Антыфэйк / фактчэк 24 лютага

«Не збіраюцца працаваць і легалізавацца». Тэорыя беларускага радыё пра мігрантаў у ЕЗ не прайшла фактчэк

Госця студыі падзялілася дадзенымі, якія супярэчаць законам Еўразвязу і статыстыцы.

Большасць мігрантаў у Еўразвязе не працуюць, жывуць на дапамогу і не збіраюцца легалізавацца, заявіла ў эфіры беларускага радыё эканамічны аналітык Юлія Абуховіч. Каманда Weekly Top Fake высветліла, што яе тэзы супярэчаць заканадаўству ЕЗ і афіцыйным дадзеным.

Кантэкст: Еўрапарламент пастрожыў правілы, датычныя прадстаўлення прытулку ў ЕЗ. Большасць дэпутатаў падтрымалі стварэнне спісу бяспечных краін, грамадзяне якіх будуць атрымліваць адказы на запыт пра прытулак па спрошчанай працэдуры. Шанец атрымаць адмову для іх узрасце. Таксама з чэрвеня 2026 года новыя правілы дазволяць краінам-чальцам ЕЗ адпраўляць мігрантаў на час разгляду заявы ў трэція бяспечныя краіны. 

Вядоўца Першага нацыянальнага каналу Беларускага радыё Максім Харын у эфіры 13 лютага 2026 года засумняваўся, што Еўропа зможа рэгуляваць наплыў мігрантаў, бо «адбылося ўжо вельмі моцнае змяшэнне крыві». Госця эфіру, эканамічны аналітык Юлія Абуховіч адказала, што праблема еўрапейцаў не ў гэтым:

«Мігранты не збіраюцца ў большасці сваёй працаваць і легалізоўвацца. ... Ім падабаецца жыць на дапамогу. Нядаўна быў нейкі ролік: паглядзіце, што я атрымліваю на дапамогу, увогуле, усе добра, і ўвогуле, вы мне вінны, таму што вы маю краіну некалі прыгняталі. … То бок не хочуць яны працаваць. Проста не хочуць! Яны ўтрыманцы», — выказалася экспертка.

Абуховіч не ўдакладніла, з якога дакладна роліка яна ўзяла інфармацыю пра тое, што мігранты добра жывуць на дапамогу і не збіраюцца легалізавацца. Афіцыйныя дадзеныя гэта не пацвярджаюць. 

Мінімальную дапамогу людзі, якія прыехалі ў ЕЗ, могуць атрымліваць толькі пасля падачы дакументаў на легалізацыю. Паўнавартасны доступ да выплат яны маюць пасля атрымання дазволу на жыхарства, статусу ўцекача, часовай абароны ці іншага легальнага статусу. Таму не легалізавацца і пры гэтым жыць на дапамогу немагчыма.

Дадзеныя Еўрастату паказваюць, што ўсё больш мігрантаў у Еўропе працуюць. З 2014-га па 2024 год беспрацоўе сярод замежнікаў зменшылася амаль удвая. Узровень занятасці вырас і перавысіў 65%. Гэта ніжэй, чым у грамадзянаў ЕЗ, але казаць, што большасць не працуе, няправільна — лічбы паказваюць адваротнае.

Дашліце інфармацыю, якая выклікае ў вас сумневы — мы праверым
Іншыя публікацыі
Мы выкарыстоўваем файлы cookie, каб палепшыць ваш карыстальніцкі досвед. Падрабязней
Адхіліць Прыняць