Антыфэйк / фактчэк Сёння

«Каля 70% мінеральных вод Еўропы». Як на «Радыё-Менск» знайшлі ў Беларусі воднае панаванне

Нават асобныя еўрапейскія краіны пераўзыходзяць Беларусь па запасах мінеральнай вады.

Галоўны рэдактар газеты «Менскі курʼер» Кірыл Казакоў заявіў, што ў Беларусі знаходзіцца каля 70% мінеральных вод Еўропы. Але гэтая ацэнка не пацвярджаецца дадзенымі пра запасы мінеральнай вады ў іншых краінах: ва Украіне эксплуатацыйныя запасы большыя за беларускія, у Польшчы — амаль утрая большыя, а ў Балгарыі — у шэсць разоў.

Кантэкст: Рассельгаснагляд і Расспажыўнагляд забаранілі ўвоз у Расею з Арменіі мінеральнай вады, свежых таматаў, агуркоў, перцаў, зеляніны, клубніц, а таксама кветак і каньяку. Рассельгаснагляд патлумачыў гэта абаронай фітасанітарнага дабрабыту Расеі. Рашэнне часовае і, паводле афіцыйнай фармулёўкі, будзе дзейнічаць да забеспячэння бяспекі прадукцыі, якую адгружаюць. Гэта супала са збліжэннем Арменіі з Еўразвязам і заклікам лідараў краін ЕАЭС да Арменіі правесці рэферэндум і выбраць, з кім яна — з імі ці Еўразвязам. Паводле іх слоў, адначасова знаходзіцца ў двух саюзах краіна не можа.

26 траўня 2026 года галоўны рэдактар газеты «Менскі курʼер» Кірыл Казакоў у эфіры «Радыё-Менск» расказаў, на якім экспарце можа зарабіць Беларусь. Сярод такіх рэсурсаў ён назваў беларускую мінеральную ваду:

«10 мільярдаў долараў — гэта толькі мы зарабляем на экспарце. А, зразумелая справа, што ў нас ёсць яшчэ адзін рэсурс, які мала хто цяпер успрымае як сур’ёзны. Гэта вада. Чыстая вада. Паводле розных ацэнак, у Беларусі знаходзіцца каля 70% мінеральных вод Еўропы. Мінеральных».

У Беларусі сапраўды ёсць значныя запасы мінеральнай вады. На тэрыторыі краіны разведана 245 радовішчаў, а прамысловыя запасы ацэньваюцца ў 65 тыс. куб. м за суткі. То бок прыкладна столькі вады тэарэтычна можна здабываць кожны дзень без рызыкі знясіліць радовішчы.

Але сцвярджэнне пра 70% мінеральных вод Еўропы не пацвярджаецца. Даследаванняў, якія паказвалі б такую долю Беларусі, няма. А параўнанне з іншымі краінамі дэманструе, што ацэнка Казакова разыходзіцца з рэальнасцю. Толькі ва Украіне эксплуатацыйныя запасы мінеральных вод складаюць амаль 100 тыс. куб. м за содні. Гэта ўжо больш, чым у Беларусі. У Польшчы запасы мінеральных вод амаль утрая большыя за беларускія. У Балгарыі — у шэсць разоў большыя. У Францыі штогод разліваюць у бутэлькі для продажу каля 7 млн куб. м мінеральнай вады. У пераліку на содні гэта амаль 20 тыс. куб. м. У Італіі — яшчэ каля 45 тыс. куб. м за содні.

То бок толькі Францыя і Італія разам штогод разліваюць і прадаюць бутыляванай мінеральнай вады прыкладна столькі ж, колькі ў Беларусі разведана ў якасці прамысловых запасаў. Рэальныя запасы вады ў нетрах гэтых краін, відавочна, павінны быць значна большыя.

Дашліце інфармацыю, якая выклікае ў вас сумневы — мы праверым
Іншыя публікацыі
Мы выкарыстоўваем файлы cookie, каб палепшыць ваш карыстальніцкі досвед. Падрабязней
Адхіліць Прыняць