Антыфэйк / фактчэк Сёння

«Зваротны ўдар». Палітолаг Ялфімаў патлумачыў знішчэнне ўкраінскай энергасістэмы нядаўняй атакай дронаў на рэзідэнцыю Пуціна

Каманда WTF паказала, што энергетычную інфраструктуру Украіны бамбавалі і да гэтага.

Расея не наносіла ўдараў па энергетычнай інфраструктуры Украіны да атакі ўкраінскіх дронаў на рэзідэнцыю Уладзіміра Пуціна на Валдаі, заявіў палітолаг Вадзім Ялфімаў. Каманда Weekly Top Fake высветліла, што ён зманіў.

Кантэкст: У ноч на 3 лютага 2026 года расейская армія нанесла некалькі ракетных і дронавых удараў па ўкраінскай энергаструктуры. У Кіеве знішчана Дарніцкая ЦЭЦ. Яна забяспечвала цяплом 300 тыс. сем'яў, а таксама дзіцячыя сады, школы і шпіталі. У выніку больш за тысячу шматпавярховікаў засталіся без ацяплення да канца зімы.

Уладзімір Пуцін і Доналд Трамп хочуць міра, у адрозненні ад Украіны, якая «зусім ніяк і, як той казаў, я такая, я чакаю трамвая», паведаміў палітолаг Вадзім Ялфімаў 30 студзеня 2026 года ў эфіры «Радыё-Мінск». Таксама ён патлумачыў, як, на яго думку, украінцы «даскакаліся» да энергетычнага калапсу і чаму Расея наносіць удары па ўкраінскай інфраструктуры ў маразы. 

«Скажам проста, магу напомніць нашым слухачам, фактычна сур'ёзных удараў зусім па Украіне, тым больш па энергасістэме, не было ўсе 4 гады. І толькі пасля таго, як, скажам так, адбыўся гэты дзёрзкі напад на рэзідэнцыю Уладзіміра Уладзіміравіча Пуціна, які не завяршыўся нічым, апроч таго, што атрымалі зваротны ўдар», — расказаў палітолаг. 

Пра тое, што ўкраінскія беспілотнікі ўначы 29 снежня 2025 года спрабавалі атакаваць рэзідэнцыю Уладзіміра Пуціна на Валдаі, вядома са словаў міністра замежных справаў Расеі Сяргея Лаўрова. У якасці доваду расейскі бок прэзентаваў «файл з лётным заданнем» аднаго з абясшкоджаных дронаў, канчатковай мэтай якога, па заяве мясцовага Мінабароны, апынуўся адзін з аб'ектаў рэзідэнцыі. Выведка ЗША не знайшла гэтаму пацверджання: па іх інфармацыі мэта ў дронаў была іншая. 

Нават калі прыняць паведамленне расейскага МЗС за праўду, атаку на рэзідэнцыю Пуціна нельга назваць прычынай знішчэння ўкраінскай энергасістэмы. Каманда WTF налічыла дзясяткі афіцыйных паведамленняў толькі за тры апошнія месяцы 2025-га ад самога расейскага Мінабароны, у якіх згадваюцца ўдары па аб'ектах газава-энергетычнай інфраструктуры Украіны. Да восені таго ж года, то бок яшчэ да гісторыі з рэзідэнцыяй Пуціна, у Украіны з 38 ГВт генеравальных магутнасцяў, якія былі да вайны, засталося трохі меней за палову. Пасля атак у маразы ў сярэдзіне студзеня — меней за траціну. Прычына — масіраваныя ракетныя і дронавыя ўдары, акупацыя Расеяй украінскіх АЭС. 

То бок сцвярджэнне Вадзіма Ялфімава, што ўдараў да меркаванай атакі на рэзідэнцыю Пуціна не было, няслушнае.

Дашліце інфармацыю, якая выклікае ў вас сумневы — мы праверым
Іншыя публікацыі
Мы выкарыстоўваем файлы cookie, каб палепшыць ваш карыстальніцкі досвед. Падрабязней
Адхіліць Прыняць