Лоты з шаўронамі і іншай сімволікай ПВК «Вагнэр» былі даступныя на сайце як мінімум да 30 чэрвеня.

Онлайн-пляцоўка Kufar схавала абʼявы з таварамі, на якіх намалявана сімволіка «ПВК Вагнэр», заўважыў БРЦ.

Старонкі з шаўронамі і іншай сімволікай ПВК «Вагнэр» былі даступныя на сайце як мінімум да 30 чэрвеня. Некаторыя абʼявы ўсё яшчэ можна знайсці ў кэшы. Журналіст БРЦ пад выглядам пакупніка звязаўся з адным з прадаўцоў, які распавёў, што пляцоўка заблакавала абʼявы з-за «забароны ПВК».

«Kufar заблакаваў. Яны сказалі, што ў нас ПВК забароненыя. А калі я ім сказаў – вы ж ЛГБТшныя прадукты выстаўляеце. Яны сказалі – закона такога няма. Проста знялі [абʼявы]. Я кажу – гэта ж не рэклама. А яны кажуць – нельга і ўсё», – распавёў прадавец.

Ён дадаў, што апошнім часам беларусы пачалі актыўна купляць такія шаўроны. Суразмоўца БРЦ таксама распавёў, што ў тым ліку прадае шаўроны ў выглядзе анёла смерці з касой з надпісам «Кашу кроп». Але на пляцоўкі іх не выстаўляе, бо яны «занадта агрэсіўныя». Паводле яго слоў, такія тавары да яго паступаюць з Расеі.

У самой Расеі пасля мяцяжу заснавальніка ПВК «Вагнэр» Яўгена Прыгожына маркетплейсы на некалькі дзён схавалі тавары з сімволікай прыватнай ваеннай кампаніі. Але ўжо 25 чэрвеня яны зноўку сталі даступныя, а кошты на некаторыя пазіцыі падняліся. Пры гэтым на «Авіто» засталіся толькі адзінкавыя тавары з сімволікай ПВК «Вагнэр». У Беларусі шаўроны ваеннай кампаніі прадаюцца на сайце Ау.bу. На іншых пляцоўках такую прадукцыю БРЦ знайсці не ўдалося.

Іншыя Навіны
Мы выкарыстоўваем файлы cookie, каб палепшыць ваш карыстальніцкі досвед. Падрабязней
Адхіліць Прыняць