Ад крыніцы ў лагістычнай сферы БРЦ атрымаў звесткі пра пастаўкі расейскім вытворцам узбраення ад паўсотні беларускіх прадпрыемстваў з лютага 2022 года да жніўня 2025-га. З гэтага масіву мы вылучылі пяць прыватных кампаніяў, якія зарабілі на такіх пастаўках больш за ўсё. Пры гэтым супраць часткі з іх, нягледзячы на супрацу з падсанкцыйнымі прадпрыемствамі, заходнія краіны не ўвялі ніякіх абмежаванняў. Уладальнікі некаторых кампаніяў працягваюць працаваць на еўрапейскім і амерыканскім рынках.
Пад прыватнымі кампаніямі мы разумелі прадпрыемствы, уладальнікамі якіх, паводле дадзеных з карпаратыўных дакументаў, з'яўляюцца прыватныя асобы. У гэтую групу мы не ўключалі арганізацыі сістэмы Дзяржкамваенпраму — нават калі па форме ўласнасці яны не зʼяўляюцца дзяржаўнымі.
№1. «Абаронныя ініцыятывы»: пастаўка на два мільёны
Найбольшая паводле кошту ўгода з прадпрыемствам расейскага ВПК сярод прыватных беларускіх кампаніяў прыпадае на менскага вытворцу вайсковай прадукцыі ТАА «Абаронныя ініцыятывы». Праз восем месяцаў пасля поўнамаштабнага ўварвання ва Украіну супрацоўнік кампаніі паведаміў журналістам, што прадпрыемства не пастаўляе прадукцыю ў Расею. БРЦ знайшоў як мінімум адну такую пастаўку: у 2024 годзе кампанія адправіла выраб «И218-22», які належыць да класу радыёлакацыйнай і іншай апаратуры, больш чым на $2 млн расейскай авіябудаўнічай кампаніі ПАО «Туполев». Супраць гэтага маскоўскага прадпрыемства, пачынаючы з 2019 года, ЗША, ЕЗ і яшчэ восем краінаў увялі шэраг санкцыяў. Яно праектуе і вырабляе ракетаносцы, напрыклад, стратэгічны бамбавік Ту-22МЗ, носьбіт крылатай ракеты Х-22, які выкарыстоўваюць на вайне супраць Украіны.
У дакументах не ўдакладняецца, што менавіта хаваецца за пазнакай «И218-22». Са словаў былога старэйшага навуковага супрацоўніка Інстытуту фізікі НАН Беларусі, кандыдата фізіка-матэматычных навук Івана Сіўцова, фармулёўку «выраб» могуць выкарыстоўваць для абазначэння прататыпу вайсковай прадукцыі:
«Напрыклад, прататыпы ядравых бомбаў называлі “выраб такі-та”. <...> Тэарэтычна можа быць [так названы і іншы тавар], але малаверагодна, звычайна, калі гэта хоць неяк паддаецца называнню, то дзеля перадухілення блытаніны, у дакументах называюць больш канкрэтна».
Сузаснавальнікі «Абаронных ініцыятываў» — беларусы Дзяніс Пашчанка і Уладзімір Мелікаеў. [*] [*] Першы ў 2010-м уваходзіў у Савет па развіцці прадпрымальніцтва пры Менгарвыканкаме, у 2012–2017 гадах — у Грамадска-кансультатыўны савет па развіцці прадпрымальніцтва пры Дзяржаўным ваенна-прамысловым камітэце. [*]
У біяграфіі другога заснавальніка ёсць дэталі, якія дрэнна спалучаюцца паміж сабой. З аднаго боку, Мелікаева цытавала прэс-служба Дзяржаўнага вайскова-прамысловага камітэту Беларусі як прадстаўніка «Абаронных ініцыятываў», у публікацыі прадпрыемства назвалі адным з флагманаў нацыянальнай абароннай прамысловасці. Да супрацы з гэтай кампаніяй, з 2003-га і як мінімум да 2021 года, ён працаваў на ПУП «Тэтраэдр», якое вырабляе радыёэлектронныя сістэмы ўзбраення і таксама звязанае з ВПК. З іншага — праваабарончая арганізацыя «Вясна» прызнала Мелікаева палітвязнем. У 2025 годзе Менскі гарадскі суд прысудзіў яго да калоніі паводле абвінавачання ў распальванні варожасці або варажнечы (артыкул 130 КК РБ). Мелікаева памілавалі пасля візіту ў Менск спецпасланніка прэзідэнта ЗША Джона Коўла ў сакавіку 2026 года.
Праваабарончая арганізацыя «Вясна» называе артыкул 130 КК РБ «распаўсюджаным інструментам рэжыму для барацьбы з іншадумцамі».
У асноўным паводле яго судзяць за выказванні ў інтэрнэце — «публікацыю рознага кантэнту з крытыкай рэжыму і негатыўнымі выказваннямі пра прадстаўнікоў улады, каментароў у сацыяльных сетках і публічных чатах, а таксама за перадачу звестак пра сілавікоў і чыноўнікаў пратэставым структурам».
№2. «ВТТ»: сямейная кампанія
Чацвёра з пяці заснавальнікаў кампаніі, якая заняла другое месца ў нашым рэйтынгу, звязаныя роднаснымі адносінамі. Смаргонскім ТАА «ВТТ» валодаюць сёстры Лідзія Гулецкая і Паліна Ралевіч (абедзве да замужжа Высоцкія), іх маці Наталля і дзядзька Авенір. Пяты — знаёмы сям'і Рустэм Маісееў. [*] [*] Публічнай інфармацыі пра тройку апошніх мала, напрыклад, мы ведаем, што Наталля і Авенір на пенсіі. Лідзія і Паліна сувязь з кампаніяй не афішуюць: першая займаецца рэжысурай, другая ў Instagram распавядае пра кандытарскую справу. Усе разам яны зарабляюць у тым ліку на кантрактах з расейскімі вытворцамі зброі.
Спецыялізуецца «ВТТ» на вытворчасці вакуумнай тэхнікі. У 2023-2024 гадах кампанія паставіла вакуумныя ўстаноўкі і іншыя часткі больш чым на $1,5 млн АО «ВОМЗ» («Вологодскому оптико-механическому заводу») і ПАО «КМЗ» («Красногорскому заводу им. С.А. Зверева»). Гэтыя расейскія прадпрыемствы сярод іншага вырабляюць снайперскія прыцэлы і прыцэлы для бранятэхнікі, абодва датычныя да холдынгу «Швабе», які ўваходзіць у дзяржкарпарацыю «Ростех». Супраць апошняй санкцыі ўвялі ЗША, ЕЗ, Японія, Канада, Швейцарыя, Аўстралія, Новая Зеландыя і Вялікая Брытанія.
Са словаў фізіка Івана Сіўцова, вакуумныя тэхналогіі — важны элемент у працэсе вытворчасці прыцэлаў:
«Усе добрыя прыцэлы вакуумуюць і запаўняюць сухім нейтральным газам: азотам ці чымсьці з высакародных, так што вакуумныя ўстаноўкі сапраўды патрэбныя. Гэта для таго, каб там запацявання не было і карозіі».
Адна з публічных персонаў у «ВТТ» — намеснік начальніка вытворчасці Аляксандр Ралевіч, па сумяшчальніцтве муж саўладальніцы Паліны. Ён пазначаны кантактнай асобай для саіскальнікаў, якія хочуць уладкавацца ў кампанію.
У 2025 годзе Ралевіч з партнёрамі зарэгістравалі ў Менскім раёне ТАА «Спектральныя прыборы і сістэмы», адзін з саўладальнікаў новай кампаніі — сузаснавальнік «ВТТ» Рустэм Маісееў. [*] [*] У фірмы на момант публікацыі няма свайго сайту або электроннага адрасу, у дзяржаўных рэгістрах пазначаны від дзейнасці — вытворчасць аптычных прыбораў.
Каб даведацца дэталі пра працу новай кампаніі, журналіст БРЦ патэлефанаваў Аляксандру Ралевічу пад выглядам прадстаўніка неіснуючай расейскай кампаніі, якая рэпрэзентуе інтарэсы холдынгу «Швабе». Ралевіч не толькі пагадзіўся абмеркаваць супрацу «Спектральных прыбораў і сістэмаў» з падсанкцыйным расейскім холдынгам, але і пацвердзіў гатовасць «ВТТ» прыняць у гэтым удзел:
«Я думаю, можам абмеркаваць нейкія пытанні. Калі вам цікава, магу прапанаваць вакуумнае абсталяванне, устаноўкі — кампанія “ВТТ” займаецца. Таксама настольныя прыборы і сістэмы кантролю».
У 2025 годзе БРЦ распавёў пра іншыя прадпрыемствы, якія займаюцца вакуумнымі тэхналогіямі і ўваходзяць у групу кампаніяў «Ізавак». Фірма з 30-гадовай гісторыяй і, са словаў яго сузаснавальніка, з гігантам Apple сярод сваіх былых партнёраў, паставіла расейскаму ВПК тавараў на $200 млн.
Аб'ём угодаў з прадпрыемствамі вайсковай прамысловасці РФ, імаверна, дасягнуў $200 млн за тры гады.
№3. «БАЗДарМаш»: дэталі для «самага засанкцыянаванага прадпрыемства ў РФ»
Трэцяй у нашым рэйтынгу прыватных кампаніяў стала жодзінскае ТАА «БАЗДарМаш», пераемнік ТДА «Белаўтазапчасць». Прадпрыемства вырабляе гідрацыліндры і іншую прадукцыю прамысловага прызначэння.
Менавіта гідрацыліндры, а таксама вырабы з няпорыстай гумы і фільтры з клапанам у 2022-2025 гадах «БАЗДарМаш» паставіў ПАО «МЗИК» («Машиностроительному заводу им. М.И. Калинина»), які выпускае абсталяванне для зенітна-ракетных комплексаў «Бук-М1» і С-300В ды знаходзіцца пад санкцыямі ЕЗ, ЗША, Канады, Украіны і Швейцарыі. Агульная сума паставак — $566 тыс. Гідрацыліндры шырока выкарыстоўваюць у розных галінах прамысловасці і ў розных тыпах тэхнікі, таму сцвярджаць, што пастаўленыя дэталі выкарыстоўвалі менавіта для стварэння ўзбраення, мы не можам.
Яшчэ двум расейскім прадпрыемствам, ПАО «КАМАЗ» і ООО «СТФК "КАМАЗ"», беларуская кампанія з 2022-га па 2025 год паставіла ўстаноўкі і рухавікі больш чым на $792 тыс. «КАМАЗ» выпускае цяжкавікі, якія войска РФ выкарыстоўвае ў вайне супраць Украіны. Прэсавая служба назвала аўтаканцэрн «самым засанкцыянаваным прадпрыемствам у Расеі».
Кампаніі ООО «Оружейные мастерские» беларускае прадпрыемства прадало восем гідрацыліндраў прыкладна на тысячу долараў. Гэтае расейскае прадпрыемства вырабляе бронеаўтамабілі «Тигр-М» для Мінабароны РФ і прыцэлы наводчыка камбінаванага, якія ўваходзяць у склад бронеаўтамабіляў БТР-82А.
№4. «Мінатор-Сэрвіс»: кіруючыся наказам Лукашэнкі
На чацвёртым месцы нашага рэйтынгу кампанія, якой Аляксандр Лукашэнка ў 2016 годзе пажадаў разам з іншымі прыватнымі прадпрыемствамі вырасці «ў магутныя структуры абароннага сектару, якія будуць працаваць не толькі на ўнутранае спажыванне, але і на вонкавае». Праз некалькі гадоў для УП «Мінатор-Сэрвіс» гэтыя словы сталі рэальнасцю. За 2022-2025 гады кампанія паставіла расейскаму ВПК бартавых перадачаў, манжэт, гусеніц, апорных каткоў, рукавоў і іншых камплектуючых, якія могуць выкарыстоўвацца ў вытворчасці вайсковай тэхнікі, у суме амаль на $1,2 млн.
Пералічаныя дэталі — гэта, у асноўным, часткі для вытворчасці гусенічнай тэхнікі, адзначыў Іван Сіўцоў. Напрыклад, апорныя каткі прызначаныя для гусенічных цягачоў, якія выкарыстоўвае пераважна войска. Іх кампанія паставіла на Машынабудаўнічы завод ім. М.І. Калініна. Гэтае прадпрыемства знаходзіцца пад санкцыямі ЕЗ, ЗША, Канады, Украіны і Швейцарыі.
Іншыя расейскія кліенты «Мінатор-Сэрвісу», якія вырабляюць, рамантуюць і абслугоўваюць зброю і вайсковую тэхніку: АО «УМЗ» (Ульянаўскі механічны завод) і АО «75 Арсенал», якое займаецца капітальным рамонтам радыёлакацыйных станцыяў, сістэмаў і комплексаў супрацьпаветранай абароны. Супраць першага санкцыі ўвялі ЕЗ, ЗША, Канада і Швейцарыя, супраць другога — толькі ЗША.
З расейскім ВПК «Мінатор-Сэрвіс» пачаў супрацоўнічаць яшчэ да пачатку ўварвання РФ ва Украіну. У 2014 годзе гэта было адзінае беларускае прадпрыемства, якое выконвала серыйны рамонт і мадэрнізацыю тэхнікі на замову Мінабароны Расеі. У 2023-2025 гадах кампанія распрацоўвала гусенічную і колавую вайсковую тэхніку ў межах пагаднення аб рэалізацыі сумеснай праграмы вайскова-тэхнічнай супрацы паміж Менскам і Масквой. Прадпрыемства ўдзельнічала ў праграме разам з гігантамі беларускай абароннай прамысловасці — ААТ «Пеленг», ААТ «Канструктарскае бюро "Дысплей"», ААТ «МЗКЦ» і іншымі.
№5. «Кванд Іс»: гандаль тэхналогіямі з-пад санкцыяў
Супраць менскага ТАА «Кванд Іс», пятай кампаніі ў нашым рэйтынгу, Вашынгтон увёў санкцыі ў чэрвені 2024 года — за пастаўку беспілотных тэхналогіяў расейскаму абароннаму ведамству і «дзейнасць у абаронным і звязаным з ім матэрыяльна-тэхнічным сектары эканомікі Расейскай Федэрацыі». Паводле інфармацыі Мінфіну ЗША, кампанія спраектавала шэраг разведвальных БПЛА, а таксама баражыруючыя боепрыпасы, то бок дроны-камікадзэ.
Гэта, аднак, не перашкодзіла сузаснавальнікам «Кванд Іс» праз сетку іншых кампаніяў весці бізнес на амерыканскім рынку. [*] [*] Апошняя ў ланцужку — зарэгістраваная ў ЗША кампанія UAVOS INC. Яе дырэктарам як мінімум да 2023 года быў расеец з ізраільскім пашпартам Вадзім Тарасаў. Ён жа да верасня 2025 года быў сузаснавальнікам швейцарскай кампаніі UAVOS GmbH, якой у розны час валодалі сузаснавальнікі беларускай «Кванд Іс» Юрый Капачэўскі, Аляксей Страцілатаў (па сумяшчальніцтве — кіраўнік амерыканскай UAVOS) і Сяргей Тыцык. Супраць апошняга ЗША ўвялі санкцыі летам 2024 года. Таксама Тарасаў на момант публікацыі з'яўляецца сябрам назіральнай рады польскай UAVLAS sp. z o.o. [*]
Працуючы на еўрапейскім і амерыканскім рынках уладальнікі «Кванд Іс» зараблялі і ў Расеі. Як высветліў БРЦ, у сакавіку 2024 года кампанія паставіла оптыка-электронныя станцыі, апорна-паваротныя прылады для кіравання разведвальна-ўдарнымі беспілотнымі лятальнымі апаратамі і лічбавыя камеры на адрас ПАО «НПО "Алмаз"». Кошт пастаўкі — амаль $600 тыс. НПО «Алмаз» — гэта прадпрыемства расейскага ВПК, частка АО «Концерн ВКО "Алмаз-Антей"», супраць якога ўвялі санкцыі ЗША, ЕЗ, Канада, Аўстралія, Новая Зеландыя, Японія, Швейцарыя, Украіна і Вялікая Брытанія. Кампанія вырабляе зенітныя ракетныя комплексы, комплексы С-25 «Беркут», а таксама С-75, С-125, С-200, сістэмы супрацьракетнай абароны А-35 і іншыя ўстаноўкі.
У пісьмовым каментары БРЦ Сяргей Тыцык пацвердзіў толькі факт адпраўкі «Кванд Іс» апорна-паваротных прыладаў у Расею, але заўважыў, што «яно не на вайне, гэта ж дакладна».
«Рэшта (пастаўкі іншых тавараў у Расею — рэд.) — нейкая бздура, гэта не можа быць выкарыстана для беспілотнікаў. <...> А наогул, у мяне афіцыйная пазіцыя ў РБ і ўсе яе ведаюць: у РФ і ва Украіну ваенку не пастаўляць», — дадаў Тыцык.
«Не было паставак, я вам кажу!»
На момант выхаду гэтага расследавання супраць двух з пяці кампаніяў у нашым рэйтынгу не ўведзеныя ніякія абмежаванні — гэта «ВТТ» і «БАЗДарМаш». Беларускіх вытворцаў зброі і тэхнікі «Абаронныя ініцыятывы» і «Мінатор-Сэрвіс» з 2022 года ўключылі ў санкцыйныя спісы ЗША, ЕЗ, Украіны, Вялікай Брытаніі, Новай Зеландыі, Японіі, Аўстраліі, Канады і Швейцарыі — за ўдзел у агрэсіі Расеі супраць Украіны.
Пра абмежаванні супраць кампаніі-распрацоўніка БПЛА «Кванд Іс» яе кіраўнік Сяргей Тыцык сам нагадаў журналісту БРЦ, які яму датэлефанаваўся:
«Тое, што вы сказалі пра пастаўкі ў Расею, — гэта хлусня. І ўжо вы хлусілі адзін раз. І за гэта я пад санкцыямі цяпер. <...> Не было паставак, я вам кажу! І казаў ужо, што не было, разумееце, якое свінства. Мая нармальная пазіцыя, разумееце, у выніку вылілася ў тое, што... Трэба было, б..ць, паставіць — і яб...ць канкрэтна. Так што ідзіце вы на х.., разумееце, казлы», — сказаў ён і кінуў слухаўку.
Сузаснавальнікі «ВТТ» Паліна Ралевіч і Авенір Высоцкі падчас тэлефоннай размовы ў адказ на пытанне аб продажы тавараў прадпрыемствам расейскага ВПК прамаўчалі, а дырэктар «БАЗДарМаш» Дзмітрый Сідараў каментаваць тэму адмовіўся і прапанаваў журналісту прыехаць па інтэрв'ю ў офіс кампаніі.
Мы скіравалі запыты з просьбай пракаментаваць факты, выкладзеныя ў расследаванні, усім кампаніям, якія ў ім фігуруюць. На момант публікацыі мы не атрымалі ніводнага адказу.
Гэты матэрыял уваходзіць у цыкл публікацыяў пра супрацу беларускіх кампаніяў з расейскімі вытворцамі ўзбраенняў:
Абедзве належаць бізнесоўцу з Беларусі.