Антыфэйк / фактчэк 30 красавіка

«На ежу — 58%, астатняе — на камуналку». На Першым інфармацыйным у чатыры разы перабольшылі выдаткі жыхароў Латвіі

Вядоўца Яўген Горын заявіў, што амаль увесь даход латвійцаў сыходзіць на прадукты і камунальныя паслугі.

На Першым інфармацыйным заявілі, што жыхары Латвіі трацяць на ежу больш за палову заробку, а астатнія грошы — на камунальныя паслугі. Аднак у эфіры змяшалі розныя паказнікі і выдалі долі асобных артыкулаў сямейных выдаткаў за амаль поўны расход усяго даходу.

Кантэкст: Беларусь можа стаць прытулкам для прарасейскага латвійскага палітыка Аляксея Рослікава. На радзіме супраць яго завялі справу аб распальванні нацыянальнай варожасці і нянавісці, а рэйтынг падтрымкі яго партыі «Стабільнасць!», якую ён узначальваў да ўцёкаў, не перавышае 3%. 9 красавіка 2026 года ў Менску ён правёў прэс-канферэнцыю, дзе раскрытыкаваў палітыку Латвіі і пахваліў эканамічную сітуацыю ў Беларусі. Гэта адбылося на фоне крытычных выказванняў Аляксандра Лукашэнкі на адрас краін Балтыі.

Вядоўца праграмы «Тэма дня» Яўген Горын 15 красавіка 2026 года на Першым інфармацыйным тэлеканале* заявіў, што жыхары Латвіі амаль цалкам трацяць свае даходы на ежу і камунальныя паслугі:

«Жыхары Балтыі бяднеюць хутчэй, чым тануў “Тытанік”. У Латвіі людзі выдаткоўваюць на ежу больш за палову заробку — 58%. Астатнія 42% сыходзяць на камуналку. Пры гэтым цэны на прадукты вышэйшыя за сярэднееўрапейскія».

Частка гэтага сцвярджэння сапраўды абапіраецца на рэальныя звесткі. Цэны на прадукты ў Латвіі і праўда вышэйшыя за сярэднееўрапейскія — прыкладна на 5%. Але калі ўлічваць не толькі прадукты, а ўсе тавары ў цэлым, то сярэдні ўзровень цэн у краіне, наадварот, прыкладна на 17% ніжэйшы, чым у Еўразвязе.

Далей у сюжэце пачынаюцца падмены. У справаздачах Еўрастату сапраўды ёсць звесткі, паводле якіх выдаткі на жыллё і камунальныя паслугі складаюць каля 16% выдаткаў латвійскіх хатніх гаспадарак. Але ў гэтую лічбу ўваходзіць не толькі камуналка, але і арэнда жылля. Калі арэнду не ўлічваць, то на камунальныя паслугі прыпадае каля 6%. Акрамя таго, гаворка ідзе не пра заробак аднаго чалавека, а пра выдаткі ўсёй хатняй гаспадаркі. У такой сям’і даход могуць прыносіць двое дарослых.

Няправільнай аказалася і лічба пра выдаткі на харчаванне. На прадукты ў Латвіі сыходзіць не 58% даходаў і нават не палова выдаткаў, а прыкладна пятая частка ўсіх выдаткаў хатняй гаспадаркі. Паводле мерак Еўразвязу гэта сапраўды нямала, але гэта зусім не тое, што прагучала ў эфіры.

Унутры ЕЗ найгоршы паказнік у Румыніі — каля 23%. А сярод краін, якія ўвайшлі ў справаздачу, самы высокі паказнік у Босніі і Герцагавіны, якая пакуль толькі прэтэндуе на ўступленне ў Еўразвяз: там на харчаванне сыходзіць амаль 30% выдаткаў. Для параўнання: у Беларусі доля выдаткаў на прадукты, паводле звестак Нацыянальнага статыстычнага камітэту, блізкая да гэтых значэнняў.

Не пацвярджаецца і тэзіс пра тое, што жыхары Латвіі бяднеюць. Паводле вынікаў 2025 года іх рэальныя даходы, то-бок з улікам росту цэн, павялічыліся прыкладна на 6%.

У выніку выдаткі на харчаванне і камунальныя паслугі ў Латвіі складаюць не ўвесь даход і нават не большую яго частку, а прыкладна чвэрць паўсядзённых выдаткаў сям’і. Гэта азначае, што ў эфіры Першага інфармацыйнага маштабы праблемы завысілі прыкладна ў чатыры разы.

Першы інфармацыйны тэлеканал — іншая назва News.by, належыць Белтэлерадыёкампаніі.

Дашліце інфармацыю, якая выклікае ў вас сумневы — мы праверым
Іншыя публікацыі
Мы выкарыстоўваем файлы cookie, каб палепшыць ваш карыстальніцкі досвед. Падрабязней
Адхіліць Прыняць