Антыфэйк / фактчэк 29 мая

Эканамістка заявіла, што ЗША маніпулявалі статыстыкай, каб пасунуць Кітай з пазіцыі найбуйнейшай эканомікі свету

Прафесарка Ірына Новікава распавяла, што Трамп загадаў пералічыць ВУП краіны за 2016 год.

Пасля візітаў Доналда Трампа і Уладзіміра Пуціна ў Кітай беларускія дзяржаўныя медыя расказалі, што Сі Цзінь Пін у парушэнне дыпламатычнага пратаколу не сустрэў амерыканскага прэзідэнта ў аэрапорце, але падчас размовы з ім публічна згадаў Лукашэнку. ЗША, у сваю чаргу, блакуюць эканамічнае лідарства Кітая з дапамогай маніпуляцый са статыстыкай. Аднак гэтыя заявы не пацвярджаюцца фактамі.

Кантэкст: Уладзімір Пуцін наведаў Кітай менш як праз тыдзень пасля візіту Доналда Трампа. Там абодвум аказалі падкрэслена ўрачысты прыём, але ні адзін з візітаў не прынёс чаканых дыпламатычных прарываў. Амерыкана-кітайскія перамовы завяршыліся гандлёвай здзелкай, але не такога маштабу, як разлічвалі амерыканцы, а Расея вярнулася без пагаднення па праекце «Сіла Сібіры-2». На гэтым фоне беларускія медыя пачалі ўважліва разбіраць дэталі дыпламатычнага пратаколу, спрабуючы паказаць, каго Пекін лічыць больш значным партнёрам.

У эфіры «Радыё-Менск» 21 траўня 2026 года палітолаг Вадзім Ялфімаў агучыў сваю версію прагулкі Сі Цзінь Піна з Доналдам Трампам па рэзідэнцыі Чжуннаньхай. На яго думку, там кітайскі лідар даў зразумець амерыканскаму, хто для яго «свае».

«І, дарэчы, Сі Цзінь Пін вельмі дакладна гэта… Памятаеце, калі ён у сваёй асабістай хатняй рэзідэнцыі прымаў Трампа, ён сказаў: “Тут да вас былі Пуцін і Лукашэнка”», — заявіў ён.

Аднак апублікаваны Reuters фрагмент размовы гэта не пацвярджае. На запісе чуваць, што Сі Цзінь Пін сапраўды згадвае Уладзіміра Пуціна, але прозвішча Аляксандра Лукашэнкі не гучыць. Пры гэтым Лукашэнка сапраўды наведваў Чжуннаньхай падчас свайго візіту ў Кітай у 2025 годзе.

Яшчэ адно сцвярджэнне прагучала ў эфіры Першага нацыянальнага канала Беларускага радыё 15 траўня 2026 года. Блогер і палітычны аналітык Саламон Бернштэйн заявіў, што Сі Цзінь Пін наўмысна прынізіў Доналда Трампа, не сустрэўшы яго ў аэрапорце.

— І вось тая сімволіка і тое міжрадкоўе, якое сустрэла Трампа, гаворыць пра тое, што з яго там жорстка паздзекаваліся, — сказаў Бернштэйн.

— А якое яно там было міжрадкоўе і гэтая сімволіка? — удакладніў у яго вядоўца Максім Харын.

— Па-першае, насуперак пратаколу Трампа не сустракаў Сі Цзінь Пін каля трапа самалёта. Ён адправіў яму туды 300 школьнікаў са сцяжкамі Злучаных Штатаў Амерыкі, — патлумачыў аналітык.

Аднак Сі Цзінь Пін як кіраўнік дзяржавы яшчэ ні разу не сустракаў замежных лідараў каля трапа самалёта. У дзень прыбыцця Уладзіміра Пуціна кітайскі лідар таксама не прысутнічаў у аэрапорце.

Адсутнасць Сі Цзінь Піна ў аэрапорце не была адхіленнем ад кітайскага пратаколу. Розніца была ва ўзроўні чыноўнікаў, якія сустракалі дэлегацыі. Уладзіміра Пуціна вітаў кіраўнік МЗС Кітая Ван І — чалец Палітбюро і адзін з найбольш уплывовых кітайскіх палітыкаў. Доналда Трампа сустракаў намеснік старшыні КНР Хань Чжэн. Фармальна пасада другога лічыцца вышэйшай, але назіральнікі лічаць яго менш уплывовай фігурай, бо ён не ўваходзіць у Палітбюро ЦК КПК.

Далей у тым самым радыёэфіры прафесарка і доктарка эканамічных навук Ірына Новікава заявіла, што Трамп пералічыў эканамічныя паказнікі, каб не даць Кітаю абагнаць ЗША паводле эканамічнай магутнасці.

— І ўвогуле, час ЗША заканчваецца не цяпер, а скончыўся ў 2016 годзе. Упершыню — я ж эканамістка — крывыя перасекліся… Валавы прадукт… Так, я на руках паказваю. Валавы прадукт Кітая перавысіў у 2016 годзе валавы прадукт Злучаных Штатаў. Час, калі прыйшоў да ўлады Трамп, яго абралі, але гэта першы тэрмін. Ён калі ўбачыў, сказаў: пералічыць! І я асабіста сама бачыла…

— Пералічвалі для Трампа, — пракаментаваў вядоўца Максім Харын.

— Так, пералічылі, і аказалася — Кітай на другім месцы, — заявіла Ірына Новікава.

Прафесарка не ўдакладніла, у якім менавіта паказніку ВУП крывыя Кітая і ЗША перасекліся. Бо ёсць два розныя метады разліку ВУП. Калі параўноўваць памер эканомік у бягучых цэнах, то ЗША былі найбуйнейшай эканомікай свету ў 2016 годзе і застаюцца ёю дагэтуль. У 2016 годзе ВУП ЗША складаў $18,7 трлн, а Кітая — $11,5 трлн. Розніца пакуль занадта вялікая, каб Кітай прэтэндаваў на 1-е месца.

Аднак паводле іншай методыкі — ВУП па парытэце пакупніцкай здольнасці — крывыя дзвюх краін сапраўды перасекліся. Кітай абагнаў ЗША паводле гэтага паказніка яшчэ ў 2014 годзе, а не ў 2016-м, то бок да прыходу Доналда Трампа да ўлады. І пасля гэтага Кітай не губляў свайго лідарства.

Перагляд метадалогіі разліку ВУП — стандартная працэдура, якая рэгулярна праводзіцца многімі краінамі, уключаючы ЗША. Буйная рэвізія амерыканскай статыстыкі праходзіць раз на пяць гадоў. Пасля такога пераліку ў 2018 годзе паказнік ВУП за 2016 год падрос на 0,1%. Гэта ніяк не паўплывала на становішча ЗША і Кітая ў міжнародных рэйтынгах.

Дашліце інфармацыю, якая выклікае ў вас сумневы — мы праверым
Іншыя публікацыі
Мы выкарыстоўваем файлы cookie, каб палепшыць ваш карыстальніцкі досвед. Падрабязней
Адхіліць Прыняць