Антыфэйк / фактчэк 28 красавіка

«Будзем сытыя…» Чаму высновы дзяржаўных медыяў пра поспехі беларускага рыбаводства — хітрык

Беларускае радыё і «СБ. Беларусь сёння» прадставілі рэгулярнае невыкананне планаў як дасягненне.

Пасля візіту Аляксандра Лукашэнкі ў рыбгас «Палуж» дзяржаўныя медыі загаварылі пра развіццё беларускага рыбаводства і перспектывы напоўніць рынак уласнай рыбай. Аднак афіцыйныя планы і фактычныя вынікі паказваюць іншую карціну: вытворчасць у краіне шмат гадоў не дацягвае да мэтавых паказнікаў ды так і не вярнулася да ўзроўню пачатку 2010-х.

Кантэкст: 14 красавіка 2026 года падчас наведвання рыбгаса «Палуж» у Магілёўскай вобласці Аляксандр Лукашэнка запатрабаваў напоўніць рынак рыбай і даручыў пабудаваць яшчэ дзесяць комплексаў па вырошчванні фарэлі. Цяпер у Беларусі ўжо працуюць шэсць рыбаводна-індустрыяльных комплексаў, дзе вырошчваюць каштоўныя віды рыбы.

Абмяркоўваючы 15 красавіка паездку Аляксандра Лукашэнкі ў рыбгас «Палуж» у перадачы «Экспертны клуб» на Першым нацыянальным канале Беларускага радыё, вядоўца Максім Харын парадаваўся поспехам беларускіх рыбгасаў і загаварыў пра будучыя пастаўкі за мяжу:

«Дзяржава, якая не мае выхаду да мора, да нейкага акіяну, самастойна бярэ і вырошчвае рыбу. І ведаеце, што я падумаў? Што мы яшчэ і ў Прыбалтыку пачнём рыбу прадаваць. Там жа рыбалоўны промысел знішчаецца Еўропай: як уступілі ў Еўрапейскі звяз — вось вам грошыкі, давайце згортвайце свае сеткі», — сказаў ён.

У падобным тоне тэму падалі і ў газеце «СБ. Беларусь сёння». 3 красавіка там выйшаў матэрыял пад загалоўкам «Будзем з уловам, будзем сытыя: як у Беларусі развіваецца рыбагаспадарчая дзейнасць». З артыкула вынікала, што галіна развіваецца паспяхова, у краіне вырабілі 14 тыс. тон рыбы, а значыць, унутраны рынак будзе забяспечаны.

Але афіцыйная статыстыка не пацвярджае гэты аптымізм. Вытворчасць прыкладна 14,5 тыс. тон рыбы — гэта не прарыў, а недавыкананне чарговай пяцігадовай праграмы. Паводле праграмы «Аграбізнес» улады разлічвалі давесці аб’ём да 17,7 тыс. тон, аднак на практыцы атрымалі каля 14,5 тыс. То-бок пяць гадоў у галіну ўкладалі грошы, разлічваючы дадаць прыкладна 3 тыс. тон, але вытворчасць не толькі не выйшла на запланаваны ўзровень, а нават аказалася крыху ніжэйшай за зыходную базу.

Падобная сітуацыя была і ў 2020 годзе: тады планавалі 18,2 тыс. тон, а вырабілі 14,9 тыс. Не спрацавала і праграма да яе. Паводле ўрадавых планаў, яшчэ ў 2015 годзе Беларусь павінна была вырабляць амаль 23 тыс. тон рыбы. На той момант такія планы не выглядалі фантастычнымі. Каля 15 гадоў таму Беларусь сапраўды вырошчвала больш рыбы, чым цяпер, — прыкладна 18 тыс. тон. Але пасля 2012 года вытворчасць рэзка скарацілася. Вярнуць яе хаця б да ранейшага ўзроўню за ўвесь гэты час так і не ўдалося. Цяпер мэта на 2030 год выглядае значна больш сціплай — дасягнуць 16 тыс. тон.

Не апраўдаліся і чаканні па фарэлі і іншых каштоўных відах рыбы, хоць пад іх будавалі адмысловыя комплексы. Яшчэ ў 2020 годзе іх вытворчасць павінна была быць прыкладна ўдвая вышэйшай за цяперашні ўзровень. Але прыкметнага росту тут таксама не адбылося.

Сумнеўным выглядае і тэзіс пра магчымыя пастаўкі беларускай рыбы ў Літву. Там, як і ў Беларусі, разводзяць рыбу, у тым ліку карпа. Аб’ёмы вытворчасці ў Літве сапраўды меншыя — прыкладна ўтрая. Але калі ўлічваць розніцу ў памерах дзвюх краін, гэтыя паказнікі аказваюцца цалкам супастаўнымі.

Такім чынам, размовы пра бурнае развіццё беларускага рыбаводства не пацвярджаюцца лічбамі. Рыбы ў краіне вырабляюць не больш, а менш, чым разлічвалі ўлады паводле сваіх жа праграм. І пакуль галіна хутчэй дэманструе хранічнае невыкананне планаў, чым устойлівы рост.

Дашліце інфармацыю, якая выклікае ў вас сумневы — мы праверым
Іншыя публікацыі
Мы выкарыстоўваем файлы cookie, каб палепшыць ваш карыстальніцкі досвед. Падрабязней
Адхіліць Прыняць