Кантэкст: У Італіі 6 лютага 2026 года стартавалі XXV зімовыя Алімпійскія гульні. У іх бяруць удзел 92 краіны свету. Зборныя Беларусі і Расеі да спаборніцтваў не дапусцілі. Аднак у Гульнях будуць браць удзел 20 так званых нейтральных спартоўцаў — 13 расейцаў і 7 беларусаў, яны выступаюць не як прадстаўнікі пэўнай краіны.
У эфіры «Вечаровага палітычнага каналу» на «Радыё-Менск» раскрытыкавалі Алімпійскія гульні, якія сёлета праходзяць у італьянскіх гарадах Мілане і Карціна-д'Ампеца. Вядоўцы Алёна Радоўская і Кірыл Казакоў, а таксама госць праграмы, намеснік дырэктара па навуковай працы Інстытуту сацыялогіі НАН Беларусі Аляксандр Пасталоўскі прыйшлі да высновы, што «абсалютна несумленная канкурэнцыя там цяпер праходзіць», на расейскіх і беларускіх спартоўцаў аказваюць ціск, а іх няўдзел «агаліў канкурэнцыю» для заходніх спартоўцаў. Усё гэта, па словах Пасталоўскага, адбілася на папулярнасці Гульняў.
«Алімпіяда — гэта ўжо даўно не пра спорт. Гэта проста палітыка, форма звядзення рахункаў, і відавочна, што і аўдыторыя валіцца, і заўзятары не так увагу надаюць гэтым спаборніцтвам», — заявіў Пасталоўскі ў эфіры 11 лютага 2026 года.
Алімпіяда працягнецца да 22 лютага, таму сказаць, колькі агулам гледачоў наведаюць спаборніцтвы, пакуль немагчыма. Аднак можна параўнаць, колькі людзей збіралі цырымоніі адкрыцця ў розныя гады. На адкрыццё зімовай Алімпіяды—2026 у Мілане прыйшла 61 тыс. гледачоў. Арганізатары паведамілі, што прадалі ўсе квіткі.
На адкрыцці мінулай зімовай Алімпіяды — у Пекіне ў 2022 годзе — пабывалі 25 тыс. гледачоў. Але Гульні тады праходзілі ў час абмежаванняў, звязаных з пандэміяй каронавіруса.
Паводле дадзеных The Guardian, у Пхёнчхане ў 2018 годзе 35-тысячны стадыён гледачы запоўнілі прыкладна на 95%. То бок прыйшлі каля 33 тыс. чалавек. У Сочы ў 2014-м цырымонія адкрыцця сабрала каля 40 тыс. гледачоў. Гэтыя дадзеныя паказваюць, што адкрыццё Гульняў гэтага года пабіла рэкорд папулярнасці апошніх двух дзесяцігоддзяў, саступаючы толькі Ванкувэру (61,6 тыс. гледачоў).
Онлайн-прагляды зімовых спаборніцтваў у Мілане таксама сталі рэкорднымі. 11 лютага — на шосты дзень — афіцыйны медыяпартнёр Алімпійскіх гульняў у Еўропе Warner Bros Discovery паведаміў, што толькі на іх платформах налічваецца на 39% больш гадзін праглядаў трансляцыяў у запісе, чым на гэтым жа этапе Алімпіяды ў Пекіне. Па паказніках прагляду прамой трансляцыі цяперашнія Гульні апераджаюць і Пекін—2022, і Пхёнчхан—2018.