Кантэкст: У эфіры Fox News 17 красавіка 2026 года амерыканскі сенатар Ліндзі Ґрэям расказаў, што падчас тэлефоннай размовы з іранскім бокам пра ўмовы ядравага пагаднення Доналд Трамп так накрычаў на яго прадстаўнікоў, што нават ахрып. Раней, у інтэрв’ю Corriere della Sera, апублікаваным 14 красавіка, Трамп раскрытыкаваў прэм’ер-міністарку Італіі Джорджу Мэлёні за адмову дапамагаць яму па іранскім пытанні і папракнуў папу рымскага Льва XIV у тым, што той дрэнна спраўляецца са сваёй роляй.
Доналд Трамп крытыкуе сярод іншага і NATO — за адмову дапамагчы ў канфлікце на Блізкім Усходзе, падвёў вядоўца і палітолаг Вадзім Ялфімаў да тэмы расколу альянсу 15 красавіка 2026 года ў эфіры Вячэрняга палітычнага канала. Госць стрыму, эксперт па нацыянальнай бяспецы Аляксандр Цішчанка назваў адзін патэнцыйны агмень канфлікту: узмацніўшы армію, Польшча нібыта можа павярнуць яе супраць Літвы. У якасці аргумента ён згадаў польска-літоўскую вайну стогадовай даўніны:
«Польшча, узбройваючыся, першая, каго шлёпне, — Літву. … Я вось калі служыў, на мяжы ёсць Сапоцкін, такая кропка на мяжы Польшчы, Літвы і Беларусі. Ёсць арка, пра якую не гавораць, не паказваюць, але тым не менш гэтая арка прысвечаная польска-літоўскай вайне, дзе загінула 500 тысяч. Ні многа ні мала. <...> 500 тысяч. І гэта было ў 20-х гадах мінулага стагоддзя».
Гаворка ідзе пра польска-літоўскі канфлікт 1919–1920 гадоў. Пасля аднаўлення незалежнасці абедзве краіны спрабавалі замацаваць новыя межы. Польшча дамагалася ўключэння літоўскіх тэрыторый у сваю арбіту ўплыву. Канфлікт пачаўся з выступлення этнічных палякаў на памежных тэрыторыях Літвы, якіх падтрымала польская армія, і працягнуўся мяцяжом, арганізаваным палякамі на літоўскіх землях. У выніку Літва захавала незалежнасць, але страціла Вільню.
Аднак страты ў 500 тысяч чалавек не пацвярджаюць ні польскія, ні літоўскія крыніцы. Больш за тое, з гэтых жа крыніц вынікае, што ў баях не ўдзельнічала столькі людзей, каб такія страты ўвогуле былі магчымыя. У асобных бітвах з кожнага боку ўдзельнічала ад некалькіх тысяч да 10–14 тысяч чалавек. І саміх значных баёў у гэтым канфлікце было няшмат. Мясцовыя гісторыкі, гаворачы пра страты, згадваюць каля 50–70 забітых у асобных баях. Нават калі дапусціць, што рэальныя страты былі вышэйшыя, да сотняў тысяч яны ніяк не дацягваюць.
Самыя вялікія страты літоўскі бок панёс восенню 1920 года, калі каля двух тысяч вайскоўцаў трапілі ў палон. Пра колькасць забітых і параненых у гэтым эпізодзе не паведамляецца, але вядома, што ў тым баі ўдзельнічалі каля сямі тысяч байцоў.
То-бок лічба ў 500 тысяч не пацвярджаецца не толькі дакументальна, але і арыфметычна. Для параўнання: уся літоўская армія ў той год налічвала крыху больш за 40 тысяч салдат.