Антыфэйк / фактчэк 30 мая

Людміла Гладкая пераконвае ў папулярнасці Лукашэнкі ў краінах Балтыі і Польшчы

У некаторых краінах такія апытанні праводзіліся, але вынік быў супрацьлеглы.

Пасля публікацыі рэйтынгу ВЦИОМ пра папулярнасць лідараў постсавецкіх краін у Расеі, дзе Аляксандр Лукашэнка набраў 75%, у эфіры СБТВ яго назвалі «славянскім правадыром» і заявілі, што ў краінах Балтыі і Польшчы ягоная папулярнасць не меншая, а то і большая. Аднак вынікі незалежных апытанняў гэта не пацвярджаюць.

Кантэкст: Аляксандр Лукашэнка заявіў пра гатовасць сустрэцца з Уладзімірам Зяленскім на тэрыторыі Беларусі або Украіны і адхіліў сцвярджэнні пра ўцягванне Беларусі ў вайну. Амаль адначасова ВЦИОМ апублікаваў вынікі апытання, згодна з якімі Лукашэнка стаў самым папулярным сярод лідараў постсавецкіх краін у расейцаў.

Абмяркоўваючы вынікі апытання ВЦИОМ у праекце «Летучка» на СБТВ 21 траўня 2026 года, вядоўца Людміла Гладкая заявіла пра папулярнасць Аляксандра Лукашэнкі не толькі ў Расеі, але і ў іншых краінах былога СССР, а таксама ў Польшчы.

— ВЦИОМ правёў апытанне: «бацька» Лукашэнка — лідар сярод замежных лідараў у Расейскай Федэрацыі. Прычым з велізарным адрывам — 75%. На другім месцы Такаеў — дзесьці 20%. Нагадаю, ён лідар і ў Малдове. Ва Украіне праводзіліся апытанні да «СВА» — ён быў лідар ва Украіне. То бок Аляксандр Лукашэнка — гэта ўжо больш, чым Беларусь. Гэта саюзны, славянскі, савецкі правадыр, — расказаў у эфіры Рыгор Азаронак.

— А калі б яшчэ правялі апытанні ў Прыбалтыцы, у Польшчы — у-у-у, якія б там лічбы былі. 200% даю, гарантую, было б так, — дадала Людміла Гладкая.

Незалежныя даследаванні, у якіх вымяралі стаўленне жыхароў краіны да лідараў замежных дзяржаў, у краінах Балтыі і Польшчы праводзілі. У Літве ў 2023 годзе яго правяла кампанія Baltijos tyryms. Жыхарам прапанавалі выказаць сваё меркаванне пра 11 кіраўнікоў дзяржаў. Негатыўна пра Лукашэнку выказаліся каля 90% удзельнікаў апытання, станоўча — толькі 6% рэспандэнтаў, астатнія не вызначыліся з адказам.

У Латвіі даследчы цэнтр «Норстат» у супрацы з Латвійскім грамадскім СМІ LSM.lv правёў апытанне ў лютым 2025 года. На пытанне «Як вы ацэньваеце дзейнасць Аляксандра Лукашэнкі на пасадзе лідара Беларусі?» 45% латвійцаў адказалі, што негатыўна або хутчэй негатыўна. Станоўча да дзеянняў беларускага палітыка ставяцца каля 20% апытаных.

Падобная да Літвы сітуацыя і ў Польшчы. Паводле дадзеных апытання Цэнтру даследавання грамадскай думкі CBOS, апублікаванага ў траўні 2025 года, давер да Аляксандра Лукашэнкі выказалі толькі 2% рэспандэнтаў. У той жа час пра негатыўнае стаўленне да яго заявілі 86% апытаных палякаў.

Дашліце інфармацыю, якая выклікае ў вас сумневы — мы праверым
Іншыя публікацыі
Мы выкарыстоўваем файлы cookie, каб палепшыць ваш карыстальніцкі досвед. Падрабязней
Адхіліць Прыняць