Антыфэйк / фактчэк 21 мая

Вядоўца «Беларусь 1» пералічыў «мёртвыя заводы» ў Літве. Мы знайшлі сярод іх «жывыя»

Сяргей Гусачэнка заявіў, што ЕЗ пусціў прамысловасць пад адхон.

Еўропа стала сімвалам засмучэння і банкруцтва, заявіў вядоўца «Беларусь 1» Сяргей Гусачэнка і паказаў у пацверджанне кадры з зачыненымі літоўскімі прадпрыемствамі. Каманда Weekly Top Fake высветліла, якія з іх усё яшчэ працуюць. 

Літва ўвайшла ў лік лідараў Еўразвязу па гадавым росце прамысловасці. У сакавіку 2025-га аб'ёмы вытворчасці выраслі амаль на 8% у параўнанні з папярэднім годам. У сярэднім па ЕЗ рост не перавысіў 3%. Аднак вядоўца «Беларусь 1» Сяргей Гусачэнка 12 траўня 2025 года ў праграме «Зразумелая палітыка» заявіў, што ад развітой літоўскай прамысловасці сёння «засталася толькі рабочая сіла». Загаловак для праграмы выбралі адпаведны — «Забітая прамысловасць Літвы: мёртвыя заводы, брэнды на сметнік, кашмар для людзей».

«Літва — некалі горды прамысловы край саюзу. Цяпер край таксама саюзу, але трохі іншага. Вось толькі Еўропа стала сімвалам засмучэння і банкруцтва. Тэлевізары, угнаенні, атамная энергія і нават уласныя аўтамабілі — усё пушчана пад адхон», — распавёў Гусачэнка. 

Пасля гэтых слоў пад драматычную музыку паказалі кадры з літоўскімі прадпрыемствамі, якія нібыта зачыніліся, паказалі іх назвы, даты спынення працы, прычыны і наступствы такога рашэння. Каманда WTF высветліла, што некаторыя з гэтых заводаў усё яшчэ працуюць. 

Напрыклад, хімічны камбінат Azotas. На «Беларусь 1» паказалі, што «поўны крах» прадпрыемства пацярпела ў 2012 годзе праз ціск ЕЗ. На справе завод працуе дагэтуль, але пад іншай назвай — Achema. Знаходзіцца ён у горадзе Энава, а не ў Кедайняе, як паказалі ў перадачы. У апошнія гады, у асноўным праз высокія кошты на газ у Еўропе, камбінат сутыкаўся са стратамі. А нядаўна кіраўніцтва абвясціла аб часовым прыпыненні вытворчасці аміяку.

Інфармацыі пра існаванне нерэнтабельнага Каўнаскага заводу Viltis, які вырабляе халадзільнікі, мы не знайшлі. Вытворчасцю халадзільнікаў у краінах Балтыі займаўся вядомы завод Snaige, ён і цяпер працуе. На архіўным фотаздымку, які паказалі па БТ у якасці ілюстрацыі завода Viltis, — таджыкскі завод халадзільнікаў «Памір». Яго пасля распаду СССР сапраўды ліквідавалі. Але да Літвы ён не мае дачынення. 

Клайпедскі суднарамонтны завод, які нібыта зачыніўся ў 2010 годзе, на справе працягвае працаваць у кластары, які аб'ядноўвае суднарамонтныя верфі ў Літве, Эстоніі і Фінляндыі. Па фінансавай дакументацыі з літоўскага публічнага онлайн каталога відаць, што прадпрыемства працуе з прыбыткам.

Кабельны завод Lietkabelis у Каўнасе, паводле інфармацыі «Беларусь 1», зачыніўся ў 2015 годзе. Але, па-першае, размешчаны ён не ў Каўнасе, а ў Панявежысе. А па-другое, прадпрыемства не зачынялася, хоць там з савецкіх часоў і скарацілася колькасць супрацоўнікаў амаль у сем разоў — з 1250 чалавек да 180. Фінансавыя справаздачы апошніх гадоў сведчаць аб стабільным прыбытку кампаніі. 

Гэта не першы фэйк Сяргея Гусачэнкі пра негатыўныя наступствы распаду СССР для рэспублік, якія ў яго ўваходзілі. У красавіку 2025 ён распавёў, як ва Украіне «прашляпілі велізарную спадчыну і прафукалі ўнікальныя прадпрыемствы». Каманда Weekly Top Fake высветліла, што з 18 заводаў, якія нібыта зачыніліся «пад прыгнётам разрухі» за гады незалежнасці краіны, мінімум пяць усё яшчэ працуюць.

Дашліце інфармацыю, якая выклікае ў вас сумневы — мы праверым
Іншыя публікацыі
The Economist склаў топ-3 карумпаваных прэзідэнтаў Усходняй Еўропы? «Наша Ніва» высветліла, што гэта фэйк
Антыфэйк / фактчэк The Economist склаў топ-3 карумпаваных прэзідэнтаў Усходняй Еўропы? «Наша Ніва» высветліла, што гэта фэйк Партнёрскі матэрыял
Тэлеграм-канал, звязаны з беларускімі ўзброенымі сіламі, апублікаваў нібыта скрыншот старонкі аўтарытэтнага выдання.
19 мая 2025 Чытаць
Мы выкарыстоўваем файлы cookie, каб палепшыць ваш карыстальніцкі досвед. Падрабязней
Адхіліць Прыняць