Антыфэйк / фактчэк Сёння

Польскія ўлады выганяюць лекараў-мігрантаў? Праверылі заяву вядоўцы беларускага ТБ

Яўген Горын заявіў, што пад ударам апынуліся да 6000 лекараў з Украіны і Беларусі.

Вядоўца Першага інфармацыйнага канала Яўген Горын заявіў, што Польшча выганяе з краіны беларускіх і ўкраінскіх лекараў, якіх запрасіла падчас ковіду. Падстава — няведанне польскай мовы. Праверка каманды Weekly Top Fake паказала, што за раптоўнае выгнанне Горын выдаў заканчэнне тэрміну падачы моўнага сертыфікату, на атрыманне якога медыкам адвялі паўтара года.

Кантэкст: Падчас пандэміі COVID-19 Польшча сутыкнулася з недахопам медычных кадраў і спрасціла працаўладкаванне лекараў з краін па-за Еўразвязам. Замежным медыкам дазволілі працаваць без поўнай працэдуры пацвярджэння дыплома і без абавязковага моўнага сертыфікату. Гэтыя захады дзейнічалі як часовае рашэнне на перыяд крызісу.

У сюжэце Першага інфармацыйнага канала ад 20 траўня 2026 года вядоўца Яўген Горын заявіў, што Польшча пачала пазбаўляцца ад лекараў-мігрантаў, якія дапамагалі краіне падчас пандэміі COVID-19.

«Польскія ўлады запалохваюць, прэсуюць і выганяюць лекараў-мігрантаў — тых самых, якія выцягнулі краіну з ковідных ям і “чырвоных зон”. Спачатку іх звальняюць, не жартам, па-сапраўднаму, а потым кажуць тыпу: “А мы пажартавалі. Даем вам апошні шанец хутка вывучыць нашу польскую”.

Польшча ў 2020-м крычала “ратуйце” і хапала любых медыкаў з Усходу, як тапельцы за саломінку. Украінцы і беларусы палезлі ў пекла, не ведаючы толкам нават “proszę Pana”. Цяпер, калі рынак працы заскрыпеў ад лішніх ратоў, улады раптам узгадалі пра мову. Так, далі год адтэрміноўкі, але толькі тым, каго яшчэ не паспелі выкінуць на вуліцу. Для першых 208 “шчасліўчыкаў” цягнік ужо сышоў. Пад ударам — да 6000 медыкаў», — заявіў Горын.

Падчас пандэміі Польшча сапраўды спрасціла працаўладкаванне замежных лекараў. Медыкам з краін па-за Еўразвязам дазволілі працаваць без праходжання поўнай працэдуры настрыфікацыі дыпломаў і без абавязковага моўнага сертыфікату ўзроўню B1. Такі дазвол выдавалі тэрмінам на пяць гадоў.

Для лекараў, якія прыехалі ў Польшчу ў пачатку пандэміі, тэрмін дзеяння такіх дазволаў ужо скончыўся. Каб працягнуць працу, яны павінны праходзіць стандартную працэдуру допуску да прафесіі на агульных падставах.

26 кастрычніка 2024 года Польшча змяніла правілы для замежных медыкаў, якія працуюць па спрошчанай працэдуры. Лекары, якія атрымалі дазвол на працу да гэтай даты, павінны падаць сертыфікат ведання польскай мовы на ўзроўні не ніжэй за B1 да 1 траўня 2026 года. Для тых, хто атрымлівае дазвол пасля гэтай даты, пацвярджэнне ведання мовы стала абавязковым адразу.

У траўні ўсталяваны дэдлайн скончыўся, і лекары, якія сертыфікат так і не падалі, пачалі губляць ліцэнзіі. Такім чынам, гаворка ідзе не пра раптоўнае масавае звальненне лекараў, якія працавалі падчас пандэміі, а пра невыкананне ўмоў, агучаных загадзя.

Сцвярджэнне пра тое, што пад пагрозай знаходзяцца 6000 лекараў, таксама перабольшанне. Паводле дадзеных польскай Медычнай палаты, праблема датычыцца менш як тысячы чалавек з трох тысяч, якія працуюць. Права на працу ўжо страцілі каля 200 лекараў, якія не пацвердзілі веданне мовы своечасова. Пры гэтым польскі парламент прыняў папраўкі, якія дазваляюць падоўжыць тэрмін падачы моўнага сертыфікату яшчэ на год. Канчатковае рашэнне павінен зацвердзіць прэзідэнт краіны.

Дашліце інфармацыю, якая выклікае ў вас сумневы — мы праверым
Іншыя публікацыі
Мы выкарыстоўваем файлы cookie, каб палепшыць ваш карыстальніцкі досвед. Падрабязней
Адхіліць Прыняць