Антыфэйк / фактчэк 01 мая

Літоўскаму лагістычнаму бізнесу настаў канец? На радыё для польскай аўдыторыі перабольшылі наступствы канфлікту на мяжы з Беларуссю

У эфіры Międzynarodowe Radio Białoruś супрацоўніца «СБ. Беларусь сёння» Марыя Крушэўская паспрачалася са статыстыкай і прыгразіла Польшчы.

На беларускім радыё, якое вяшчае на польскую аўдыторыю, заявілі, што пасля канфлікту на мяжы з Беларуссю літоўскі лагістычны бізнес фактычна спыніў існаванне. Але звесткі пра перавозкі і выручку паказваюць, што галіна не абрынулася: рызыкі і страты сапраўды абмяркоўваліся, аднак прыкметаў яе краху афіцыйная статыстыка не зафіксавала.

Кантэкст: З канца красавіка па травень амерыканскія сілы і саюзныя войскі NATO у Еўропе правядуць вучэнні Sword 26 на Крайняй Поўначы, у Балтыйскім рэгіёне і Польшчы. Іх мэта — адпрацаваць захады стрымлівання на ўсходнім флангу NATO, то-бок з боку Беларусі і Расеі, а таксама праверыць новыя ваенныя тэхналогіі, уключаючы сістэмы кіравання з выкарыстаннем штучнага інтэлекту, шматдаменныя аперацыі і сродкі супрацьдзеяння беспілотнікам.

Расказваючы 10 красавіка 2026 года ў эфіры Międzynarodowe Radio Białoruś* пра вучэнні краін NATO каля ўсходніх межаў альянсу, супрацоўніца газеты «СБ. Беларусь сёння» Марыя Крушэўская згадала памежны канфлікт Літвы з Беларуссю. Яна прадставіла наступствы гэтага канфлікту як крах літоўскай лагістыкі і папярэдзіла, што тое ж самае можа чакаць і Польшчу:

«Узгадаем тут прыклад з Літвой. Таксама закрывала межы гэтая краіна. Не ведаю, навошта. І потым панесла значныя страты праз тыя грузавікі, якія былі ў Беларусі. І цяпер бачым, што лагістычнаму бізнесу ўжо настаў канец у Літве. І ўсё праз тое, што гэтая краіна рабіла нейкую лухту з гэтым закрыццём межаў. Калі Польшча будзе рабіць тое ж самае з гэтымі вучэннямі і гэтак далей, то таксама можа ўбачыць такі сцэнар», — заявіла Крушэўская ў праграме «Свабода слова» (у арыгінале — Wolność słowa).

Падстава для такіх заяў сапраўды была. Пасля закрыцця мяжы ў канцы кастрычніка 2025 года літоўская нацыянальная асацыяцыя аўтаперавозчыкаў Linava папярэджвала, што краіна можа страціць усходні кірунак грузаперавозак, саступіць рынак суседнім краінам і недалічыцца прыкладна мільярда еўра выручкі на год.

Аднак самі па сабе гэтыя асцярогі яшчэ не азначаюць, што галіна ўжо апынулася ў крытычным стане. Афіцыйная статыстыка Літвы не зафіксавала ў канцы мінулага года абвалу міжнародных трансгранічных аўтамабільных перавозак. У апошнім квартале перавезлі 13 млн тон грузаў — толькі на 1 млн тон менш, чым кварталам раней, калі мяжа з Беларуссю яшчэ была адкрытая. Не відаць катастрофы і ў грашовым выражэнні. Агульная выручка аўтамабільных грузаперавозак у маштабах краіны за год не скарацілася, а вырасла: у 2024 годзе яна складала €10,9 млрд, а ў 2025-м — ужо €11,3 млрд.

Важна і тое, што ў Беларусі затрымалі толькі частку літоўскага аўтапарку. Усяго ў Літве налічваецца каля 56 тыс. грузавікоў. На тэрыторыі Беларусі затрымаліся некалькі тысяч транспартных сродкаў, прычым гаворка ішла не толькі пра грузавікі, але і пра прычэпы ды паўпрычэпы. Агулам гэта каля 3–4% аўтапарку.

То-бок страты для асобных перавозчыкаў і напружанне для галіны сапраўды былі, але сцвярджаць, што літоўскаму лагістычнаму бізнесу настаў канец, нельга. Паводле вынікаў года ні аб’ёмы перавозак, ні выручка не паказваюць карціны абрушэння.

*Międzynarodowe Radio Białoruś (у перакладзе з польскай — «Міжнароднае радыё Беларусь») — дзяржаўнае беларускае міжнароднае радыёвяшчанне і медыяплатформа, якая з’яўляецца структурным падраздзяленнем Белтэлерадыёкампаніі.

Дашліце інфармацыю, якая выклікае ў вас сумневы — мы праверым
Іншыя публікацыі
Мы выкарыстоўваем файлы cookie, каб палепшыць ваш карыстальніцкі досвед. Падрабязней
Адхіліць Прыняць