Кантэкст: З 1 ліпеня ў Беларусі пачнуць спаганяць падатак за валоданне сабакамі нават з тых, хто не зарэгістраваў гадаванца. Факт пражывання жывёлы ў кватэры будуць выяўляць праз ветклінікі, гасцініцы для жывёлы, камунальныя службы і звароты суседзяў. Пакуль уласнікам толькі нагадваюць пра патрэбу рэгістрацыі котак і сабакаў, а з лета падатак пачнуць дадаваць у жыроўкі аўтаматычна. Толькі ў Менску афіцыйна зарэгістраваныя каля 14 тысяч сабакаў, хоць, па ацэнках камунальных службаў, іх прыкладна ў пяць разоў больш.
У сюжэце «Галоўнага эфіру» на Першым інфармацыйным канале (News.by, належыць Белтэлерадыёкампаніі) ад 22 сакавіка 2026 года абмеркавалі новы парадак спаганяння падатку на сабакаў у Беларусі. Дэпутатка Палаты прадстаўнікоў Нацыянальнага сходу Беларусі Алена Хіля падкрэсліла, што падыход да ўтрымання хатняй жывёлы ў нас нібыта мякчэй, чым у Еўропе.
«Мы параўноўваючы, прыкладам, са Швейцарыяй, ведаем, наколькі там умовы ўтрымання сабакаў больш жорсткія. Прыкладам, для хатняга гадаванца трэба выдаліць галасавыя звязкі, каб ён не брахаў», — заявіла яна.
Гэта не так. Швейцарскі закон пра абарону жывёлы наўпрост забараняе любыя аперацыі па выдаленні галасавых органаў у сабакаў. Такая працэдура лічыцца жорсткім абыходжаннем.
Далей Хіля правяла паралель ужо з падаткамі на хатнюю жывёлу ў іншых краінах:
«У Польшчы таксама плацяць падатак і ўжо даўно. Гэта складае ад 120 злотых».
У некаторых краінах Заходняй Еўропы падатак на хатнюю жывёлу сапраўды існуе. Аднак у Польшчы ён не зʼяўляецца агульнанацыянальнай нормай. Рашэнне пра яго ўвядзенне прымаюць асобна муніцыпалітэты. Дзяржава толькі ўсталёўвае максімальна дапушчальную суму, якая цяпер складае 186 злотых у год (каля €43 па курсе на 31 сакавіка 2026 года). Пры гэтым на практыцы мясцовыя ўлады часта ўсталёўваюць заўважна меншыя стаўкі. Прыкладам, у Кракаве падатак складае 36 злотых у год — гэта менш за $10.
Для параўнання, у Менску гадавы збор на сабаку складае 44,4 рубля, а ў іншых рэгіёнах Беларусі — 56 рублёў. Для сабакаў патэнцыйна небяспечных парод — 268 рублёў у год. То бок у шэрагу выпадкаў беларускія стаўкі апынаюцца вышэй, чым польскія. У шмат якіх буйных польскіх гарадах, уключаючы Варшаву, падатак на сабакаў зусім скасавалі. Больш за тое, польскія дэпутаты разглядаюць прапанову цалкам адмовіцца ад гэтага збору, бо выдаткі на яго адміністраванне не акупляюцца паступленнямі.
Падобная сітуацыя і ў Літве. Там падатак на сабакаў і котак таксама скасавалі, у тым ліку ў шмат якіх буйных гарадах, прытым зрабілі гэта некалькі гадоў таму. Прычына тая ж: плацілі не ўсе, а збор і кантроль абыходзіліся даражэй, чым прыбыткі ад падатку. Замест гэтага ўлады зрабілі стаўку на рэгістрацыю жывёлы праз мікрачыпы.
У Расеі падатку на хатнюю жывёлу няма, і ўводзіць яго пакуль не збіраюцца. Адзін з дэпутатаў патлумачыў гэта тым, што шмат якія расейцы ўспрымаюць гадаванцаў як сямейнікаў, а сямейнікі падаткам не абкладаюцца.