Антыфэйк / фактчэк Сёння

У «Клубе рэдактараў» заявілі, што Літва жыве толькі за кошт субсідыяў, але не сказалі, што Беларусь таксама спансіруюць

Высветлілі, колькі сродкаў звонку атрымліваюць абедзве краіны.

У эфіры праграмы «Клуб рэдактараў» Літву назвалі краінай, «што жыве толькі за субсідыі Еўрапейскага звязу і іншых заходніх донараў». Каманда Weekly Top Fake высветліла, ці так гэта і якую яшчэ краіну фундуюць іншыя дзяржавы.

Кантэкст: Адна з лідарак беларускіх пратэстаў 2020 года Марыя Калеснікава пасля 5 гадоў зняволення дала інтэрвʼю расейскаму журналісту Юрыю Дудзю. Яна растлумачыла, чаму заклікае еўрапейскія краіны да дыялогу з Аляксандрам Лукашэнкам і скасаванню санкцый. Таксама Калеснікава сустрэлася з кіраўніцтвам Літвы і заклікала Вільню аднавіць пасажырскі чыгуначны рух Менск–Вільня. Прэмʼер Літвы адказала, што пакуль не бачыць магчымасці зрабіць адносіны «цяплейшымі», бо з боку Беларусі працягваюцца гібрыдныя атакі.

Палітыку паўночных суседзяў Беларусі ўдзельнікі перадачы «Клуб рэдактараў» на Першым інфармацыйным тэлеканале абмеркавалі 30 студзеня 2026 года. Сярод іншага першы намеснік кіраўніка Адміністрацыі прэзідэнта Уладзімір Пярцоў расказаў, на якія сродкі, паводле яго, існуе Літва:

«Краіна, што жыве, па факце, толькі за субсідыі Еўрапейскага звязу і іншых заходніх донараў, у прыватнасці, ЗША. І разумеюць, што гэты раўчук хутка скончыцца. У Еўропы справы кепска».

Літва сапраўды пакрывае частку сваіх выдаткаў з вонкавых крыніц. У 2025 годзе сродкі Еўразвязу і іншых міжнародных фондаў у дзяржбюджэце Літвы склалі каля €3,6 млрд – гэта прыкладна 15% усіх выдаткаў дзяржбюджэту. Калі ўлічыць, што Літва таксама робіць унёскі ў фонды ЕЗ, то 13%. У 2026-м доля вонкавай фінансавай дапамогі плануецца менш – каля 11%. Гэта значыць, што пэўная залежнасць у Літвы ад донараў ёсць. Але гэта не ўнікальная сітуацыя.

У рэспубліканскім бюджэце Беларусі ёсць артыкул «Бязвыплатныя паступленні ад замежных дзяржаў». У 2025 годзе такіх было 4 млрд рублёў (€1,16 млрд), што пакрыла прыкладна 8,7% выдаткаў бюджэту. На гэты год запланаваны ўзрост «бязвыплатных паступленняў» у паўтара разу. З улікам павелічэння выдаткаў беларускага скарбу гэта пакрые 11% ад выдаткаў. У 2023-м бязвыплатныя паступленні ад замежных дзяржаў склалі амаль 15%, больш, чым у Літве.

Дашліце інфармацыю, якая выклікае ў вас сумневы — мы праверым
Іншыя публікацыі
Мы выкарыстоўваем файлы cookie, каб палепшыць ваш карыстальніцкі досвед. Падрабязней
Адхіліць Прыняць