удвая менш, чым паведамілі на СТБ.