Кантэкст: 26 красавіка споўнілася 40 гадоў з дня аварыі на Чарнобыльскай АЭС — найбуйнейшай тэхнагеннай катастрофы, наступствы якой найцяжэйшым чынам закранулі Беларусь. Радыеактыўнае забруджанне закранула 53 раёны краіны: цэзіем-137 была забруджаная амаль чвэрць тэрыторыі рэспублікі, стронцыем-90 — каля 10%, а ізатопамі плутонію — прыкладна 2%. Наступствы аварыі адбіліся не толькі на экалогіі, але і на здароўі людзей і эканоміцы: «ёднаму ўдару» падверглася практычна ўсё насельніцтва Беларусі, з забруджаных раёнаў адсялілі 137,7 тыс. чалавек, а з сельскагаспадарчага абароту вывелі 265 тыс. гектараў зямлі.
«Радыё-Менск»: цана аднаўлення
Абмяркоўваючы 40-годдзе аварыі на Чарнобыльскай АЭС у эфіры «Радыё-Менск» 13 красавіка 2026 года, эксперт БІСД Аляксей Аўдонін заявіў, што Беларусь сёння ледзь не адзіная краіна ў свеце, якая ведае, як развіваць заражаныя тэрыторыі. Гаворачы пра гэты досвед, ён назваў і цану, якую краіна нібыта заплаціла за аднаўленне.
«Якія каласальныя рэсурсы былі затрачаныя нашым беларускім грамадствам на тое, каб унікнуць у гэтую праблему, забяспечыць аднаўленне, развіццё нашай нацыі. Паводле некаторых падлікаў, гэта больш за $200 млрд за гэты перыяд было не тое што... Нельга казаць “растрачана”, а якраз “інвеставана”», — сказаў Аўдонін.
Такая ацэнка завышае аб’ём дзяржаўных выдаткаў прыкладна ў дзесяць разоў. Яшчэ ў 2021 годзе прадстаўнік МНС Беларусі паведаміў, што з 1990 года на чарнобыльскія дзяржаўныя праграмы патрацілі $19,2 млрд. Калі дадаць да гэтай сумы фінансаванне праграмы апошняй пяцігодкі, атрымаецца яшчэ каля мільярда. У суме выходзіць крыху больш за $20 млрд, але ніяк не $200 млрд.
Нават калі глядзець самі чарнобыльскія праграмы за апошнія 30 гадоў, сума наўпроставага фінансавання аказваецца яшчэ ніжэйшай. Паводле гэтых разлікаў можна налічыць толькі каля $9 млрд. Верагодна, значная частка выдаткаў з узгаданых больш чым $20 млрд прыпала на першае дзесяцігоддзе пасля аварыі, калі наступствы катастрофы былі найбольш вострымі.
Лічба ў $200 млрд звязаная з іншым паказнікам. Менавіта ў такім парадку ацэньваецца шкода, нанесеная Беларусі чарнобыльскай катастрофай за 30-гадовы перыяд пераадолення яе наступстваў. Інакш кажучы, у эфіры пераблыталі дзве прынцыпова розныя велічыні: дзяржаўныя выдаткі на ліквідацыю наступстваў і аднаўленне ды агульную сацыяльна-эканамічную шкоду.
Першы нацыянальны канал Беларускага радыё: пагроза з Польшчы
Тэму атамнай энергетыкі ў той жа дзень працягнулі і на Першым нацыянальным канале Беларускага радыё. У эфіры загадчыца кафедры менеджменту, тэхналогіяў бізнесу і ўстойлівага развіцця БДТУ Ірына Новікава заявіла, што Польшча дарэмна адмовілася ад паслуг расейскай дзяржкарпарацыі «Росатом», а будаваць яе першую атамную электрастанцыю будзе кампанія без адпаведнага досведу.
«Палякі вырашылі на паўночным захадзе Польшчы пабудаваць атамную станцыю, як бы яны ні выступалі супраць нашай станцыі. Але што атрымалася: яны, у піку Расеі, вырашылі заключыць кантракт з Westinghouse Electric. Што такое Westinghouse Electric? Гэта фірма амерыканская, але яна не мае досведу будаўніцтва, ажыццяўлення такіх буйных праектаў — будаўніцтва атамных станцый. Больш за тое, гэтая фірма два ці тры разы цярпела банкруцтва, і з 2016 года яны абвясцілі, што будуць займацца будаўніцтвам», — заявіла яна.
Westinghouse Electric — адзін з найбуйнейшых тэхналагічных гульцоў сусветнай атамнай галіны. Палова ядравых рэактараў у свеце працуе на яе тэхналогіях. Свой першы камерцыйны ядравы рэактар кампанія паставіла яшчэ ў 1957 годзе.
Паказальна і тое, што яшчэ ў 2008 годзе сама Беларусь запрашала Westinghouse паўдзельнічаць у тэндары на будаўніцтва БелАЭС. То-бок назваць кампанію выпадковым удзельнікам без галіновага досведу нельга нават у логіцы ранейшых беларускіх рашэнняў.
Westinghouse сапраўды праходзіла працэдуру банкруцтва, але толькі адзін раз — у 2017 годзе. Гэта адбылося пасля таго, як кампанія набыла будаўнічы бізнес і паспрабавала самастойна будаваць АЭС. Пасля банкруцтва яна адмовілася ад гэтай мадэлі і засяродзілася толькі на ядравых тэхналогіях. Менавіта таму ў польскім праекце Westinghouse працуе не адна, а ў звязцы з будаўнічай кампаніяй Bechtel. Яна, у сваю чаргу, мае вялікі досвед удзелу ў атамных праектах — каля 150 электрастанцый па ўсім свеце. Акрамя таго, рэактары, якія плануецца будаваць у Польшчы, ужо не з’яўляюцца тэорыяй або эксперыментам: яны працуюць у Кітаі і ЗША.
Такім чынам, у адным эфіры дзяржмедыі завысілі ў дзесяць разоў выдаткі Беларусі на пераадоленне наступстваў Чарнобыльскай катастрофы, пераблытаўшы іх з агульнай ацэнкай шкоды. У другім — прадставілі кампанію Westinghouse як выпадковага і недасведчанага падрадчыка, хоць яна даўно ўваходзіць у лік сусветных лідараў атамнай галіны.