Кантэкст: Пад канец сакавіка 2026 года Літва заявіла, што гатовая да перамоваў з Беларуссю і нават прызначыла для гэтага свайго прадстаўніка, аднак беларускі МЗС адрэагаваў на гэта стрымана і назваў такі падыход несурʼёзным. Нагодай для абмеркавання стала і заява спецпрадстаўніка прэзідэнта ЗША па Беларусі Джона Коўла, які выказаўся за тое, каб пастаўкі беларускага калію, з якога нядаўна знялі амерыканскія санкцыі, маглі ісці ў ЗША праз Літву. Вільня адмовілася падтрымаць такую схему, але дапусціла дыялог з Менскам — пры ўмове развязання праблем з паветранымі шарамі з кантрабандай і нелегальнай міграцыяй.
Абмяркоўваючы калійныя пагадненні з ЗША ў перадачы «Азаронак. Наўпрост» на тэлеканале СТБ 27 сакавіка 2026 года, вядоўца Рыгор Азаронак і публіцыст Юры Церах паспрабавалі патлумачыць зняцце санкцый з беларускага калію тым, што ў выпадку Расеі Вашынгтону дзейнічаць складаней.
— Штаты залежаць вельмі моцна ад канадскага калію. Вось, неяк трэба нешта з гэтым рабіць. Што ў нас там у свеце па каліі? А, у свеце па каліі Лукашэнка. Лукашэнка ёсць, значыць. Ну, і Расейская Федэрацыя яшчэ, вядома, але прасцей з Лукашэнкі. Чаму? Таму што санкцыі з Расеі пакуль здымаць… — сказаў Азаронак.
— Ну, не атрымаецца пакуль. Але ў выніку ўсе роўна здымуць, нікуды не дзенуцца, — адказаў Церах.
— У выніку здымуць, так. Але, давайце, прасцей будзе з Беларусі, — працягнуў Азаронак.
Такое тлумачэнне не адпавядае логіцы санкцыйнага рэжыму. Абмежаванні закранулі менавіта беларускія калійныя кампаніі. Расейскія вытворцы калію пад амерыканскую забарону не трапілі, таму і здымаць у іх выпадку не было чаго. Пад санкцыі трапіў толькі заснавальнік «Еврохима», аднаго з вытворцаў калійных угнаенняў, але не ўвесь расейскі калій як тавар.
Больш за тое, пасля пачатку поўнамаштабнай вайны ва Украіне Мінфін ЗША выпусціў адмысловую ліцэнзію, якая дазваляла ўгоды з сельскагаспадарчымі таварамі, уключна ўгнаенні. Такі вынятак тлумачылі тым, што вайна і без таго парушыла працэс вытворчасці і пастаўкі харчу, а абмежаванні на ўгнаенні маглі б пагоршыць сітуацыю.
На практыцы гэта азначала, што Расея працягвала дастаўляць калійныя ўгнаенні ў ЗША і ў тыя гады, калі беларускі экспарт знаходзіўся пад санкцыямі. Больш за тое, продажы з Расеі за гэты час нават выраслі прыкладна ўдвая. Можна выказаць здагадку, што частка долі беларускага калію на амерыканскім рынку перайшла менавіта расейскім дастаўнікам.
У адным Азаронак усё ж меў рацыю: ЗША сапраўды залежаць ад калію з Канады. Каля 80% імпартаваных калійных угнаенняў паступае менавіта адтуль. Калі Доналд Трамп увёў 25-адсоткавую мыту на канадскія тавары, для калію зрабілі выключэнне і зменшылі стаўку да 10%. Пры гэтым канадскія ўгнаенні заставаліся для ЗША найболей зыскоўнымі па кошце. Іншыя дастаўнікі, у тым ліку Расея і Беларусь, прадавалі калій на амерыканскі рынак даражэй.