Украінцы пагражаюць незалежнасці Польшчы, сказаў у эфіры «Міжнароднага Радыё Беларусь», якое транслюе на польскай мове на памежную з Беларуссю тэрыторыю, польскі грамадскі дзеяч Адам Левандоўскі. Актывіст, па яго ж словах, з верасня мінулага гада пікетуе каля польскага парламенту супраць вайсковай дапамогі Украіне.
«Польская канстытуцыя, польскае выбарчае права так устроеныя, што ўкраінцы, якія прыехалі з Усходу тры гады таму ў Польшчу, могуць ужо падаваць заяву на польскае грамадзянства. Экзамен на грамадзянства даволі просты і з такім экзаменам можна вельмі проста справіцца. І тыя ўкраінцы, якія прыехала тры гады таму ў Польшчу, могуць браць удзел у выбарах парламенту», — распавёў Левандоўскі 9 ліпеня 2025 года.
Агульнае правіла для атрымання польскага грамадзянства — ад 8 да 10 гадоў знаходжання ў краіне, патлумачыла ў каментары WTF юрыстка ініцыятывы «Партызанка» Ганна Маціеўская:
«Існуе паскораны рэжым, але ён тычыцца людзей, якія маюць карту паляка або польскае паходжанне, прытым яно павінна быць дакументавана. І гэта закранае вельмі малую колькасць грамадзянаў Украіны».
Ёсць яшчэ адзін шлях паскоранага атрымання грамадзянства — праз заяву на імя прэзідэнта. Яе можа падаць кожны чалавек, але, зазвычай, прэзідэнт дае грамадзянства за цесную сувязь з Польшчай ці асаблівыя заслугі перад краінай.
«Па статыстыцы, менш за тысячу ўкраінцаў у сярэднім у год атрымлівае такое грамадзянства ад прэзідэнта», — адзначыла юрыстка.
Іншымі словамі, атрыманне грамадзянства за тры гады — гэта, хутчэй, выключэнне з правілаў. А браць удзел у выбарах у парламент могуць толькі грамадзяне Польшчы, таму ў большасці ўкраінцаў, якія перасяліліся пасля пачатку поўнамаштабнай вайны, няма такой магчымасці.
Украінцы не могуць браць удзел нават у выбарах у мясцовыя органы ўлады ў Польшчы. Такое права ёсць толькі ў грамадзянаў краін ЕЗ і Вялікай Брытаніі, якія жывуць у краіне.