Навіны з Чалым 30 мая

Які сэнс набываюць беларуска-расейскія вучэнні «Захад – 2025» і чаго можа пазбыцца Лукашэнка

Заявы Трампа і намеры Пуціна – разбор апошніх навін з Сяргеем Чалым.

Прэзідэнт ЗША Доналд Трамп прызнаў, што Уладзімір Пуцін зусім з глузду з'ехаў, а Аляксандр Лукашэнка імкліва губляе шанец атрымаць статус міратворца ў вайне Расеі супраць Украіны. Незалежны эканамічны эксперт Сяргей Чалы пракаментаваў галоўныя навіны апошніх дзён у праграме «Навіны з Чалым». Публікуем некаторыя цытаты.
Змест
00:06 Трамп зразумеў, што не ведае як размаўляць з Пуціным рацыянальна
02:00 Вайна ва Украіне становіцца вайной на знясіленне
03:20 Шанцы Лукашэнкі пазбегнуць статусу «саўдзельніка вайны» знікаюць
05:12 Ці пагражаюць Еўропе сумесныя вучэнні Беларусі і Расеі?
09:30 Сцэнар вучэнняў: прарыў Сувалкскага калідора або прыгнечанне "каляровай рэвалюцыі"
11:06 Азаронак не ведае латынь

Трамп прызнаў, што Пуцін гуляе з агнём

«У аўторак 27 траўня Трамп нарэшце сам прызнаў, што ён ад пачатку выступаў на баку Пуціна. У сваёй сацсетцы Truth social ён напісаў: “Уладзімір Пуцін не разумее, што калі б не я, з Расеяй адбылося б вельмі шмат дрэнных рэчаў, ёй бы было вельмі дрэнна. Ён гуляе з агнём!”

І гэта не перабольшанне. Бо Трамп сапраўды зрабіў для Пуціна вельмі шмат. Гэта і нежаданне прызнаваць яго вайсковым злачынцам, і само размыванне міжнароднай ацэнкі агрэсіі, і адмова ад усялякіх спроб ціску на расейскія ўлады. І гэты пост быў лагічнай высновай з папярэдняга паста Трампа: “У мяне заўсёды былі вельмі добрыя адносіны з прэзідэнтам Расеі Уладзімірам Пуціным, але з ім нешта здарылася. Ён зусім з глузду з'ехаў! Ён дарма забівае мноства людзей. Я заўсёды казаў, што яму патрэбна ўся Украіна, а не толькі яе частка. Гэта вайна, якая ніколі б не здарылася, калі б я быў прэзідэнтам. Гэта вайна Зяленскага, Пуціна і Байдэна. Не Трампа”.

І калі не зважаць на вядомы стыль Панікоўскага з “Залатога цяляці” — “вы ведаеце, як я шаную Астапа Ібрагімавіча, але нешта ён апошнім часам робіць не тое” — і сцверджанне, што Пуцін з глузду з'ехаў толькі цяпер, то ў змесце можна заўважыць адразу некалькі важных пасылаў. Першае, гэта яшчэ адно, сярод шмат якіх іншых заходніх палітыкаў, пачынаючы з Макрона, прызнанне таго, што з Пуціным немагчыма пра гэту вайну гаварыць рацыянальна. Праваліліся ўсе спробы зразумець, чаго Пуцін хоча, што яму можна прапанаваць, каб ён спыніўся. 

Рацыянальным для Пуціна цяпер было б падыграць Трампу. Замест эскалацыі канфлікту хаця б спыніць абстрэлы мірных гарадоў. Але ірацыянальная нянавісць да Украіны і ўкраінцаў апынулася мацней. Для Пуціна гэта вайна — гэта не вайна за тэрыторыі, не за бяспеку Расеі. Гэта вайна на знішчэнне Украіны. І менавіта з гэтага выцякае прызнанне таго, што ідэя мірных перамоваў была пачаткова безнадзейная».

Узброіць Украіну да зубоў

«Менавіта гэта мае на ўвазе Трамп, калі кажа, што Пуціна, калі ён хоча ўсю Украіну, чакае немінучы крах. Вайна зноў робіцца вайной на знясіленне. Толькі зараз ужо не ў фазе згасання, а ў фазе эскалацыі і новай гонкі ўзбраенняў. Увесь гэты час Захад усімі сіламі імкнуўся гэтага ўнікнуць. І ўрэшце заходнія палітыкі прыходзяць да разумення, што адзіны спосаб спыніць вайну прымальным чынам — узброіць Украіну да зубоў. І мы бачым першыя азнакі гэтага. 

Канцлер Нямеччыны Фрыдрых Мерц заявіў, што Нямеччына, Францыя, Англія і ЗША здымуць усе абмежаванні з Украіны на далёкасць удараў па тэрыторыі Расеі. Чаму ён назваў гэтыя краіны? Таму што яны галоўныя вытворцы далёкабойных ракет: ATACMS, Storm Shadow/Scalp і Taurus.

Прэс-сакратар Пуціна Зміцер Пяскоў слушна назваў гэта рашэнне эскалацыяй. Ну яна і ёсць. Зараз з вамі вось так».

Шанец атрымаць статус міратворца зніжаецца

«Што ўсё гэта азначае для Беларусі ў цэлым і рэжыму Лукашэнкі ў прыватнасці? Сітуацыя вайны да пераможнага канца вельмі моцна зніжае шанцы Лукашэнкі на тое, што ў яго атрымаецца змяніць статус суўдзельніка ў вайне на статус якога-небудзь міратворца. Ну і, адпаведна, на нармалізацыю адносін не тое што з Украінай, але і з Еўропай, і светам. І, адпаведна, павялічваюцца шанцы апынуцца на адной лаве з Пуціным. Не ў апошнюю чаргу дзякуючы таму, што ўсё больш робіцца вядома і пра ступень яго дасведчанасці пра вайну, якая рыхтуецца, і ступені яго суўдзелу ў ёй.

Даслоўна гэтаму быў прысвечаны нядаўні аб'ёмны даклад BelPol. Прыкладам, аўтары дакладу сцвярджаюць, што на паседжанні Савету бяспекі 1 сакавіка 2022 года Лукашэнка выхваляўся тым, што для расейскіх ракетных удараў па Украіне з тэрыторыі Беларусі цэлі вызначала беларуская выведка з дапамогай сваёй агентурнай сеткі. У прыватнасці па пазіцыях ракет “Кропкі-У”. І гэта не кажучы ўжо пра тылавое, медычнае забеспячэнне, арганізацыю сувязі і забеспячэнне групоўкі ўварвання боепрыпасамі і палівам». 

Вайна супраць NATO

«А вось зараз тая самая, апошняя абяцаная выснова. Мэтай Пуціна, якая да нядаўняга часу паспяхова рэалізоўвалася, было раскалоць Амерыку і Еўропу. І не сказаць, каб пасля прыходу Трампа гэта заданне было асабліва цяжкае. Але перайграўшы сам сябе, Пуцін рызыкуе атрымаць процілеглае — новую кансалідацыю. І ў гэтай сітуацыі рэзка ўзрастаюць рызыкі таго, што ў Пуціна з'явіцца спакуса дамагчыся гэтага расколу не дыпламатычным, а вайсковым шляхам. 

Якім чынам? Маленькай пераможнай вайной з NATO, як бы гэта дзіка не гучала. Таму запланаваныя на восень беларуска-расейскія вучэнні “Захад — 2025” набываюць адменны сэнс. Першае, цікава, што ні Беларусь, ні Расея не казалі дэталёва пра задуму гэтых вучэнняў, хоць яны былі зацверджаны яшчэ летась. Затое пра яе сказаў той жа начальнік Службы вонкавай выведкі Украіны Алег Івашчанка, што даслоўна кожныя вайсковыя вучэнні Расеі і Беларусі абыгрываюцца: ці варыянт, што Калінінград пад пагрозай, што NATO можа ўзяць пад кантроль рэгіён, ці што ў Беларусі можа адбыцца нейкая “каляровая рэвалюцыя”. І тады Расея “прыходзіць на дапамогу” — уводзіць войскі. Гэтыя войскі, па плане, ідуць праз Сувалкскі калідор у Калінінград.

Але вучэнні вучэннямі, а ці здольная Расея цяпер праводзіць такога роду аперацыі? І тут трэба разумець, што вайна Пуціна з краінамі NATO ніколі не задумвалася як поўнамаштабная вайна за тэрыторыі. У разуменні Пуціна, перамога над NATO — гэта спыненне існавання NATO у тым выглядзе, як ён быў задуманы — як альянс вайсковай узаемадапамогі». 

Мы выкарыстоўваем файлы cookie, каб палепшыць ваш карыстальніцкі досвед. Падрабязней
Адхіліць Прыняць