Антыфэйк / фактчэк 06 мая

«Людзям няма за што жыць!» Палітолаг Дзермант у разы завысіў беспрацоўе ў ЕЗ

У эфіры СБТВ і «Альфа Радыё» абмеркавалі інтэрв’ю Лукашэнкі расейскаму RT.

Разважаючы пра правы чалавека ў Еўропе, палітолаг Аляксей Дзермант заявіў, што ў некаторых краінах Еўразвязу беспрацоўе дасягае 20–30%, таму людзям там «няма за што жыць». Аднак рэальныя звесткі паказваюць, што нават у краінах ЕЗ з самымі высокімі паказнікамі беспрацоўе ў два-тры разы ніжэйшае, а ў шэрагу выпадкаў яно яшчэ і зніжаецца.

Кантэкст: У першым квартале 2026 года сярэдні намінальны заробак у Беларусі даходзіў да 2800 рублёў. Паводле звестак Белстату, гэта крыху менш, чым у чацвёртым квартале 2025-га, шмат у чым праз традыцыйна высокі снежаньскі заробак. Са студзеня ў краіне таксама знізіўся ВУП. Пры гэтым, паводле слоў Аляксандра Лукашэнкі, у Беларусі «ёсць рэальныя магчымасці для таго, каб жыць лепш і нават жыць добра». Пра гэта ён сказаў 17 красавіка 2026 года ў інтэрв’ю тэлеканалу RT, які фінансуецца расейскай дзяржавай і забаронены ў ЕЗ і Вялікай Брытаніі.

23 красавіка 2026 года ў ток-шоу «Будні» на СБТВ і «Альфа Радыё» вядоўца, палітычная аглядальніца Паліна Канога, прапанавала госцю праграмы, палітолагу Аляксею Дзерманту, абмеркаваць тэзы з «рэзананснага» інтэрв’ю Аляксандра Лукашэнкі расейскаму тэлеканалу RT. У адказ Дзермант супрацьпаставіў Беларусь Еўропе:

«Пра якія свабоды, пра якое самавыяўленне [у Еўропе] можна ўвогуле весці гаворку? Гэта, значыць, проста перакос і адцягванне ўвагі ад больш важных тэм, таму што, калі ў вас там беспрацоўе 20–30%, як у некаторых краінах Еўразвязу, напрыклад, то якія, к чорту, астатнія правы чалавека? Людзям няма за што жыць! Дзе яны зарабляць будуць?»

Такое сцвярджэнне не адпавядае рэальным паказнікам беспрацоўя ў Еўразвязе. Паводле звестак Еўрастату за 2025 год, самы высокі ўзровень беспрацоўя ў ЕЗ быў у Іспаніі — 10,5%. За ёй ішлі Фінляндыя і Грэцыя — з паказнікамі 9,7% і 8,9% адпаведна. Сярэдні ўзровень беспрацоўя па Еўразвязе складаў 6%. Гэта значыць, што Аляксей Дзермант завысіў рэальныя паказнікі ў два-тры разы.

Больш за тое, у шэрагу краін з найвышэйшым беспрацоўем сітуацыя не пагаршаецца, а паступова паляпшаецца. Напрыклад, у Іспаніі і Грэцыі некалькі гадоў таму беспрацоўе было прыкметна вышэйшае, чым цяпер.

На гэтым фоне Беларусь можна прывесці як прыклад краіны з рэкордна нізкім беспрацоўем. Паводле афіцыйнай статыстыкі, яно складае ўсяго 0,1%. Аднак такая лічба шмат у чым тлумачыцца не адсутнасцю беспрацоўя як такога, а асаблівасцямі яго ўліку. Многія не бачаць сэнсу рэгістравацца ў статусе беспрацоўных, калі дапамога складае каля 40 беларускіх рублёў — крыху больш за $14 на момант публікацыі — у месяц і выплачваецца толькі тры месяцы. Калі ж лічыць паводле методыкі Міжнароднай арганізацыі працы, якую выкарыстоўвае і Белстат і якая ўжываецца ў краінах ЕЗ, узровень беспрацоўя ў Беларусі аказваецца вышэйшы — каля 2,5%. Паводле гэтага паказніка Беларусь ужо выглядае бліжэй да такіх краін, як Чэхія і Польшча, дзе беспрацоўе складае 2,8% і 3,1% адпаведна.

Такім чынам, у эфіры СБТВ і «Альфа Радыё» беспрацоўе ў краінах Еўразвязу прадставілі як масавае сацыяльнае бедства, пры якім людзям нібыта літаральна няма на што жыць. Але рэальныя звесткі гэтага не пацвярджаюць: нават самыя высокія паказнікі ў ЕЗ прыкметна ніжэйшыя за агучаныя ў студыі лічбы.

Дашліце інфармацыю, якая выклікае ў вас сумневы — мы праверым
Іншыя публікацыі
Мы выкарыстоўваем файлы cookie, каб палепшыць ваш карыстальніцкі досвед. Падрабязней
Адхіліць Прыняць