Антыфэйк / фактчэк 14 мая

Лукашэнка перабольшыў страты гітлераўцаў у першыя дні Вялікай Айчыннай. Палічылі, у колькі разоў

Толькі на тэрыторыі Беларусі, як ён кажа, загінула больш людзей, чым за два гады ў Еўропе.

У Беларусі толькі ў першыя дні вайны гітлераўцы страцілі больш жаўнераў і афіцэраў, чым за два папярэднія гады вайны ў Еўропе, заявіў Аляксандр Лукашэнка, выступаючы падчас параду ў гонар 80-годдзя перамогі. Каманда Weekly Top Fake праверыла, як яго версія гісторыі адрозніваецца ад афіцыйнай.

Пра мужнасць беларускага народу ў змаганні з фашысцкімі захопнікамі Аляксандр Лукашэнка распавёў, выступаючы з урачыстай прамовай 9 траўня 2025 года ў Менску. Відэазапіс апублікаваў тэлеграм-канал «Пул Першага». 

«На савецкай мяжы тэхнічна падрыхтаваная і ўжо тактычна абкатаная армія фашыстаў спатыкнулася. На подступах да Масквы ўгразла на доўгія гады. У першыя дні толькі ў Беларусі гітлераўцы страцілі больш салдатаў і афіцэраў, чым за два гады маршу па ўсёй Еўропе», — сказаў Лукашэнка. 

Каманда WTF праверыла, ці сапраўды нямецкія войскі, што ішлі праз Беларусь на Маскву, летам 1941 года страцілі больш жаўнераў, чым за два гады вайны ў Еўропе да гэтага. Па дадзеных аб стратах вермахта з архіва нямецкага аператыўнага камандавання, з 1939 па першую палову 1941 года нямецкая армія захапіла вялікую частку Еўропы. За гэты час больш за 50 тыс. яе жаўнераў загінулі. Звыш 150 тыс. — атрымалі параненні ці згінулі без вестак. Больш за ўсё — у Францыі. У час баёў за Польшчу загінулі 10 тыс. нямецкіх жаўнераў, за Грэцыю і Нарвегію — каля 8 тыс. 

Напаўшы на Савецкі Саюз, нямецкія войскі прайшлі тэрыторыю Беларусі за месяц. На ўсім усходнім фронце за чэрвень 1941 года вермахт страціў не меней за 42 тыс. чалавек забітымі, згінулымі без вестак і параненымі. Гэта ў пяць разоў менш, чым за два гады вайны Гітлера ў Еўропе. І гэтыя страты ўлучаюць і балтыйскі, і ўкраінскі франты.

Дашліце інфармацыю, якая выклікае ў вас сумневы — мы праверым
Іншыя публікацыі
Мы выкарыстоўваем файлы cookie, каб палепшыць ваш карыстальніцкі досвед. Падрабязней
Адхіліць Прыняць