Былы кіраўнік Офісу прэзідэнта (ОП) Украіны Уладзіміра Зяленскага Андрэй Ермак з 2022 года выступаў катэгарычна супраць увядзення санкцыяў супраць Аляксандра Лукашэнкі. Іх прыняцце стала магчымым толькі пасля ягонага сыходу. Пра гэта на правах ананімнасці журналісту БРЦ распавёў украінскі высокапастаўлены чыноўнік за дзень да таго, як прэзідэнт Украіны падпісаў Указ «Аб ужыванні персанальных спецыяльных эканамічных і іншых абмежавальных захадаў (санкцыяў)».
«Заўсёды быў супраць санкцыяў»
Уладзімір Зяленскі 18 лютага 2026 года ў сваім тэлеграм-канале паведаміў аб увядзенні санкцыяў супраць Аляксандра Лукашэнкі за «садзейнічанне забойствам украінцаў». Адпаведны ўказ апублікавалі ў той жа дзень на сайце прэзідэнта Украіны. Са словаў суразмоўцы БРЦ, ініцыятывы ўвесці санкцыі супраць Лукашэнкі ў офісе Зяленскага былі і на пачатку поўнамаштабнага ўварвання, але катэгарычна супраць гэтага выступаў тагачасны кіраўнік ОП Андрэй Ермак.
«У 2022 годзе, памятаю, мы гэта абмяркоўвалі, ну тады яно было... як нейкая палітычная гульня: каб яго (Лукашэнку — рэд.) не адштурхнуць канчаткова ў Расею, што ён там больш не дазваляе скрозь сябе (праз Беларусь — рэд.) праводзіць войскі. Андрэй Барысавіч [Ермак] заўсёды быў супраць санкцыяў датычна Беларусі. Цяпер, я думаю, што такой адкрытай пазіцыі супраць ужо ні ў каго няма», — распавяла крыніца.
У адпаведнасці з артыкулам 5 Закона Украіны «Аб санкцыях», Савет нацыянальнай бяспекі і абароны краіны разглядае пытанні ўжывання, адмены і ўнясення зменаў у санкцыі на падставе прапановаў Вярхоўнай Рады, прэзідэнта, Кабінета міністраў, Нацыянальнага банку або Службы бяспекі. Журналіст БРЦ у канцы студзеня 2026 года адправіў запыты ў ОП, СБУ і Нацбанк з пытаннем аб тым, чаму там не ініцыявалі ўвядзенне санкцыяў супраць Аляксандра Лукашэнкі.
ОП нічога не адказаў, Нацбанк у дзень увядзення санкцыяў паведаміў аб падпісанні ўказа, а ў СБУ апавясцілі: «разгалашэнне інфармацыі з абмежаваным доступам аб дзейнасці спецслужбы можа нашкодзіць мерапрыемствам па перадухіленні пагрозаў нацыянальнай бяспекі Украіны».
«Мусіць быць адказ Украіны»
17 лютага той жа ўкраінскі высокапастаўлены чыноўнік на правах ананімнасці распавёў, што запыт журналіста БРЦ у офіс прэзідэнта датычна адсутнасці санкцый супраць Аляксандра Лукашэнкі «рэальна прыцягнуў увагу».
Былы Надзвычайны і Паўнамоцны Амбасадар Украіны ў Беларусі, экс-амбасадар па асаблівых даручэннях па Беларусі МЗС Украіны Ігар Кізім у каментары БРЦ выказаў іншае меркаванне. Паводле ягоных словаў, на пазіцыю Офісу прэзідэнта паўплываў не сыход з пасады Андрэя Ермака, а змена палітыкі ОП агулам:
«Я не думаю, што там Ермак проста такі ўжо цэнтральны быў у гэтым плане, — адзначыў Кізім. — З'яўляюцца новыя прыкметы ягонага (Аляксандра Лукашэнкі — рэд.) удзелу ў агрэсіі, у тым ліку тое, што з ягонай тэрыторыі кантралюецца праход дронаў расейскіх, то бок яны працягваюць садзейнічаць расейскай агрэсіі. І, напэўна, на кожны такі крок негатыўнага стаўлення да Украіны павінен быць адказ Украіны».
Хто такі Андрэй Ермак
Андрэй Ермак — былы кінапрадзюсар. Уладзімір Зяленскі прызначыў яго кіраўніком свайго офісу ў лютым 2020 года. Да гэтага Ермак працаваў памочнікам прэзідэнта Украіны. Гэтую пасаду ён займаў у той перыяд, калі адбылася адзіная сустрэча Уладзіміра Зяленскага і Аляксандра Лукашэнкі — у кастрычніку 2019 года ва ўкраінскім Жытоміры.
Ермак пакінуў пасаду кіраўніка ОП у лістападзе 2025 года на фоне палітычнага скандалу, звязанага з карупцыяй ва ўкраінскай энергетыцы і апублікаванымі Нацыянальным антыкарупцыйным бюро аўдыя-запісамі. На іх удзельнікі арганізаванай групы згадваюць чалавека па мянушцы Алі-Баба. На думку народнага дэпутата Украіны Яраслава Жалязняка, Алі-Баба — не хто іншы, як Андрэй Ермак.
Ужо пасля адстаўкі Ермака, 25 студзеня 2026 года, прайшла першая двухбаковая сустрэча Уладзіміра Зяленскага з адной з лідарак беларускай апазіцыі Святланай Ціханоўскай. Раней супраць гэтага выступаў цяпер ужо экс-кіраўнік ОП.
Журналісты БРЦ звярнуліся да Андрэя Ермака па каментар. Адказу на момант публікацыі не атрымалі.